Якія рэгіёны напаўняюць дзяржаўны бюджэт Беларусі


На падставе звестак аб паступленнях бюджэтных плацяжоў, якія кантралююцца падатковым ведамствам, «Заўтра тваёй краіны» склаў рэйтынг рэгіёнаў, што фармуюць ільвіную долю беларускага бюджэту. У даследаванні не ўлічваліся дадзеныя па Менскаму раёну, абласных цэнтрах і іх раёнах.

Лідарам па выніках мінулага году стала Мазыршчына, што абумоўлена размяшчэннем на яе тэрыторыі аднаго з найбуйнейшых і самых паспяховых прадпрыемстваў краіны – Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Другое месца займае Салігорскі раён, з падатковымі адлічэннямі яшчэ аднаго гіганта – «Беларуськалія». У Бабруйска і Бабруйскага раёну, якія займаюць трэцяе месца няма моцнага лідара ў прамысловасці, але ёсць некалькі важных для беларускай эканомікі прадпрыемстваў («Белшына», «Бабруйскі бровар», «Аазіс груп»).

Берасцейшчыну ў рэйтынгу ўзначальваюць Баранавічы і Пінск з раёнамі, а ў пяцёрку найбуйнейшых крыніцаў прыбытковай часткі бюджэту ўваходзяць таксама Лунінецкі, Кобрынскі і Столінскі раёны. Апошні апярэдзіў Бярозаўскі раён, у якім адна з самых высокіх канцэнтрацыяў у вобласці (пасля Берасця і Кобрына) прамысловых прадпрыемстваў.

Віцебшчыну ў топ-10 прадстаўляе Аршанскі раён. Таксама ў лідарах па рэгіёне Полацкі раён, горад Наваполацк, Чашнікаўскі і Талачынскі раёны.

Галоўнымі рэгіёнамі-крыніцамі падатковых рэсурсаў у мінулым годзе на Гомельшчыне сталі, акрамя Мазыршчыны, Рэчыцкі, Светлагорскі, Калінкавіцкі і Рагачоўскі раёны.

Лідскі і Астравецкі раёны ўвайшлі ў топ-10 ад Гарадзеншчыны, а ў мясцовую пяцёрку найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў уваходзяць Слонімскі, Ваўкавыскі і Дзятлаўскі раёны.

Меншчына – лідар па колькасці рэгіёнаў у першай дзясятцы. Акрамя Салігорскага, у ёй апынуліся Барысаўскі і Маладзечанскі раёны. У рэгіянальны топ-5 найбуйнейшых плацельшчыкаў падаткаў увайшлі таксама Дзяржынскі і Чэрвеньскі раёны.

У рэйтынг у Магілёўскай вобласці ўваходзяць, акрамя Бабруйску і Бабруйскага раёна, Клімавіцкі, Асіповіцкі, Касцюковіцкі і Горацкі раёны.

Жлобінскі раён па выніках 2018 года адзіны ў краіне апынуўся з мінусам у радку «Прыбыткі кансалідаванага бюджэту». Мінус склаў за 1,2 мільёнаў рублёў – мясцовы бюджэт атрымаў 115,4 мільёнаў рублёў, але паказнік па рэспубліканскім бюджэце быў адмоўным.

Hавiны
Лукашэнка датацыі забараняе, але прадпрыемствы надалей атрымліваюць бюджэтныя грошы
2019.02.05 16:51

СК, belsat.eu

Стужка навінаў