Які вынік перамоваў Румаса і Мядзведзева? Тлумачаць эксперты


Ключавыя пытанні ў беларуска-расейскіх стасунках засталіся нявырашанымі, таму будучыня інтэграцыі будзе вырашацца 8 снежня на перамовах Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Маскве. Да такіх высноваў прыйшлі апытаныя belsat.eu эксперты, аналізуючы вынікі ўчорашняй сустрэчы прэм’ер-міністраў Беларусі і РФ.

Перамовы Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзведзева адбыліся 19 лістапада ў Маскве і цягнуліся амаль 7 гадзінаў. Па выніках сустрэчы расейскі прэм’ер паведаміў журналістам, што частка дарожных мапаў па паглыбленай інтэграцыі Расеі і Беларусі ўжо ўзгодненая, але засталіся «вельмі складаныя тэмы» наконт якіх дамовіцца не атрымалася.

Кіраўнік беларускага ўраду заявіў, што ў інтэграцыйных перамовах яны «вельмі значна прасунуліся».

Румас сказаў, што далей падрыхтаваны пакет дакументаў будзе ўнесены на разгляд Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Іх сустрэча адбудзецца 8 снежня ў Маскве ў межах паседжання Найвышэйшага Дзяржаўнага Савету Саюзнай дзяржавы.

Палітычны аналітык Юрый Царык

Палітычны аналітык Юрый Царык лічыць вынікі перамоваў Румаса і Мядзведзева прадказальнымі.

«Атрымалася дасягнуць тэхнічнага прагрэсу па часткі дарожных мапаў. Але ключавыя пытанні засталіся нявырашанымі: нафта, газ і доступ да рынкаў. То бок нявырашанымі засталіся ўсе тыя пытанні, якія ў першую чаргу хвалююць Менск. Яны цяпер прадказальна перадаюцца на ўзровень кіраўнікоў дзяржаваў. Усё будзе вырашацца падчас асабістых перамоваў Пуціна і Лукашэнка», – падкрэслівае ён.

Царык звярнуў увагу на адну палітычную асаблівасць у цяперашнім стане рэчаў.

«Калі Лукашэнка будзе вымушаны не падпісаць дарожныя мапы, то сітуацыя будзе выглядаць наступным чынам: урады добра і канструктыўна працавалі, дамовіліся, а беларускі лідар нібыта ўсё гэта разбурыў. То бок гэта будзе пэўным ударам па іміджу Лукашэнкі як паспяховага перамоўніка з Масквой. Але гэта дэталі. Галоўнае – сітуацыя застаецца падвешанай і добрых сцэнароў усё менш», – кажа Царык.

Яраслаў Раманчук, прэзідэнт Цэнтру «Мізеса»

Пытанні наконт газу, нафты, падатковага манеўра застаюцца нявырашанымі

Эканаміст, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук адзначае, што сустрэча ў Маскве ніяк не сталі прарывам у беларуска-расейскіх інтэграцыйных перамовах.

«Пытанні наконт газу, нафты, падатковага манеўра, месца беларускіх прадпрыемства ў расейскай прамысловай палітыкі застаюцца нявырашанымі. Наш урад любіць казаць – маўляў, 90 % тэкстаў узгоднены і гатовыя да падпісання. Але тыя 10 %, што засталіся, тычацца 70% гандлёвага абароту Беларусі і Расеі. Без узгаднення з Лукашэнкам гэта немагчыма і таму ніякага прагрэсу тут няма. Пытанне Лукашэнкі «навошта нам такі саюз» застаецца без адказу. Гэтае пытанне могуць абмяркоўваць толькі Пуцін і Лукашэнка, пры тым, што пазіцыі іх супрацьлеглыя», – кажа ён.

«Туману (пасля перамоваў Румаса і Мядзведзева – заўв. belsat.eu) менш не стала. Або Беларусь будзе вымушаная працаваць у больш жорсткім рэжыме доступу да расейскага рынку, або пачнецца паглынанне нашых дзяржаўных інстытутаў суседняй дзяржавай», – адзначае Раманчук.

У Маскве лічаць, што Лукашэнка адмовіцца ад падпісання дамовы па інтэграцыі

Расейскі палітолаг, намеснік дэкана факультэту сусветнай эканомікі і палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў распавёў «Белсату», што ўпершыню за 20 гадоў існавання так званай Саюзнай дзяржавы ўзнікла ўзаемаразуменне двух бакоў на ўзроўні прэм’ер-міністраў.

Расейскі палітолаг, намеснік дэкана факультэту сусветнай эканомікі і палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў.
Фота: politoboz.com

«З улікам таго, што Румас і Мядзведзеў вельмі практычныя, рэалістычныя і здольныя дамовіцца. Таму нарэшце на гэтым узроўні ўзнікла ўзаемаразуменне. Але яно не выключае таго, што некаторыя пытанні ў межах сваіх паўнамоцтваў яны вырашыць не могуць. Так проста павіс блок пытанняў па энергетыцы, энергетычным рынкам. Але галоўнае, што яны змаглі ўсё гэта абмеркаваць», – сказаў Андрэй Суздальцаў.

Палітолаг выказвае меркаванне, што Расея вельмі зацікаўленая ў тым, каб выконваць дамову. Але ў Лукашэнкі зусім іншыя матывы.

«Калі дакумент будзе выкананы, то эканамічная інтэграцыя цалкам магчымая. Іншае пытанне, што на ўзроўні прэзідэнтаў сёння гэта не магчыма. Аляксандр Лукашэнка раней заявіў, што калі не атрымае авансаў, маецца на ўвазе кампенсацыя за падатковы манеўр, зніжэнне коштаў на газ, доступ кантрабанды на расейскі рынак, то ён нічога падпісваць не будзе. Мы таксама разумеем, што нават калі Лукашэнка і падпіша дамову, ён нічога не будзе выконваць», – кажа Андрэй Суздальцаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў