Як «Стары Ольса» скарыў Амерыку. І збіраецца зрабіць гэта яшчэ раз!


Легендарны гурт «Стары Ольса» на музычнай сцэне Беларусі існуе ўжо 17 гадоў, аднак самым складаным аказаўся апошні двухмесячны тур па паўночных Штатах, дзе беларусы адыгралі 58 канцэртаў. Дзеля гэтага некаторым музыкам давялося нават звольніцца са сталых працаў. Пра жыццё, апошняе турнэ і новы альбом гутарым з музыкамі «Старога Ольсы».

Два месяца выступаў у Паўночных Штатах. Як уражанні? Як Вас успрымала публіка?

Марыя Шарый: Успрымалі вельмі крута і публіка да нас з такой любоўю ставілася, падтрымлівала нас. Гэта было складана і маральна, і фізічна, але вельмі крута. У Нью-Ёрку напрыклад, калі ў нас быў перанос канцэрта ў іншую залу, адбылася такая дыскамунікацыя паміж арганізатарамі і новымі арганізатарамі, людзей не папярэдзілі і плюс яшчэ атрымалася блытаніна з часам. І калі мы толькі прыйшлі на настройку, людзі ўжо прыйшлі на канцэрт. Не гледзячы на гэта, сабралася шмат людзей і 90 адсоткаў гэта былі беларусы. І яны там усе плакалі, і так там падтрымлівалі, так танчылі… Ойра, кракавяк! У Нью-Ёрку ўсё гэта было з майстар-класам і людзі не пакрыўдзіліся, дачакаліся нашага канцэрту і бавіліся там разам.

А праўда што з 58-мі канцэртаў, вы адыгралі толькі адзін з апошняга альбома кавераў, а ўсё астатняе – канцэрты старадаўняй музыкі?

Марыя Шарый: Так. Мы ехалі прадстаўляць сваю культуру. Калі шчыра, каверы – гэта была такая зачэпка,каб туды паехаць. Першы крок – гэта была прэзентацыя альбома. А на астатніх мы так устаўлялі 1-2 каверы каб павесяліць, такія жартачкі. І сапраўды нашая старадаўняя музыка людзей цікавіла вельмі. Людзі вельмі актыўна набывалі кружэлкі. І казалі: «Гэта крута! Вы якраз з таго часу, з таго месца, той культуры, якую мы аднаўляем». Гэта было падчас фестываляў. І на некаторых фэстах людзі нам казалі, што Вы першы гурт, каторы грае рэнесансную музыку на сапраўдных інструментах.

А што Вы думаеце зараз, параўноўваючы фестывалі ў Штатах з нашымі?

Зміцер Сасноўскі: Мы ўдзельнічалі ў 4-х фестывалях. Дарэчы, пабыўшы ў Амерыцы, мы ацанілі, што ў нас гукааператары вельмі добрыя. Зразумелі тое, што рэнесанснай музыкі, якая развіваецца ў нас, у Амерыцы вельмі мала. Мала аўтэнтычных інструментаў. Мы ўбачылі, што на фоне амерыканскіх музыкаў таксама не кепска выглядаем. Паездка ў Амерыку была добрай у тым сэнсе, што мы пераадолелі гэты наш правінцыйны комплекс. Нібыта ў Амерыку ты прыязджаеш, а там усё – «ух!»… Так, у Амерыцы шмат чаго класнага, але мы таксама, аказваецца, на вельмі высокім узроўні знаходзімся.

«Medieval Classic Rock» – Ваш апошні альбом у 2016 годзе. Цікавае рашэнне спалучыць сучасныя хіты з сярэднявечнымі гучаннямі. Адкуль такая ідэя ўзнікла?

Марыя Шарый: Гэта быў эксперымент. Амаль два гады назад мы выступалі на ОНТ і нас папрасілі нешта такое сыграць. Пры тым, што цалкам нам даверыліся, не праслухоўвалі перад гэтым. Пасля было вельмі шмат праглядаў. Людзі пачалі да нас пісаць лісты з пытаннямі, дзе можна набыць альбом, дзе можна знайсці нашыя каверы. Тут акурат зʼявілася прапанова ў Амерыку паехаць. І мы вырашылі альбом выдаць. Грошай як заўсёды ў нас няма. Спонсараў таксама. Гэта агульная праблема, напэўна, ўсіх творцаў. І мы вырашылі скарыстацца краўдфандынгам. Запусцілі праект на амерыканскай платформе і цалкам паспяхова.

У навінах пісалі, што замест сямі патрэбных тысяч удалося сабраць 30, ці было гэта для Вас нечаканасцю?

Зміцер Сасноўскі: Насамрэч, гэта не значыць, што хацелі сем, а атрымалі трыццаць. Планавалася сем і сем сабралася. Проста мы падумалі, што можам і іншых мэтаў дасягнуць. Можам людзям прапанаваць падтрымаць наш прыезд у Амерыку. Дапамагчы з квіткамі. Мы атрымалі грошы на канкрэтныя мэты: на запіс альбома, на яго выданне, на пералёт у Амерыку, на арэнду буса і так далей.

А што наконт новага альбома? Што ў планах?

Зміцер Сасноўскі: Вось цяпер канцэрт у Горадні адыгралі, зробім маленькі перапынак і зоймемся новым альбомам. Наступны альбом… Калі шчыра, у нас з’явіўся адзін чалавек, які жадае падтрымаць нашу ідэю. Альбом прысвечаны старадаўнім застольным песням, а гэты чалавек гандлюе буйнымі партыямі алкаголю. Тэмы супалі абсалютна.

Вамі можна ганарыцца. 17 гадоў разам. Што было самым складаным і што Вы лічыце сваім галоўным дасягненнем?

Зміцер Сасноўскі: Самому страшна падумаць… Галоўная цяжкасць за гэтыя 17 гадоў была… Гэта такім вельмі розным людзям, не падобным адзін на другога, надзеленымі талентамі разнастайнымі, людзям творчым, утрымацца разам. Цяпер гэта ўжо не з’яўляецца праблемай, але першых напэўна гадоў 5 гэта было вельмі цяжка, таму то мы вельмі цяжка прыжываліся. Вельмі цяжка прыціраліся. Менавіта прыціраліся, бо музычнае жыццё – гэта не канцэрты. Канцэрты складаюць толькі працэнтаў дзесяць. Але дзеля гэтага канцэрта ты едзеш суткі-двое ці куды-небудзь ляціш. Там ты павінен настройвацца, там ты павінен жыць, а калі ў аўтобусе едзеш, то жывеш адной сям’ёй. І вось гэтае прыціранне такіх разнастайных людзей гэта было самае цяжкае. У творчасці лягчэй.

Творчасць – гэта ўсё ж такі яма, у якую скідаюцца ўсе таленты, перамешваюцца і атрымліваецца … Хтосьці займаецца ў нас пошукам старадаўняй музыкі. Гэта я і Ілля Кубліцкі. Хтосьці займаецца аранжыроўкамі. Мы збіраемся разам, потым гэта абмяркоўваем. У творчым плане лягчэй.

У чалавечым плане, каб розныя людзі столькі год утрымаліся разам, займаліся працай, а часам вельмі напружанай працай. У Амерыцы часам было пяць канцэртаў у дзень. Гэта было настолькі цяжка, што ў канцы дня мы проста ўжо размаўляць не маглі. І галасы зрывалі, таму гэта галоўнае дасягненне. Галоўнае дасягненне, што мы захавалі гурт «Стары Ольса», хоць некалькі разоў сурʼёзна стаяла пытанне яго існавання. Бо нервовая і фізічная напружанасць ад актыўнай канцэртнай дзейнасці прыводзіць да жадання проста адпачыць.

А чым удзельнікі гурта займаюцца акрамя музыкі? Ці толькі музыкай?

У нашым гурце прафесійныя музыкі тыя, якія займаліся і займаюцца музыкай прафесійна паза гуртом гэта трое. У нас роўна палова на палову. Другая палова – гэта людзі разнастайных іншых прафесіяў. Сяргей Тапчэўскі ён вельмі ўдалы і таленавіты кухар. Алесь Чумакоў – чалавек з абсалютным слыхам і вельмі добрым голасам, ён праграміст. Я па адукацыі гісторык, таксама працую. У мяне свая агенцыя святочная. Арганізоўваем святы ў гістарычных стылях розных эпох. Музыка ўжо з гэтага 2017-га года паставіла пытанне, што акрамя мы ўжо не паспяваем нічым іншым займацца. І палова людзей пасыходзіла з працы. Хто можа трымаць чалавека, які прыехаў, месяц папрацаваў, а потым на месяц з’ехаў? Таму чакалася, што музыка ў рэшце рэштаў захопіць нас і ў нас будзе так шмат працы, што мы не будзем паспяваць працаваць яшчэ дзесьці.

Музыка вас пракорміць?

Зміцер Сасноўскі: Як толькі музыка сцвердзіць, што ягоная сям’я можа дастаткова камфортна існаваць, гэты ўдзельнік гурта «Стары Ольса» тут жа кідае іншую працу. І ўжо трое кінулі. Пытанне складанае. Псіхічна мы не гатовыя і мы не вучыліся ніколі рабіць такія кардынальныя змены ў сваім лёсе. Мы баімся гэтыя змены рабіць. Асабліва мінулае пакаленне, нашыя мамы і таты, не кажу ўжо пра бабуль. Яны прывыклі да пэўнага месца трымацца і для іх тое, што мы робім гэта проста вар’яцтва. Мы кідаем сталыя працы, на каторых прапрацавалі шмат год і займаемся, як яны кажуць, невядома чым. «Бадзяецеся дзесьці, граеце штосьці. І гэта не сурёзна!». Пераадолець гэты стэрэатып, паставіцца да музыкі сурёзна, палічыць яе асноўным і кінуць дадатковую працу – гэта, аказваецца, псіхічна цяжкі працэс і ўчынак, але мы ідзем да гэтага.



А Ваш гурт ў чорныя спісы не ўваходзіў?

Зміцер Сасноўскі: Не. Я магу патлумачыць чаму. Наш першы прадзюсар Алена Паўлаўна Макоўская калісьці сказала: «Ваша задача, ваша мэта і місія, з таго, што Вы можаце зрабіць сваймі талентамі – вяртаць гістарычную памяць. Вам не трэба нікуды хадзіць, са сцэны нічога казаць. Аднаўляйце сваю музыку і выконвайце, і Вы для сваёй краіны зробіце максімум. Таму, калі ласка, рабіце гэта, чым дзесьці адзін раз выпендрыцца і потым ні на тэлебачанне не патрапіць, ні на радыё, ні канцэрта арганізаваць». Мы яе паслухаліся і гэта дало вынікі.

Апошнія гадоў 10 мы граем, выступаем, ні з кім не сварымся і не ўлазім, дзякуй Богу хапіла розуму, у палітыку. Мы займаемся сваёй справай – адраджэннем гістарычнай памяці.

Калі глядзець на маладое пакаленне сучаснай музычнай сцэны Беларусі, ці бачыце Вы пераемнікаў?

Зміцер Сасноўскі: У нашым стылі шмат гуртоў, я назваў бы з восем вельмі ўдалых гуртоў у Беларусі. І гэта цешыць, бо калі ў гэтым стылі мы пачыналі, – нікога не было, тады ў 1999-м годзе. А зараз з’явіліся паслядоўнікі. На сённяшні момант, ведаючы ўзровень музыкі, якую выконваюць гэтыя гурты, я б хацеў сцвердзіць адназначна: Беларусь на першым месцы ва Усходняй Еўропе паводле шмат якіх аспектаў рэстаўрацыі старадаўняй музыкі.

А якія Вашыя бліжэйшыя планы выступаў?

Зміцер Сасноўскі: Зараз 5 тыдняў у Осціне. У канцы лютага выязджаем і вернемся ў красавіку, а потым яшчэ раз у жніўні і вернемся ў кастрычніку.

Не цяжка?

Зміцер Сасноўскі: Цяжка. Першы раз гэта было цяжка і здавалася такой авантурай. Куды мы ляцім? Мы не ведаем і хто там, і што там. Падпісаўшы кантракт, ужывую мы нават не бачылі з кім падпісвалі. Гэта была авантура. Не ведалі, што атрымаецца. Два чалавекі згубілі працу. Іх працадаўцы не згодны былі чакаць 8 тыдняў адсутнасці супрацоўніка. Але мы рызыкнулі. Рызыкнулі і засталіся задаволеныя. Другая наша паездка, вось цяпер увесну, у нейкай ступені таксама з’яўляецца авантурай. Бо мы шмат ўжо ведаем, да шмат чаго прыстасаваліся. Але мы не можам прадбачыць ні продажы дыскаў, не можам прадбачыць, ці апраўдаем мы выдаткі. Пералёт, пражыванне, арэнда аўтобуса. Таму яшчэ ў фінансавым сэнсе гэта чарговая авантура. Але мне здаецца, варта праяўляць такі вар’яцкі авантурызм.

Гутарыла Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў