Які лёс чакае беларускае золата пасля перавароту ў Судане?

Сёлета беларуска-суданскім дыпламатычным стасункам споўніцца 20 гадоў. Запачаткаваныя яны былі ў 1999 годзе пры нязменных кіраўніках дзяржаваў – Аляксандру Лукашэнку і Умару аль-Башыру. Але сёлета падобна, што кіраўнік Беларусі будзе святкаваць юбілей у самоце: ягонага суданскага калегу сёння зрынулі ў выніку вайсковага перавароту.

У Судане вайскоўцы зрынулі Амара аль-Башыра. Нядаўна ён прылятаў да Лукашэнкі

Двухбаковыя стасункі адзначаліся даволі высокім узроўнем кантактаў. Умар аль-Башыр двойчы наведваў нашую краіну – у жніўні 2004 года і ў снежні 2018-га, а ў 2017-ым ужо ў Хартум завітаў Лукашэнка. Бакі абменьваліся таксама візітамі самых разнастайных міністраў, старшыняў парламентаў ды банкаў. Ад Беларусі курыраваў стасункі паміж краінамі кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман.

Але аб’ёмы гандлю пакідалі жадаць лепшага. За першае паўгоддзе 2018 года тавараабарот склаў толькі 10,66 млн долараў. З іх на беларускі экспарт прыйшлося 98 %, ці 10,64 млн долараў. Суданскі ж імпарт у параўнанні са студзенем – чэрвенем 2017 года абваліўся ў 600 разоў да 0,02 млн долараў. Экспарт беларускіх паслуг склаў амаль 700 тыс. долараў, імпарт – 108 тыс.

Беларусь пастаўляе на суданскі рынак трактары, камбайны, «МАЗы» ды іншую тэхніку. А вось імпартуе з яго пераважна садавіну і гародніну.

Геалогія на экспарт: што шукае Беларусь за мяжою?

У сувязі з рэзкім падзеннем плацежаздольнасці Судану Менск і Хартум ужо з 2017 года абмяркоўвалі магчымасць бартару. У прыватнасці, «з мэтай паляпшэння ўзаемных разлікаў у гандлі» яны дамовіліся, што беларускія кампаніі будуць здабываць золата ў Судане. Хартум абяцаў вылучыць для гэтага ўчастак літаральна ў бліжэйшы час – ці паспеў, невядома. Таксама не былі ўдакладненыя ўмовы здабычы.

Апроч таго, абмяркоўваліся магчымасці ўдзелу беларускіх прадпрыемстваў у нафтаздабычы. Цікава, што займалася геолага-выведнымі працамі «прыватная арганізацыя з беларускім капіталам, якую падтрымлівае беларускі ўрад».

Лукашэнка і аль-Башыр. Фота: president.gov.by

«Апошні буйны кантракт РБ з Суданам быў на пастаўку вялізных зернясховішчаў. У 2018 г. улады планавалі экспарт 17 зернясховішчаў на 60 млн еўра. Дык вось, злыя языкі казалі, што гэтыя зернясховішчы лёгка можна трансфармаваць у ангары для самалётаў ды іншай тэхнікі», – паведамляе Telegram-канал ekanomika.

Касметычны рамонт існуючай сістэмы

Як адзначыў у каментары belsat.eu эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін, апошнія заявы і дзеянні тых, хто стаіць за пераваротам у Судане – ваенных на чале з першым віцэ-прэзідэнтам краіны Ахмедам Аўадам ібн Ауфам, паказваюць, што ў краіне можа адбыцца проста “касметычны рамонт”.

На яго думку, існуе небяспека таго, што апроч адхілення ад улады абсалютна непапулярнай асобы аль-Башыра, “усё застанецца ў папярэднім выглядзе” і будзе толькі крыху адрамантаваны “фасадзік сістэмы, утворанай пры аль-Башыры, дзеля далейшага існавання гэтай сістэмы”.

Пераварот у Судане. Фота: Stringer/REUTERS/Forum

У сувязі з гэтым лёс будучых беларуска-суданскіх адносінаў можна будзе пабачыць па тым, як будзе вайсковы рэжым будаваць свае адносіны з Расеяй. “Калі будзе заява, што з Расеяй усё застаецца ў сіле, значыць, і з намі ўсё ў сіле. Калі будуць зробленыя нейкія заявы, якія ідуць насуперак інтарэсам Расеі, тады значыць, знешняя палітыка і арыентацыя вайсковага рэжыму ў Судане будзе кардынальна адрознівацца ад таго, што было пра аль-Башыры”, – сказаў Яўген Красулін.

У выпадку пераарыентацыі Хартуму на іншыя краіны, беларускія інвестыцыі і праекты ў Судане могуць ператварыцца ў стратны актыў, адзначыў эксперт. Але, паводле яго, ібн-Ауф – гэта чалавек, які раней узначальваў суданскую выведку, што шчыльна кантактавала з Расеяй, і таму пры ім вялікія змены могуць і не адбыцца.

МГ belsat.eu

Hавiны