Як можна трымаць чалавека ў СІЗА 4 гады? Лукашэнка ўзяўся за справу галоўнага інжынера МЗКЦ

Кіраўнік Беларусі 13 жніўня на сустрэчы са старшынём Следчага камітэту Іванам Наскевічам анансаваў правядзенне на наступным тыдні нарады з праваахоўным блокам. Падставай для яе стала расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні галоўнага інжынера МЗКЦ.

«Вы вялі следчыя дзеянні чатыры з лішнім гады і так нічога ў судзе не даказалі. Я не разумею, як можна затрымаць чалавека, пасадзіць яго ў следчы ізалятар (нават не ў турму, а ў следчы ізалятар – розніца зразумелая) і трымаць у чатырох сценах чатыры гады?» – адзначыў Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў ягонай Адміністрацыі.

Бязвінна адседзеў у СІЗА 51 месяц – суд апраўдаў Андрэя Галавача

Прычыны гэтага кіраўнік дзяржавы бачыць у распушчанасці праваахоўнікаў і перадусім следства. Ён збіраецца разабрацца з Генеральным пракурорам, «чаму ён так назірае за крымінальнымі справамі і за выкананнем закону».

Ужо пасля сустрэчы Іван Наскевіч адзначыў, што следства сваю версію вінаватасці галоўнага інжынера МЗКЦ выклала ў даведцы пра доказы, пракуратура пагадзілася са следчымі і накіравала справу ў суд, які апраўдаў абвінавачанага.

Спынілі справу супраць адвакаткі галоўнага інжынера МЗКЦ, у якой ГУБАЗіК нібыта знайшоў зброю

«Гэта рабочая сітуацыя», – адзначыў кіраўнік СК, паведамляе БелТА.

Нагадаем, што Суд Першамайскага раёну Менску 19 ліпеня агучыў прысуд Андрэю Галавачу, які знаходзіўся за кратамі ўжо 50 месяцаў. Яго прызналі невінаватым у атрыманні хабараў і злоўжыванні ўладай. Галоўны інжынер МЗКЦ рэкардсмен па часе, праведзеным у СІЗА, пры гэтым па першай справе ён быў апраўданы ў судзе тройчы.

30 ліпеня стала вядома, што кропка ў справе Андрэя Галавача не пастаўленая: намеснік генеральнага пракурора прынёс апеляцыйны пратэст у Менскі гарадскі суд.

МГ belsat.eu

Hавiны