Як пандэмія змяніла працу «Белсату»


Распавядаем, як мы рэарганізавалі працу, каб штодня даносіць да вас новую інфармацыю пра стан здароўя ў Беларусі і рэгіёне.

Можна дыстанцыйна – рабі дыстанцыйна!

Як працуе тэлебачанне падчас пандэміі? Варта было б адказаць: так, як заўсёды, ці хаця б так, каб гледачы не заўважылі розніцы. Шмат што нам трэба было навучыцца рабіць дыстанцыйна, а тое, што патрабавала кантактаў з іншымі людзьмі, звесці да мінімуму.

Wiadomości
Belsat News ma 200 tysięcy fanów na YouTube
2020.05.02 07:26

Досвед – наш козыр

«Як толькі абвясцілі пандэмію, мы цэлым рэдакцыйным калектывам перайшлі на дыстанцыйную працу, – распавядае Бэата Красіцка, намесніца дырэктара па планаванні і тэлепраграмах. – Улічваючы, што рэдактары знаходзяцца ў Польшчы, а журналісты і прадзюсары – у Беларусі ды іншых краінах, аказалася, што арганізоўваць анлайн-сустрэчы ў любы час, без неабходнасці прыязджаць, вельмі зручна. Таму цяпер мы сустракаемся часцей. Я нават думаю, што такі спосаб камунікацыі ў нейкай ступені застанецца з намі і пасля эпідэміі».

Досвед, які назапасілі працаўнікі «Белсату» за дванаццаць гадоў існавання станцыі, цяжка пераацаніць. Раскіданыя па ўсёй Беларусі, яны прызвычаіліся дыстанцыйна кантактаваць з рэдакцыяй, якая кантралюе іх працу, і хутка высылаць свае матэрыялы для выпуску ў эфір. Дагэтуль, выконваючы свае прафесійныя абавязкі, яны сутыкаліся з рознымі цяжкасцямі – пераважна, рознымі формамі рэпрэсіяў, – але ім ніколі не даводзілася працаваць у сітуацыі, якая ставіць пад пагрозу іхнае здароўе.

Бяспечная зона інфармацыі

«Калі абвесцілі стан эпідэміі, перад намі былі два галоўныя выклікі: зберагчы эфір рэдакцыі інфармацыі, каб наш глядач не застаўся без аператыўных навінаў, ды захаваць бяспеку і здароўе нашых працаўнікоў. Дзеля гэтага нам давялося аб’яднацца ў тры групы журналістаў, якія практычна не перасякаюцца паміж сабою, – распавядае кіраўнік рэдакцыі інфармацыі Зміцер Ягораў. – Журналісты і аператары, што працуюць непасрэдна на здымках, таксама маюць моцна абмежаванае кола кантактаў з калегамі. У рэдакцыі зʼявіліся сродкі дэзынфекцыі, але зніклі пацісканні рук і шматлюдныя сустрэчы. Некаторыя калегі ўзяліся за выкананне працы з дому ды зʼяўляюцца ў рэдакцыі вельмі рэдка – толькі калі ёсць безумоўная неабходнасць».

У эфіры каналу з’явілася новая інфармацыйная праграма «Белсат Zoom», аўтары якой, знаходзячыся ўдома, запісваюць відэаразмовы з гасцямі.

«Некаторых журналістаў, мантажыстаў і рэдактараў я сам не бачыў «у жывую» некалькі тыдняў, – працягвае Зміцер Ягораў. – Вельмі спадзяюся на вялікую і сяброўскую сустрэчу калегаў – «калі ўсё скончыцца», калі такія сустрэчы можна будзе ладзіць бяспечна».

Пакуль жа будынкі, у якіх месціцца варшаўская рэдакцыя «Белсату», падзеленыя на каляровыя зоны. Персанал можа наведваць толькі тыя памяшканні, дзе мусіць знаходзіцца ў сувязі з выкананнем сваіх абавязкаў. На ўваходных дзвярах медсёстры, апранутыя ў асептычныя камбінезоны, мераюць кожнаму тэмпературу.

Паміж працай ды ізаляцыяй

Не ўсё, аднак, можна зрабіць без непасрэднага кантакту з людзьмі. Наша менская рэпарцёрка Ірына Арахоўская асвятляла эпідэмічную сітуацыю ў Беларусі, пакуль здароўе яе самой не аказалася ў небяспецы:

«Нядаўна я з калегай патрапіла на пахаванне медсястры, якая памерла ад COVID-19. І ў гэты ж дзень выпадкова пакамунікавалі з сям’ёй, якая мае станоўчы вынік тэсту. Пасля гэтага рэдакцыя прыняла рашэнне адправіць нас на каранцін».

Паколькі Ірына жыве не адна, то вырашыла адасобіцца на лецішчы:

«Садзіла агарод і час прайшоў хутка, сумна мне не было. Апошнія месяцы працую з трагічнымі навінамі і канешне гэта адклікаецца на псіхалагічным стане. Я стараюся пераключацца на кнігі, менш чытаю Facebook і навінныя сайты».

У эфіры ды інтэрнэце

Аўтары і прадзюсары публіцыстычных цыклаў знаходзяцца ў больш камфортнай сітуацыі за тых, хто працуе на патрэбы штодзённых інфармацыйных праграм. Але і тут спатрэбіліся дадатковыя захады бяспекі:

«Падчас падрыхтоўкі публіцыстычных праграм у Беларусі мы ўвялі патрабаванні, падобныя да тых, што дзейнічаюць у Польшчы. А рэалізацыю выданняў, занадта рызыкоўных і для журналістаў, і для гасцей, перанеслі», – дадае Бэата Красіцка.

Затое падчас пандэміі «Белсат» запусціў два вялікія інтэрнэт-праекты: прызначаны для расейскамоўнай аўдыторыі інфармацыйны партал vot-tak.tv і прыкладанне «Belsat Smart» для ўладальнікаў тэлевізараў з доступам да інтэрнэту.

Wideo
BELSAT SMART – już dostępny!
2020.05.11 04:03

Нарэшце – у смарт-TV!

Па словах Вольгі Швед, якая адказвае на «Белсаце» за новыя тэхналагічныя рашэнні, гэта быў найлепшы момант:

«Калі людзі часцей застаюцца ўдома, яны праводзяць значна больш часу перад тэлевізарамі, – тлумачыць яна. – Але запускаць такі маштабны лічбавы праект складана, калі вы не можаце сустрэцца з камандай і »паказаць пальцам«, пра што вядзецца. Хоць вядома, шмат у чым дапамагае тэхналогія для дыстанцыйных сустрэчаў».

Нечакана самай вялікай праблемай апынулася зусім не гэта, а больш павольная з прычынаў эпідэміі праца службы Google. Праз гэта прыкладанне «Belsat Smart» не з’явілася ў віртуальнай краме Google Play раней.

Мы заклікаем вас застацца з намі ў гэты цяжкі для ўсіх час і сачыць за вынікамі працы журналістаў «Белсату». Цяпер і ў смарт-TV, а таксама на новым партале vot-tak.tv, які вы можаце параіць сваім расейскамоўным сябрам не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах былога СССР.

Wiadomości
VOT TAK! Biełsat uruchamia portal informacyjny po rosyjsku
2020.05.01 20:00

МД / ІАЧ, belsat.eu

Стужка навінаў