Як выглядалі вясельныя фота 100 гадоў таму

У старажытнай беларускай глыбінцы ў чалавека магло быць усяго некалькі фота за жыццё або не быць зусім. Фатаграфавалі толькі самыя важныя падзеі, вяселле або пахаванне. У хатніх архівах маглі захаваліся старыя чорна-белыя партрэты, якія цяпер могуць стаць часткаю даследавання традыцый супольнасці.

Сёння культурная ініцыятыва «VEHA» зноў адкрыла збор тэматычных фота для праекту «Дзявочы вечар». Летась за тры тыдні такога збору беларусы даслалі больш за 200 фотаздымкаў, якія былі паказаныя на выставе ў межах фестывалю «Месяц фатаграфіі ў Менску». Гэтым разам оўпэн-кол працягнецца да 30 сакавіка 2019-га. Сабраныя здымкі пакажуць на выставах у Берасці і Маладзечне, і яны ўвойдуць у новую фотакнігу «VEHA».

Тэматыка фота: галаўны ўбор жанчыны на вясельных фотаздымках, зробленых на тэрыторыі сучаснай Беларусі да 1970 года. Усім, хто хоча прыняць удзел, неабходна выслаць адсканаваныя фота, да 30 сакавіка 2019 года ўключна, на пошту info@veha.by

Аўтары праекту паказалі нам некалькі прыгожых фота з калекцыі ды распавялі, навошта беларускія нявесты насілі на галовах вянкі і якія павер’і былі звязаныя з вянком.

Пачатак 20-га в. Архіў Івана Мараўёва
1940-1950-я гг., г. Васілевічы, Рэчыцкі р-н, Гомельская вобл. Сям’я Міхалко. Архіў Ганны Міхалко

Разуменне сімвалічнага прызначэння абрадавага вянка будуецца на яго форме – коле. Кола – увасабленне Вялікага касмічнага шляху, куды паслядоўна ўпляталіся нябесныя сузорʼі, а галава дзяўчыны разумелася як Сонца, вакол якога і кружыў гэты карагод. Кожнае кола Сонца – шлях новага жыцця, новае пакаленне, працяг роду.

Вясна 1960 г., г Гродна. Петр Міхайлавіч Масціцкі і Божэна Антонаўна Стэфановіч. Архіў Дар’і Каспярчук
Каля 1956, Менск. Віктар Карлавіч Паўлоўскі і Марыя Сцяпанаўна Лучына. Архіў Аляксандра Лучыны

Такім характэрным для беларусаў было спалучэнне хрысціянскіх і паганскіх традыцыяў, форма кругу сімвалізавала абярэг ад нячыстых сілаў, хваробаў, бяздзетнасці. Праз вянок працягвалі хворых дзяцей, умывалі дачку, каб удала выйшла замуж, яго надзявалі на галаву нежанатым маладым людзям. У доме вянок служыў абярэгам ад нячыстай сілы і няшчасцяў: напрыклад, лічылася, што ў дом, які ахоўвае вянок, ніколі не трапіць маланка. Сімволіка кругу таксама замацавалася ў любоўнай магіі і шмат якіх спосабах гадання.

Чэрвень 1954 г., в. Дзядзічы, Вілейскі р-н, Мінская вобл. Канстанцін Іванавіч і Марыя Іванаўна (Шорац) Літвіновіч. Архіў Літвіновіч-Лук’янавых

Вясельны абрадавы вянок стваралі ў «дзявочы вечар» – вечар перад вяселлем – дзяўчаты, якія разам пелі абрадавыя песні і рабілі ўпрыгажэнні. Паводле традыцыі яго рабілі са штучных кветак, асцерагаючыся, што, калі краскі завянуць, загіне і каханне. Акрамя кветак вянок упрыгожвалі рознакаляровымі, пераважна чырвонымі, стужкамі. Вянок сімвалізаваў цнатлівасць, таму яго не маглі надзяваць дзяўчаты, якія выходзілі замуж другі раз, або тыя, хто згубіў цнатлівасць да вяселля. У народзе казалі: «згубіла (або страціла) свой вянок».

1951 г., в. Паляны, Вілейскі р-н, Мінская вобл. Рэгіна Язневіч і Баляслаў Клемантовіч. Архіў Людмілы Сільновай

Вянок з галавы нявесты здымалі перад шлюбнай ноччу. І часцей за ўсё гэта рабіла свякроў. Робячы дзеянне, яна «здымала» і волю нявесты, то бок дзяўчына пераходзіла ў новы, замужні, статус – а месца вянка займаў іншы сімвал – хустка.

Канец 40-х – пачатак 50-х г., Случчына, Мінская вобл. Архіў Сяргея Лескеця

Сімвалы, якія азначаюць урадлівасць і дабрабыт, асабліва актыўна выкарыстоўваліся пры складанні вянка ў ваенныя гады. Яго невялікія фрагменты служылі абярэгам, які маці зашывала сыну ў амулет, калі прыходзіў час ісці ў войска.

ЛП, belsat.eu

Hавiны