Як метро спачатку загадала прыбраць беларускамоўную рэкламу на станцыі, а потым перадумала


Тая самая рэклама. Фота з «Фэйсбуку» Паўла Белавуса

Гісторыя пра тое, як журналісты ўратавалі банэр інтэрнэт-крамы, прысвечанай рэчам, звязаным з беларускай культурай, гісторыяй і традыцыямі, які ўжо два тыдні вісіць над эскалатарамі станцыі «Кастрычніцкая» у сталічным метро.

«Рэкламнае агенцтва, з якім мы супрацоўнічаем, паведаміла, што іх папрасілі зняць наш плакат, – кажа кіраўнік крамы Павел Белавус. – Кожная рэклама ўзгадняецца праз аддзел рэкламы метрапалітэну. У тых нараканняў не было – сказалі: «Размяшчайце – не праблема». І вось праз два тыдні ў гэтае агенцтва пазванілі і сказалі, што паступіла мноства скаргаў… Мы не ведаем, адкуль гэтыя скаргі – ад людзей ці чыноўнікаў, якія стаяць вышэй. Лепш спытаць гэта ў рэкламным аддзеле менскага метро».

Старшыня рэкламна-інфармацыйнага аддзелу Менскага метрапалітэну Святлана Зізіка ў размове з нашым каналам заявіла, што загаду здымаць рэкламны плакат іх аддзел не даваў.

«Мы рэкламу зняць не можам – яе здымае рэкламадаўца», – патлумачыла Святлага Зізіка.

У рэкламным агенцтве «Медыя Альянс», якое арандуе рэкламныя плошчы ў менскім метро, «Белсату» распавялі, што працаўнікі метрапалітэну звязаліся з імі прыкладна тыдзень таму.

«Нам патэлефанавалі з рэкламна-інфармацыйнага аддзелу і ў вуснай форме папрасілі замяніць плакат. Гэта была не нашая ініцыятыва. У нас ёсць замоўца, які аплочвае рэкламу, і не ў нашых інтарэсах, каб рэкламу здымалі, бо замоўца мог бы развітацца з намі», – распавяла «Белсату» прадстаўнічка агенцтва Аксана. – Наш кліент абяцаў падрыхтаваць новы макет, які мы планавалі павесіць заўтра, але сёння метрапалітэн паведаміў, што рэкламу можна пакінуць».

У тым, што банэр застаўся на сваім месцы, Павел Белавус бачыць заслугу журналістаў.

«Дзякуй журналістам, якія пачалі званіць ім і задаваць пытанні», – дадаў Белавус.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў