Як заніжалі ўзровень радыяцыі. Успаміны чарнобыльскага ліквідатара


Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС на працах па ліквідацыі наступстваў найбольш складаная задача стаяла перад жаўнерамі хімічных войскаў. Рызыкуючы здароў’ем і жыццём, менавіта яны збіралі небяспечныя адкіды ды апрацоўвалі заражаныя тэрыторыі адмысловым сродкам, які не даваў пылу распаўсюджвацца. Ліквідатары Cяргей Іконнікаў ды Анатоль Гнеўка ўзгадваюць, як яны кіравалі небяспечнымі працамі, як на іхных вачох руйнавалі ды закопвалі цэлыя вёскі, і як палкоўнікі прымушалі іх заніжаць узровень радыяцыі, што атрымлівалі жаўнеры.

У зоне нельга было знаходзіцца больш за тры месяцы, таксама, як і атрымліваць дозу, большую за 5 рэнтгенаў на гадзіну. Гэтую лічбу трэба было кантраляваць з дапамогаю дазіметраў, што выдавалі жаўнерам. Працаваць яны былі павінныя не больш за 15 хвілінаў. Прыборы, якія атрымлівалі жаўнеры, сяржанты і малодшыя афіцэры, былі «сляпыя» – гэтыя ліквідатары не ведалі, колькі радыяцыі яны атрымліваюць. Дадзены з іх былі дасяжныя выключна кіраўніцтву. Так рабілі, каб не выклікаць паніку.

«Я ім даю адзін дазіметр на дваіх. Пішу: сяржант Іваноў, шараговец Пятроў, дазіметр №250. Дозу, якую атрымлівалі хлопцы, я адразу мусіў уносіць у бланк строгай справаздачнасці. Глядзіш на дазіметр: 1,5 – 2 рэнтгены. Стаіць нада мной палкоўнік ці падпалкоўнік: «Пішы яму 0,47!» Ён вымушаў мяне пісаць тое, што ён скажа, а не тое, што паказаў дазіметр», – узгадвае Анатоль Гнеўка, які ў той час кіраваў працамі па ліквідацыі.

Пра тое, што зрабілі дзеля таго, каб радыеактыўнае воблака не даляцела да Масквы, як хавалі нязручную праўду пра аварыю на ЧАЭС, і як цяпер імкнуцца ўтрымаць у грамадстве ілюзію мірнага атаму, глядзіце ў рэпартажы «Белсату» (відэа вышэй).

Фота: Joanna Borowska/FORUM

Стужка навінаў