Як вызваленыя ад баевікоў тэрыторыі вяртаюцца да жыцця. Рэпартаж з Данбасу


Летам 2014 году тут ішлі гарачыя баі – Краматорск і Славянск амаль на тры месяцы апынуліся пад кантролем узброеных сепаратыстаў. Цяпер лінія фронту праходзіць прыкладна за 50 кіламетрах адсюль. Карэспандэнтка Belsat.eu пабачыла, як аднаўляецца жыццё ў прыфрантавых гарадах і мястэчках.

Ёсць два віды цягнікоў з Кіева ў Краматорск: сучасны, падобны да беларускага бізнес-класу, называецца «Інтэрсіці» і ідзе ўсяго 6 гадзінаў, і класічны, з купэ і плацкартнымі вагонамі. Дарога на такім займае ўсю ноч. Аказалася, што квіткі на «Інтэрсіці» разабралі, таму нам застаецца толькі другі варыянт.

На пероне шмат вайскоўцаў – падаецца, усё навокал перафарбавалася ў светла-карычневы колер камуфляжу. У чаканні цягніку вайскоўцы паляць, смяюцца паміж сабою, хтосьці моўчкі слухае музыку на тэлефоне. Зусім хутка яны паедуць на фронт, у зону правядзення Аперацыі аб’яднаных сіл. Туды, дзе і сёння страляюць, дзе можна ў любы момант загінуць. Але для іх гэта не ўпершыню. Магчыма, хтосьці нават прызвычаіўся, калі наагул магчыма прызвычаіцца да вайны.

Праз вакзал праходзіць групка зусім юных хлопцаў. Гэта прызыўнікі. Апранутыя яшчэ па-цывільнаму, едуць у прызыўны пункт. Адзін вайсковец зачапіўся за іх поглядам.

– Валіце, пацаны!

– Чаго? Мы ж радзіму абараняць хочам!

А ў адказ зноўку:

– Валіце, пацаны. Пакуль не позна.

Вакзал у Краматорску.
Фота: «Белсат»

Новая сталіца

А шостай раніцы цягнік спыняецца ў Краматорску. Гэта не апошняя станцыя, ён яшчэ праедзе некалькі дзясяткаў кіламетраў на ўсход, да Канстанцінаўкі. Там вайскоўцы сядуць у машыны і за паўгадзіны дабяруцца да пазіцыяў.

На будынку краматорскага вакзалу, над уваходам, заўважаю дзве лічбы: 1952 – год будаўніцтва вакзалу і 2014 – дата, калі яго адрамантавалі пасля вызвалення гораду ад баевікоў.

Марозная раніца. На фоне цьмянага неба з трубы заводу падымаюцца слупы шэрага дыму. З вяртаннем украінскай улады тут зноў запрацавалі дзясяткі прадпрыемстваў цяжкай прамысловасці. Індустрыяльны Краматорск прызначылі новай сталіцай Данбасу, замест акупаванага Данецку. Разам з суседнім Славянскам і прылеглымі пасёлкамі ён фармуе Краматорскую агламерацыю, дзе сёння жывуць каля 450 тысяч чалавек.

Гэтая лічба склалася праз вялізарны прыток насельніцтва з так званай ДНР. Паводле статыстыкі, летась у Краматорску зарэгістравалі больш за 50 тысяч перасяленцаў. Дарэчы, слова «ўцякач» ва Украіне імкнуцца не выкарыстоўваць, лепей казаць «унутрана перамешчаныя асобы». Бо гаворка пра бежанства ідзе ў выпадках, калі людзі пакідаюць сваю краіну праз ваенны канфлікт, але і Данецк, і Луганск з’яўляюцца законнай украінскай тэрыторыяй, таму і перамяшчэнне – унутранае.

На першы погляд, Краматорск мала адрозніваецца ад іншых украінскіх гарадкоў: супермаркеты «АТБ» і «Сільпо», пошта, цырульні, кавярні. Усе найлепшыя месцы адчыніліся ў 2015-16 гадах, калі горад стаў абласным цэнтрам. Ёсць і піцэрыі, і вялікі гандлёвы комплекс.

Новы супермаркет у Краматорску, фота news.liga.net

Равеснікі глядзяць з помніка

Дастаткова ад’ехаць на пару кіламетраў у бок Славянску – і на ўзбочынах трапляюцца прастрэленыя дарожныя знакі, а яміны ў асфальце нагадваюць, што мы знаходзімся на месцы нядаўніх баёў. Аўтобус спыняецца ля помніку загінулым байцам 25-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады.

Тут быў украінскі блокпост, які трымаўся ў аблозе два з паловай месяцы. Боепрыпасы і ежу жаўнерам дастаўлялі на парашутах. Галоўнай задачай было не прапусціць сепаратыстаў далей. 4 ліпеня 2014 года калона бранятэхнікі Гіркіна прарывалася на Краматорск. Дэсантнікі спрабавалі спыніць яе.

Помнік загінулым дэсантнікам.
Фота: «Белсат»

З гранітнай дошкі на мяне глядзяць мае равеснікі. Сяржанту Раману Мендзелю на момант гібелі не споўнілася дваццаці пяці. Ягонаму сябру, жаўнеру Аляксандру Серабракову, было ўсяго дваццаць два. Побач з помнікам – недапаленая цыгарэта, устаўлены ў іржавую гільзу жоўта-блакітны сцяжок, кветкі і змятая кепка. Некаторы час стаім моўчкі, утаропіўшы вочы ў бліскучы граніт.

Пад’ём на гару Карачун машынаю займае хвілін сем. Вясною 2014-га на Карачуне ішлі жорсткія баі за кантроль над тэлевізійнай вежай. Яе то захоплівалі баевікі і ўключалі трансляцыю расейскіх каналаў, то вярталі сабе ўкраінцы і адключалі гэтыя каналы. У ліпені падчас мінамётнага абстрэлу снарад зачапіў тросы, што трымалі вежу, і яна павалілася. Баі спыніліся.

Від з гары Карачун.
Фота: «Белсат»

Па дарозе ў Славянск трапляецца расстраляная стэла з назвай гораду. Кулі баевікоў прашылі кожную літару. Цяжка зразумець, навошта было расстрэльваць надпіс. Цяпер на адтулінах ад куляў дамалявалі пялёсткі – атрымаліся кветкі. Дробныя чырвоныя макі тырчаць у паветра ірванымі жалезнымі краямі.

Раблю фотаздымак, а побач спыняецца аўта на мясцовых нумарах. На мяне доўга глядзіць сярэдняга веку мужчына, а потым кажа кудысьці ў прастору:

«Ну что, приехали, инопланетяне?»

Расстраляная стэла “Славянск”.
Фота: «Белсат»
Адтуліны ад куляў на стэле.
Фота: «Белсат»

Посттраўматычны сіндром

У траўні 2014-га ўзброеныя сепаратысты занялі будынак абласной псіхіятрычнай лякарні ў пасёлку Сямёнаўка. Размешчаная на ўзгорку, яна стала для баевікоў тактычнай вышынёй, адкуль прастрэльваліся бліжэйшыя населеныя пункты. Пакуль атрады Гіркіна хадзілі па калідорах дзіцячага корпусу, а рэгулярныя войскі спрабавалі іх выбіць, дзеці сядзелі ў падвале.

Руіны псіхіятрычнага шпіталя ў Сямёнаўцы.
Фота: «Белсат»

Нас папярэджваюць: уваходзіць унутр нельга – будынак у аварыйным стане. Дый назваць гэта будынкам складана: руіны з пустымі вачніцамі выбітых вокнаў. Непадалёк заўважаю дзіўнаватую карціну: на снезе валяецца брудны армейскі бот і спартовая торба з надпісам «Russia».

«Нягледзячы на складанасці з дастаўкай прадуктаў і лекаў, мы працягвалі аказваць псіхіятрычную дапамогу пацыентам. Мы рабілі гэта ўсцяж да 25 траўня, да самых магутных абстрэлаў. У выніку вырашылі эвакуяваць людзей у іншыя шпіталі. За час баявых дзеянняў, на шчасце, я не згубіў ніводнага супрацоўніка і ніводнага пацыента», – распавядае галоўны лекар з 45-гадовым стажам Юрый Смаль.

На момант пачатку вайны ў гэтай псіхіятрычнай лякарні знаходзіліся 420 хворых.

«5 ліпеня Славянск вызвалілі ад баевікоў, мы вярнуліся. Убачылі, у якім жудасным стане апынуўся наш шпіталь, і пачалі шукаць сродкі, каб яго аднавіць. Першы адрамантаваны корпус мы запусцілі ў эксплуатацыю ўжо ў 2016 годзе. Я выйшаў на міжнародныя фонды, Чырвоны Крыж, улады Нямеччыны. Дзякуючы замежнай дапамозе, аднавілі і дзіцячы корпус», – кажа доктар.

Валанцёры “Краматорскія пчолкі” плятуць маскіравальныя сеткі для ўкраінскіх вайскоўцаў. «Украінская прызма»

Паводле яго словаў, найбольш вострая праблема – лекаванне мясцовых дзетак і падлеткаў, што масава пакутуюць на псіхічны разлад. Самае распаўсюджанае – посттраўматычны сіндром. У аддзяленні, разлічаным на 35 месцаў, ляжаць 39 дзяцей, наймалодшаму пацыенту – тры гады.

«Краматорскія пчолкі» і маскіравальныя сеткі

Некалькі пенсіянераў, якія да вайны нават не цікавіліся палітыкай, цяпер аб’ядналіся, каб сваймі рукамі плесці маскіравальныя сеткі для вайскоўцаў. Штаб валанцёрскай арганізацыі «Краматорскія пчолкі» знаходзіцца ў невялічкім памяшканні з двума пакоямі. У першым – склад рэчаў для сем’яў жаўнераў, у другім – самаробнае прыстасаванне для пляцення сетак. На ўваходзе сустракаю адмысловы камуфляж для снайпера, зімовы і летні варыянты пад назвай «кікімара». Іх таксама сплялі «пчолкі».

Забіты баевікамі 16-гадовы Сцяпан Чубенка

82-гадовая Галіна кожны дзень прыходзіць сюды і пачынае плесці сеткі. Пабачыўшы журналістаў, пажылыя жанчыны гуртуюцца вакол нас, наперабой называюць «сябрамі», «братамі-беларусамі». На палічцы з кнігамі ў куце пакою ляжыць стос улётак «Георгіеўская стужка – сімвал акупанта». Ці ведаюць бабулі-валанцёркі, што ў Беларусі часцяком можна ўбачыць гэты сімвал, а на 9 траўня «георгіеўка» прывязаная ледзь не да кожнага другога аўтамабіля?

У штабе «пчолак» мне кідаецца ў вочы яшчэ адна палічка – са здымкамі загінулых у баях за Краматорск вайскоўцаў і цывільных. Сярод іх – фота маладога хлопца, амаль дзіцяці.

«А гэта наш Сцёпачка…Сцёпа Чубенка. Калі Краматорск быў пад баевікамі, яго затрымалі за тое, што прывязаў да заплечніка жоўта-блакітную стужку, збілі, расстралялі. Сцёпу было шаснаццаць! Потым знайшлі, хто яго забіў, але ён уцёк».

Жанчына ўсхліпвае і сціхае.

Васіль Іванюк, фота «Украінская прызма»

Экс-камбата ДНР Вадзіма Пагодзіна, які камандаваў забойствам падлетка, арыштавалі па лініі Інтэрпола ў мінулым чэрвені ў Ялце, аднак ужо ў жніўні ён выйшаў з СІЗА на свабоду. Ягоныя сляды губляюцца недзе ў Расеі.

Капелан з расстрэльнага спісу

Васіль Іванюк – святар грэка-каталіцкай царквы, служыць на Данбасе 27 гадоў. Пачалася вайна – ён стаў капеланам, пазней узначаліў дабрачынны фонд «Caritas» у Краматорску.

«На блокпастах, што стыхійна ўзнікалі на вуліцах, я бачыў людзей, якія яшчэ нядаўна бадзяліся па сметніках. І раптам узялі жалезныя палкі і пачалі з імі «ахоўваць спакой у горадзе». Але ўсё гэта адбывалася пад нечым чуткім кіраўніцтвам, адчувалася арганізаванасць. Я шмат паездзіў па акупаванай тэрыторыі і бачыў, як непадалёк ад блокпастоў баевікоў стаялі намёты, дзе сядзелі па трое-чацвёра мужчын з рацыямі. Без апазнавальных знакаў. Таксама ў кожным квартале быў прыпаркаваны бусік з таніраванымі вокнамі. Калі хтосьці адмаўляўся паказаць баевікам на блокпосце багажнік машыны, спачатку падыходзілі тыя, з намёту, а потым пад’язджаў бусік і адтуль выскоквалі невядомыя ў балаклавах і з аўтаматамі», – прыгадвае падзеі 2014 году айцец Васіль.

Аднойчы, пакуль Краматорск быў пад кантролем сепаратыстаў, айца Васіля затрымалі, бо ягоная машына была на львоўскіх нумарах. «На бандэраўскіх», – сказалі баевікі і паставілі святара на калені.

«Я бачыў, шмат хто з іх, відавочна, адбыў у турме немалы тэрмін. Стаяць і слухаць іхныя размовы на каленях было ніжэй за маю годнасць. Я пайшоў на канфлікт. Было вельмі шмат крыку. Раптам пад’ехалі расейцы. Я прызнаўся, так, я маю львоўскую прапіску, але даўно жыву на Данбасе, пабудаваў тут сем прыходаў, вырасціў чацвярых дзяцей. Пытаюся: а што вы зрабілі для Данбасу? Мне далі з’ехаць, але дазволіць ім суправаджаць мяне ззаду я не мог – ведаю, гэтыя здольныя выстраліць і ў спіну».

Праз некаторы час знаёмы афіцэр папярэдзіў айца Васіля: ён трапіў у расстрэльныя спісы баевікоў.

У 2015 годзе Васіль Іванюк узначаліў філіял міжнароднага фонду «Caritas» у Краматорску. У яе межах працуе цэнтр псіхалагічнай падтрымкі пацярпелых ад вайны. Людзям дапамагаюць набываць неабходныя медыкаменты, прадстаўляюць перасяленцам бясплатнае сезоннае адзенне, грашовую падтрымку на развіццё дробнай сельскай гаспадаркі. Фонд дапамагае ўсім, хто мае патрэбу – незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, палітычных поглядаў і веравызнання.

«Проста вы з Беларусі»

Спачатку ў нашую праграму была ўключаная сустрэча ў Данецкай абласной адміністрацыі, якая цяпер знаходзіцца ў Краматорску, і наведванне перадавой лініі фронту разам з украінскімі вайскоўцамі. Некалькі тыдняў таму польскія журналісты праехалі такім маршрутам. Раптоўна нам паведамілі, што і візіт у адміністрацыю, і паездка «на нуль» (так называюць перадавую) адмяняецца.

Паводле афіцыйнай версіі, гэта было зроблена дзеля нашай бяспекі і праз загружанасць прэс-службы Аперацыі аб’яднаных сіл. Але крыніца, набліжаная да кіраўніцтва вобласці, намякнула: непажадана, каб мы бачылі пазіцыі і стратэгічныя аб’екты, бо Беларусь успрымаюць у якасці сатэліта Расеі.

«Разумееце, проста вы з Беларусі. Людзі не хочуць, каб потым здымкі нашых пазіцыяў і стратэгічных аб’ектаў апынуліся ў расейскіх СМІ. Ну, або не ў СМІ…».

Belsat.eu выказвае падзяку Foreign Policy Council «Ukrainian Prism» і Міжнароднаму фонду «Адраджэнне» за арганізацыю прэс-туру ў Данецкую вобласць.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў