Як на Палессі «чыркавалі» і зацягвалі ялінку на дуб


У вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёну прайшоў старажытны абрад, які неўзабаве можа атрымаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Вёска Тонеж знаходзіцца паміж Лельчыцамі і Туравам. Мясцовых жыхароў тут з кожным годам становіцца ўсё менш. Але ў гэты дзень у цэнтры вясковага культурнага жыцця – мясцовым клубе – ад самай раніцы збіраюцца людзі.

Жанчыны і дзеці прыходзяць сюды ў святочных каляровых касцюмах з гасцінцамі ў руках ды «чырачкамі» (адмысловае святочнае печыва ў каляровых сурвэтках). Яго раздаюць усім, хто трапіцца на шляху шэсця на гэтак званыя «Чарнычовыя горы» (мясцовы пагорак). Перад паходам на гару жанчыны ідуць у адведкі да бабулек, якія раней таксама «чыркавалі».

Наперадзе калоны ідзе моладзь з ялінкай і пудзілам зімы. У «Чарнычовых гарах» ужо палае вялізнае вогнішча, вакол якога жанчыны водзяць карагоды і спяваюць песні. Тут жа ўпрыгожваюць ялінку, якую загадзя зрэзалі мясцовыя хлопцы.

Далей пачынаецца самае цікавае. Ялінку прывязваюць да самага высокага дуба на пагорку, «як мага вышэй, каб бліжэй да сонца дрэўца было, каб сонца пабачыла прыгожыя кветачкі на зялёным дрэўцы, і хутчэй прыйшла сапраўдная вясна».

[/vc_column_text][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=mWgNe0BkwrU”][vc_column_text]Пакуль ялінка вісіць на дубе, на вогнішчы спальваюць пудзіла. Абрад гукання вясны па-палеску завяршаецца словамі: «мы паўміраем – нашыя дзеці застануцца і абрад захаваюць».

Мясцовыя жыхары кажуць, што «Чырачка» перадаецца з пакалення ў пакаленне і святкуецца кожнай тонежскай сям’ёй.

Так было калісьці. Цяпер абрад жыве дзякуючы мясцовым спявачкам з гуртоў «Танежанка» ды «Верас», а таксама падлеткам і моладзі.

Абрад гукання вясны «Чырачка» – кандыдат на ўнясенне ў дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

МР, belsat.eu

Стужка навінаў