Як паэтка-дысыдэнтка супрацьстаяла СССР. Што мы ведаем пра Геніюш?


Ларыса Геніюш са сваім сынам Юрам.

У Горадні сёлета з нагоды дня нараджэння Ларысы Антонаўны праходзіць першая навуковая канферэнцыя, прысвечаная літаратарцы. Праводзяць яе ў бібліятэцы імя Ларысы Геніюш, адкрытай пры Каложскай царкве. Арганізатар, айцец Аляксандр Балонікаў – вялікі шанавальнік творчасці паэткі.

Міхась Скобла
Айцец Аляксандр Балонікаў
Данута Бічэль-Загнетава
Вольга Іпатава


Сярод гасцей апынуліся і паэтка Данута Бічэль, і Вольга Іпатава, якая адмыслова прыехала з Канады, і, канешне ж, найбольшы знаўца творчасці і жыцця Ларысы Антонаўны, Міхась Скобла.

Для чытачоў «Белсату» спадар Скобла падзяліўся некаторымі цікавымі момантамі з жыцця паэткі.

Грамадзянка БНР

Геніюш была грамадзянкай Польшчы, пасля выехала ў Чэхаславакію да мужа. Там, дарэчы, яна не мела грамадзянства доўгі час, ажно да 1947 году. Калі на загад Масквы яе выдалі ў СССР, чэхаславацкае грамадзянства было ануляванае. Гэта і было яе «апошняе грамадзянства».

І ў савецкім лагеры, і пасля яго, ажно да смерці, яна не мела савецкага грамадзянства: у пашпарце стаяў адпаведны штамп. У сувязі з гэтым яна ніколі не галасавала ў СССР на выбарах. Але сам пашпарт, што цікава, Ларыса Антонаўна мела і нават двойчы выязджала па ім за мяжу!

Тое, што яна была грамадзянкай БНР – хутчэй з’ява сімвалічная. Падчас вайны Геніюш стала генеральным сакратаром БНР, таму для яе гэта было важна. Ці мела яна пашпарт БНР? Не ведаю, прынамсі, ніколі не бачыў.

Вершы ў лагернай газеце

Усе лагерныя падзеі ад 1949 да 1956 добра апісаныя ў «Споведзі» Ларысы Геніюш. Там яна кіркавала траншэі ў вечнай мерзлаце, чысціла прыбіральні… Што такое савецкі ЗК – гэта ж паднявольны. Нядоўгі час яна працавала ў лагерным шпіталі. Яна апісвае таксама як аднойчы ўначы брыгада зэкаў была пасланая выцягваць бярвенні з ледзяной рэчкі. Сярод іх была і Ларыса Антонаўна.

Некалькі сваіх вершаў яна надрукавала нават у лагернай газеце. Гэта расейскамоўныя вершы, але пра Беларусь, пра Нёман. Зрэшты, за гэта Геніюш ніякіх прывілеяў не мела – несла «лагерны крыж» разам з усімі.

Партрэт Скарыны ў лекарскім кабінеце

Муж Ларысы – Іван Пятровіч Геніюш быў выдатным лекарам. Пасля вызвалення ён працаваў у зэльвенскай паліклініцы. Быў там, мабыць, адзіным лекарам, які выпісваў бланкі па-беларуску. Для яго адмыслова іх друкавалі ў Слонімскай друкарні – ён дамогся гэтага. Дарэчы, на сцяне ў ягоным кабінеце вісеў партрэт Францішка Скарыны.

Ён быў сапраўды выдатным лекарам: скончыў медычны факультэт Карлавага ўніверсітэту. Яго старанні і веды ў плане медыцыны, магчыма, і падоўжылі век Ларысе Антонаўне, хоць ён сам і сышоў з жыцця першым.

Уцёкі з санаторыю ды каўбаса ў зубах

Янка Генюш наагул адыграў вызначальную ролю ў жыцці сваёй жонкі. Так, адразу пасля вяселля яшчэ да вайны ён падарыў ёй кніжку Купалы «Шляхам жыцця». Гэта моцна паўплывала на яе ў плане беларускай свядомасці.

Ларыса Геніюш часам згадвала, якія «панскія замашкі» яе муж меў за сталом: то каўбаса яму ў зубах захрасла, то калдуны надакучылі. То яна ўжо старалася гатаваць як смачней.

Гэта было вялікае каханне. Варта пачытаць лісты, якія яна пісала яму, калі ён ужо ў СССР выязджаў у санаторыі. Ларыса Антонаўна пісала: «Старулька мілая, як табе там жывецца?.». Ён не дабываў канца тэрміну нават і збягаў дахаты, бо сумаваў па жонцы.

Мулявін падпісваў фота з «пацешнымі памылкамі»

Цікава, што Геніюш не жыла толькі ўспамінамі, але цікавілася тагачасным беларускім жыццём. Напрыклад, была на канцэрце «Песняроў» у Горадні, дзе пазнаёмілася з Мулявіным. У яе архіве зберагаецца фота ўсіх чальцоў гурта, якое ёй падпісаў Мулявін: па-беларуску ды з пацешнымі памылкамі. Але бачна, што гэта не дзяжурны аўтограф, а рэч асабістая.

Кружэлку «Песняроў» яна тады прывезла ў Зэльву і напісала мужу ў санаторый пра свой культурны шок. Маўляў, як добра яны спяваюць, якія яны сапраўдныя беларускія мужчыны!

Яе ўлюбёная мулявінская песня была «А ў полі вярба». Муж, дарэчы, тады ў чарговы раз збег з санаторыю, каб слухаць разам «Песняроў».

Радыкальная Ларыса Геніюш і муж-«сацыяліст»

Ларыса і Янка Геніюшы, дарэчы, не зусім сыходзіліся па палітычных поглядах. Муж меў сацыялістычную жылку… Нават тое, што яны трапілі ў ГУЛАГ, часткова сталася праз гэта. Справа ў тым, што калі скончылася вайна Ларыса Антонаўна хацела ехаць з Чэхіі далей, на захад, бо прадчувала нядобрае.

Янка ж супакойваў, маўляў, Чэхаславаччына – дэмакратычная краіна, ніхто нас у СССР не выдасць. Як мы ведаем, сталася па-іншаму… Яна наагул была больш радыкальных поглядаў, чым муж.

Палкоўнік-кнігалюб

Быў такі палкоўнік КДБ Аляксей Данілік, ён перажыў Геніюш, доўга жыў у Менску, але ўжо памёр. Ён пэўны час узначальваў ваўкавыскі КДБ, адкуль прыязджалі хлопцы ў Зэльву, каб праглядаць карэспандэнцыю Геніюш. Часам яна атрымлівала па 5-6 лістоў на дзень з усяго свету, таму працы ў іх было багата!

Пасля смерці Даніліка, ягоны ўнук распрадаваў бібліятэку і я туды трапіў. Першае, што я там пабачыў, гэта ўсе кнігі Ларысы Геніюш! Усе кніжкі з пазнакамі, крыжыкамі, плюсікамі… На той час, мабыць, ён быў ці не найбольшым знаўцам творчасці Ларысы Геніюш.

Ён спрабаваў вербаваць людзей з атачэння паэткі, у тым ліку майго колішняга школьнага настаўніка Пятра Марціноўскага. Той распавядаў, маўляў, прыязджае Данілік, вязе ў лес, нейкае месца маляўнічае, размаўляе па душах, частуе, а ў канцы прапаноўваў распавядаць пра ўсё, што той чуе ў хаце Ларысы Антонаўны. Настаўнік паслаў яго тады падалей.

«Жучкі» ў хаце Геніюшаў стаяць і па сёння?

У хаце ў Геніюшаў у Зэльве стаялі «жучкі». Іх ставіў чалавек, які туды трапіў пад выглядам… пажарнага. Цікава, што пасля ён раскайваўся, хадзіў у зэльвенскую царкву, замольваў грахі. Дарэчы, «жучкі» гэтыя можа і па сённяшні дзень там стаяць.

Вываз архіву нагадваў «спецаперацыю»

Пасля смерці паэткі на ўсё майно хацелі «накласці лапу» мясцовыя ўлады з падачы палкоўніка Даніліка, але ў той час у Зэльве знаходзіўся сын – Юрка Геніюш. Ён патэлефанаваў Адаму Мальдзісу, той – Алесю Адамовічу, той – другому сакратару КПБ Кузьміну, які і даў аўтобус, людзей і паўнамоцтвы на вываз архіва. Калі яны прыехалі, уся падлога была засыпаная дакументамі ды старымі фота: «геніюшазнаўцы ў цывільным» ужо тут працавалі.

Усё было спакавана ў восем мяхоў, апячатана і загружана ў «рафік». Цікава, што ў лесе на выездзе іх спынілі міліцыянты, адбыўся канфлікт. Але Мальдзіс пачаў паказваць дакументы, у тым ліку паперу ад Кузьміна, а гэта была сурёзная вага. У выніку іх адпусцілі.

Самы багаты пісьменніцкі архіў

Архіў Ларысы Геніюш, на шчасце, захаваўся і зараз ён самы багаты з пісьменніцкіх архіваў, якія мне давялося бачыць. Ён зберагаецца ў бібліятэцы Акадэміі навук. Там паўтары тысячы адзінак: адна адзінка – гэта можа быць і тэчка, шчыльна закладзеная дакументамі, уяўляеце?..

Я працую з яе архівамі ўжо 12 год і даследаваў адсоткаў дзесяць. Там незлічоная колькасць тэкстаў, лістоў, вершаў… То бок працы на дзесяцігоддзі наперад, не для аднаго пакалення.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў