Як у беларускай глыбінцы хваляць Лукашэнку, кажуць пра страх і захапляюцца ўкраінцамі


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=fqO2v_edPnc”][vc_column_text]З амерыканскімі заробкамі Беларусь бы так змянілася, што амерыканцы б «ахнулі», упэўненыя жыхары беларуска-літоўскага памежжа, якія параўноўваюць таксама нашую краіну з Англіяй.

Украінскае «Громадське Телебачення» падчас сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі завітала на беларуска-літоўскую мяжу ды распытала пра спадзевы нашых землякоў.

«Раней святло на ліхтарах гарэла тыдзень да выбараў і тыдзень пасля выбараў, а цяпер нічога не гарыць», – наракаў адзін з жыхароў станцыі Ашмяны, дзе журналісты з Украіны здымалі відэасюжэт. Хоць, паводле мужчыны, працы ў селішчы няма, ён усё роўна падтрымлівае шматгадовага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку, бо баіцца, каб у ягоным краі не было «гэткай вайны як ва Украіне».

«Што спакойна, дык спакойна, і за гэта Бацьку дзякуй. Хай нас Бог сцеражэ. Навошта нам вайна, мала нам вайны было?» – казаў спадар.

У такім жа духу выказвалася адна з ашмянскіх гаспадынь: «Баімся выбіраць другога, каб не пайшла вайна. Нам розніцы няма, мы любога можам выбраць, але баімся, каб горай не было». Калі ж журналісты запыталі ў спадарыні, адкуль можа прыйсці вайна, тая толькі паціснула плячыма.

«Лепей за Лукашэнку цяпер кандыдатуры няма. У мінулай пяцігодцы, калі былі выбары, таксама надта добрых кандыдатаў на прэзідэнцтва я не бачыла», – прызналася яшчэ адна маладзіца.

Адзін з запытаных мужчынаў падкрэсліў: «Беларусь – як Англія, такая самая кансерватыўная. У нас лепей гэтак, чымся яшчэ горш».

«Калі нам, у Заходнюю Беларусь, даць хоць палову амерыканскага заробку, то амерыканцы праз пяць гадоў прыедуць і рот раскрыюць, як тут усё будзе прыгожа. Усё ўпіраецца ў фінансы», – даводзіў мужчына.

«Я магу вам сказаць адно, – казаў маладзён на чыгуначным вакзале. – Саня – найлепшы прэзідэнт у свеце ды іншага нам не трэба. Мы жывем у самай чароўнай краіне».

Хлопец не прызнаўся, за каго галасаваў, але пажартаваў: «Нашую краіну назвалі ў гонар трактара, вось так мы і жывем».

Ён жа дадаў, разгаварыўшыся, што не бачыць найбліжэйшым часам ніякай добрай будучыні для Беларусі. «Мы жывем за «жалезнай заслонай». Калі б у 2006 годзе нешта змянілася, то, можа, я б паверыў у нейкія перамены», – казаў маладзён, імаверна маючы на ўвазе прэзідэнцкія выбары ў 2006 годзе і першую Плошчу.

«Я захапляюся вашымі людзьмі, братамі-славянамі, – адзначыў ашмянчук украінскай журналістцы. – Вось яны, мне падаецца, нічога не баяцца. Там ад малога да вялікага кажуць тое, што думаюць, у кожнага свая праўда, свая нейкая палітыка. А ў нас усе баяцца слова сказаць, усе заціснутыя, усе трымаюцца за сваё працоўнае месца, за нейкі мінімум свой, за саломінку. Мы нічога зрабіць не можам, як бярвенні плывем па цячэнні», – сказаў хлопец.

Украінцы ў невялікім рэпартажы змаглі даволі ўдала ды жвава перадаць каларыт беларускага вясковага жыцця ў цікавых дэталях – у відэа ёсць тыповыя танцы нападпітку падчас выбарчага канцэрту, праца на зямлі, лаянка, авечкі ды каровы на повязі, дзіцячы смех, заляцанні хлопца да дзяўчыны і гэтак далей.

Хоць людзі, пэўна, намагаліся размаўляць па-расейску, каб усё было зразумела замежнікам, раз-пораз з іх вуснаў прарывалася нязмушаная беларуская мова.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў