«Як можна дзяліць, хто варты даплаты, а хто – не?» У Бабруйску пратэставалі фельчары і кіроўцы хуткай дапамогі


Медыкі станцыі хуткай дапамогі Бабруйску напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім распавялі, што не атрымалі абяцанай даплаты за працу ва ўмовах каронавіруса. У адказ да іх прыехала здымачная група БТ, якая, паводле медыкаў, «не хацела здымаць праўду, але задаволеных жыццём людзей». Якая сітуацыя склалася насамрэч, у якіх умовах даводзіцца працаваць, работнікі хуткай распавялі belsat.eu.

Станцыя хуткай дапамогі, Бабруйск.
Фота: Belsat.eu

«Мы адстойваем свае правы і хочам тлумачэнняў ад адміністрацыі»

Пра тое, што на станцыю хуткай дапамогі прыедуць журналісты, супрацоўнікі ведалі загадзя. Таму прыйшлі ўсе, нават тыя, што былі на выходных, ці каму выходзіць у начную змену. Медыкаў не пачула кіраўніцтва, і яны хацелі распавесці пра сваю сітуацыю журналістам. Напярэдадні яны ж – 200 чалавек – напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім распавялі, што далёка не ўсе атрымалі даплаты, абяцаныя Указам 131, і прасілі патлумачыць, хто ж мае правы на гэтыя надбаўкі.

Станцыя хуткай дапамогі, Бабруйск.
Фота: Belsat.eu

Але з БТ паразмаўляць атрымалася не ва ўсіх. Як распавялі нашыя суразмоўцы, права голасу далі двум супрацоўнікам, якія атрымалі значныя даплаты, бо былі ў кантакце з пацверджанымі выпадкамі каронавіруснай інфекцыі. Астатніх да камеры і мікрафона не дапусцілі, што вельмі ўсіх раз’юшыла.

«Яны прыехалі сюды не праўду здымаць, а задаволеных жыццём людзей, нам жа не давалі сказаць, як ёсць насамрэч», – казалі медыкі і кіроўцы.

Медыкі станцыі хуткай дапамогі, Бабруйск.
Фота: Belsat.eu

Супрацоўнікі хуткай дапамогі не разумеюць, чаму нехта варты даплаты, а іншы – не, і як можна дзяліць цяпер, калі далёка не ўсім робяць тэсты, а пнеўманіі, COVID-19, ВРЗ возяць усе брыгады.

«Мы хочам атрымаць тлумачэнне па Указе 131 і ягоным прымяненні. Мы адстойваем свае правы, задаем пытанні нашай адміністрацыі, хочам пачуць адказы, каб нам паказалі дакументы, паводле якіх мы можам ці не можам атрымаць даплаты, – кажуць медыкі. – Адміністрацыя не дае нам уцямных тлумачэнняў».

Станцыя хуткай дапамогі, Бабруйск.
Фота: Belsat.eu

Марына Краснаносава, фельчарка выязной брыгады інтэнсіўнай тэрапіі, распавяла, што напярэдадні са змены знялі іх калегу-лекарку – патэлефанавалі з санстанцыі і паведамілі, што ў яе станоўчы тэст на каронавірус. У яе знайшлі пнеўманію.

«Гэта значыць, што мы ўсе тут ужо кантакты першага узроўню, і, напэўна, ёсць ужо кавід-станоўчыя, – кажа жанчына. – Мы рызыкуем кожны дзень, калі прыходзім на працу. Але мы не маем права на ізаляцыю, мы працуем да першых сімптомаў. І мы ездзім у грамадскім транспарце, вяртаемся дадому, да сваіх семʼяў, самі можам стаць крыніцай інфікавання. Нам не робяць тэстаў, хоць, па логіцы, павінны рабіць іх кожны дзень. Нашая санстанцыя не дае нам дакументаў, што мы – кантакты першага ўзроўню. Але ў любым выпадку мы працуем ва ўмовах інфекцыі, і ўжо таму, паводле Указу 131, маем права на надбаўкі. Але нашая адміністрацыя і бухгалтэрыя лічаць інакш. Таму мы і звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта, каб яны далі нам тлумачэнні».

Марына Краснаносава.
Фота: Belsat.eu

«Пяцёра дзяцей і заробак Br 600. Як думаеце – хапае?»

Медыкі ў адзін голас кажуць, што працы цяпер стала нашмат больш, чым раней. Вырасла колькасць выклікаў на высокую тэмпературу, пнеўманіі. Дыягназ «каронавірус» фельчары хуткай дапамогі могуць выставіць толькі папярэдні, а ўжо ў лякарні ён пацвярджаецца ці абвяргаецца. Пра колькасць захварэўшых у горадзе хуткая дапамога не ведае гэтак жа сама, як і звычайныя гараджане – гэту інфармацыю да іх не даводзяць. Але, кажа Марына Краснаносава, паводле калегаў, у інфекцыйным шпіталі Бабруйску месцаў ужо няма.

Сродкаў індывідуальнай абароны цяпер хапае – з імі былі праблемы на першапачатковым этапе, калі толькі распачалася пандэмія. Тады, як распавяла фельчарка выязной брыгады Вольга Леановіч, рэспіратары не выдавалі нават тым брыгадам, якія перавозілі пацыентаў з пацверджанымі выпадкамі каронавірусу.

«Таксама наша адміністрацыя чамусьці лічыць, што кіроўцы, якія перавозяць пацыентаў нават з дакладна вядомым COVID-19, не павінны апранацца цалкам у ахоўны касцюм. Дастаткова толькі двухслойнай марлевай павязкі і пальчатак, – кажа Вольга. – Але ж гэта няправільна! Мы самі стараліся апранаць нашых кіроўцаў, і ў адказ сутыкаліся з неразуменнем з боку адміністрацыі».

Вольга Леановіч.
Фота: Belsat.eu

Медыкі кажуць, што баяцца быць крыніцай заражэння для іншых, таму імкнуцца як мага менш кантактаваць з людзьмі па-за працай.

«Мы абмяжоўваем сябе і сваю сямʼю, – кажа Таццяна Казлова, кіраўніца змены. – Мы прыходзім дадому, мы ходзім толькі за прадуктамі ў краму, і ўсё. Я не важу дзіцёнка ў садок, бо я баюся, што ён стане крыніцай заражэння іншых людзей. Мы не сустракаемся з бацькамі, бабулямі, дзядулямі».

Марына Краснаносава падкрэслівае, што медыкі не прасілі ніякіх даплат, прэзідэнт сам пра іх сказаў. А цяпер, кажа фельчарка, пачынаюць дзяліць і вызначаць, хто варты даплат, а хто не.

«Мы не прэтэндуем на тыя пяць тысяч, але мы хочам, каб нашую працу ацанілі годна», – кажа жанчына.

Станцыя хуткай дапамогі, Бабруйск.
Фота: Belsat.eu

На пытанне пра тое, ці хапае ўвогуле звычайнага заробку на жыццё, кіроўца хуткай дапамогі Сяргей Гацко адказвае:

«У мяне пяцёра дзяцей і заробак 600 рублёў. Як думаеце – хапае? Але куды ісці цяпер, дзе знайсці больш?»

Станцыя хуткай дапамогі, Бабруйск.
Фота: Belsat.eu

Кіроўцы кажуць таксама пра тое, што не хапае машын хуткай дапамогі, паказваюць на шэраг зламаных аўтамабіляў у двары, якія ніхто не спяшаецца рамантаваць. «На прыколе» ужо месяц стаіць і асноўны рэанімабіль Бабруйску, на якім абслугоўвалі і горад, і раён. Яго не рэмантуюць, бо няма дэталяў, распавёў кіроўца Аляксандр Варанец.

– Ці не баіцеся так адкрыта казаць? – пытаемся. – Раптам пачнецца прэсінг, пагрозы звальнення?

– Нам ужо няма чаго баяцца, – адказваюць медыкі. – Калі раптам на нас пачнуць ціснуць, мы ўпэўнены, 90 % напішуць заявы на звальненне, і тады проста не будзе каму працаваць і абслугоўваць пацыентаў.

Станцыя хуткай дапамогі, Бабруйск.
Фота: Belsat.eu

НА, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў