Як мы шукалі беларусаў, якія захраслі ў Нямеччыне – і вось, што з гэтага выйшла

19 сакавіка 2020 года. Чарга з аўтаў на мосце паміж нямецкім Франкфуртам-над-Одэрам і польскімі Слубіцамі перад замерам тэмпературы ў кіроўцаў і пасажыраў. Фота – Hannibal Hanschke / Reuters / Forum

З неафіцыйных крыніц нашай рэдакцыі стала вядома, што Менск і Варшава не дамовіліся аб транзіце беларускіх турыстаў праз закрытыя межы Польшчы. Адзіны спосаб дабрацца ў Беларусь з Заходняй Еўропы – самалёт.

Неафіцыйныя крыніцы «Белсату» у польскім урадзе распавялі «Белсату», што МЗС Беларусі даслала Польшчы некалькі нот з просьбай дазволу праезду праз тэрыторыю Польшчы грамадзянам Беларусі, якія падарожнічаюць аўтобусамі і ўласнымі аўтамі.

Паводле звестак крыніцы, у звароце беларускага боку вялася размова пра «2000 беларускіх падарожнікаў на нямецка-польскай мяжы», якія не могуць уехаць у Польшчу праз закрытыя для іншаземцаў межы (такія захады ў межах барацьбы з каронавірусам будуць дзеяць прынамсі да 23:59 24 сакавіка). Менск спадзяецца, што ў дачыненні да грамадзянаў Беларусі прыменяць захады, якія раней ужылі ў дачыненні да літоўцаў і іншых краінаў Балтыі: тыя праязджаюць Польшчу пад канвоем паліцыі, дадаў наш суразмоўца.

«Белсат» паспрабаваў атрымаць каментар у МЗС Беларусі ў гэтай справе, але прэсавы сакратар ведамства Анатоль Глаз гэтак і не зняў сёння слухаўку.

Пазней прадстаўнік МЗС распавёў, што на гэты момант у фокусе беларускіх дыпламатычных пляцовак агулам знаходзіцца больш за 1500 грамадзянаў, якія знаходзяцца за мяжой і якія патэнцыйна могуць звярнуцца па дапамогу ў бліжэйшы час.

На інфалініі МЗС нам распавялі, што па тых, хто захрас на нямецка-польскай мяжы, «з Варшавы рыхтуюць аўтобус», але па падрабязнасці параілі звярнуцца ў амбасаду Беларусі ў Польшчы.

У амбасадзе гэтую справу «Белсату» не пракаментавалі.

Пацверджання таму, што на мяжы Нямеччыны і Польшчы знаходзяцца групы беларусаў, якія не могуць уехаць у Польшчу, мы не атрымалі ані праз пошук у сацыяльных сетках, ані ад дальнабойнікаў, якія сёння праязджалі нямецка-польскую мяжу.

Пасля гэтага наш журналіст звязаўся з амбасадай Польшчы па тэлефоне і прадставіўся турыстам, які не можа ўехаць у Польшчу з нямецкага боку.

Супрацоўніца дыпламатычнай пляцоўкі распавяла, што нашай краіне «нават на ўрадавым узроўні не ўдалося дамовіцца аб прадстаўленні транзітнага калідору для аўтамабіляў з беларускімі грамадзянамі».

«Ніякіх варыянтаў праехаць праз Польшчу цяпер няма», – дадалі ў дыпламатычным прадстаўніцтве.

У размове з амбасадай Беларусі ў Нямеччыне журналісту нашага каналу, які прадставіўся падарожнікам, што захрас на мяжы, параілі дабірацца да Менску самалётамі «Белавіі» з Берліну, Мюнхену, Гановэру ці Франкфурта-на-Майне.

«Некаторыя цяпер пакідаюць машыны і ляцяць», – дадалі ў амбасадзе.

На старонцы нацыянальнага перавозніка на момант публікацыі былі даступныя білеты ў Менск на бліжэйшыя дні:

  • з Берліну на 20 і 22 сакавіка – ад 190 еўраў;
  • з Гановэру (з перасадкаю ў Парыжы) на 20 і 22 сакавіка – ад 190 еўраў;
  • з Мюнхену – штодня (апроч 21 сакавіка) – ад 170 еўраў;
  • з Франкфурту – штодня (апроч 24 сакавіка) – ад 218 еўраў.

У амбасадах прызналіся, што збіраюць інфармацыю пра грамадзянаў Беларусі, якія маюць праблемы на нямецка-польскай мяжы. У амбасадзе ў Берліне на ўсялякі выпадак запісалі імя і нумар тэлефону нашага «турыста», але заўважылі, што сітуацыя наўрад ці зменіцца бліжэйшым часам.

20 сакавіка чакаецца візіт у Польшчу міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея.

На нарадзе аб сітуацыі з каронавірусам у чацвер Аляксандр Лукашэнка даручыў беларускаму МЗС прыкласці ўсе намаганні, каб беларусы змаглі вярнуцца дахаты ў самі бліжэйшы час.

«Яны павінныя быць удома, у бяспецы», – заявіў Лукашэнка.

19 сакавіка стала вядома, што дапамога па вяртанні ў Беларусь патрэбная цяпер прынамсі каля 8000 чалавек – гэта лічба толькі тых, хто знаходзіцца за мяжой па пуцёўцы, набытай у беларускіх турыстычных агенцтвах.

Калі вы захраслі дзесьці за мяжой і не можаце дабрацца дадому, звяжыцеся з намі праз любую з сацыяльных сетак:

ДД/ЯБ/АП belsat.eu

Hавiны