Як Лукашэнка правядзе выбары падчас эпідэміі?


Выбары на фоне пандэміі ды бітвы за ўраджай – такое ў Беларусі дакладна будзе ўпершыню. У краіне лютуе каронавірус, эканоміка – пад сур’ёзнаю пагрозай, а Лукашэнка спяшаецца як мага хутчэй пераабрацца, пакуль іншым краінам – не да дэмакратыі ў Беларусі. На што гатовыя ўлады, каб адладжаная гадамі выбарчая машына не давала збояў?

Правялі суботнік ды парад – правядзём і выбары! Менавіта такім падыходам пастанавіў карыстацца Аляксандр Лукашэнка. Ацэнка ж сітуацыі ў яго традыцыйна пазітыўная.

«Сітуацыя ў Беларусі сёння з вірусам і з іншымі захворваннямі, якіх у нас хапала і хапае, цярпімая. Мы не кажам, што ў нас усё добра, што мы Бога за бараду ўзялі. Не, але той метад, якім мы ўжо карыстаемся трэці месяц, прыносіць свой вынік», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Цікава, які менавіта метад маецца на ўвазе: сумнеўная статыстыка ад Мінздароўя (якое ўсцяж падае штодзённыя лічбы захворванняў, не большыя за тысячу чалавек), адсутнасць абмежавальных захадаў ці ігнараванне рэкамендацыяў Сусветнай арганізацыі здароўя? Прызначэнне выбараў на 9 жніўня ў такой сітуацыі выглядае прадумана паспешным.

Каментуе Ігар Барысаў, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

«Улада робіць арганізацыю выбараў больш бяспечнаю для сябе. І гэта ўжо вынікае з пастановы № 13 Цэнтрвыбаркаму, якая пазбавіла права палітычныя партыі ды іншыя арганізацыі, грамадзянаў прысутнічаць пры фармаванні тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Гэта цалкам супярэчыць Выбарчаму кодэксу. І калі пачынаецца ўсё з парушэнняў, то робіцца зразумелым, што і далей будзе рухацца ўсё з парушэннямі».

Таму і не дзіўна, што ў сёлетніх метадычках ЦВК увогуле ніяк не прапісаная бяспека ўдзельнікаў выбараў у часе пандэміі – не ўзгадваюцца ні сродкі абароны, ні дыстанцыя, ні дэзынфекцыя, ні нават тое ж карыстанне асадкамі на выбарчых участках – прылады пісьма, як звычайна, будуць для ўсіх агульнымі, што нясе пагрозу распаўсюду каронавіруса.

Каментуе былы назіральнік за выбарамі ў Беларусі Матэўш Баек, Фонд адказнай палітыкі, Польшча:

«Калі ў сувязі з развіццём пандэміі каронавіруса – а мы не можам выключыць, што яна будзе развівацца і што захворвальнасць будзе на высокім узроўні ў Беларусі праз два месяцы, – то вельмі імаверна, што назіральная місія ацэніць, што такая праца не мае сэнсу і ёсць небяспечнай. І ў сувязі з гэтым яны могуць прыняць рашэнне не прыязджаць у Беларусь».

Да таго ж замежных назіральнікаў, у тым ліку з АБСЕ, улады ўвогуле пакуль не запрашалі і толькі думаюць пра гэтую магчымасць.

«Я не выключаю, што будзе невялічкая група, хутчэй за ўсё, доўгатэрміновых назіральнікаў, якія будуць працаваць і рабіць пэўныя высновы. Але казаць пра паўнавартасны ўдзел… Мы разумеем, што ў мінулыя выбары ў Палату прадстаўнікоў было больш за 400 назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ. Яны мелі карціну, што адбываецца ў Беларусі. Адпаведна, усе еўрапейскія краіны і не толькі рабілі высновы – прызнаваць гэтыя вынікі ці не. Цяпер жа пытанне адкрытае», – мяркуе Ігар Барысаў.

Адкрытым застаецца і пытанне пра збор подпісаў ды перадвыбарчую агітацыю. Ва ўмовах пандэміі патэнцыйным кандыдатам будзе надзвычай складана сабраць 100 тыс. патрэбных подпісаў жыўцом за такі кароткі час. Онлайн жа такой магчымасці ў ІТ-краіне не будзе. Як не будзе і пашыранага доступу да дзяржаўных СМІ, які быў бы дарэчы з прычыны немагчымасці праводзіць нармальныя масавы імпрэзы. Хоць ад айчынных адмыслоўцаў гучала прапанова ўсталяваць камеры на выбарчых участках, каб дэманстраваць празрыстасць у адсутнасць міжнародных назіральнікаў.

Каментуе Матэўш Баек:

«Калі місія не прыязджае на выбары, то яна не выдае сваіх справаздачаў. Толькі калі не будзе просьбы аналізу, напрыклад, заканадаўчых зменаў. АБСЕ не прызнае выбараў легітымнымі ці не, яны робяць вельмі дыпламатычныя заявы. Але ў той жа час на тэрыторыі Еўропы няма іншай арганізацыі апрача АБСЕ, якая б рабіла настолькі прафесійныя місіі, каб яе высновы можна было лічыць праўдзівым сведчаннем пра вынікі выбараў».

Але рэжыму Беларусі гэтыя высновы – як аб сценку гарохам. Гэтак, на леташніх выбарах у Палату прадстаўнікоў назіральнікі ад АБСЕ канстатавалі «поўную адсутнасць выканання дэмакратычных абавязкаў». У той жа момант улады хочуць паказаць сваю лібералізацыю іншым чынам – праз удзел у выбарах тэхнічных кандыдатаў з умоўна рэфармісцкімі поглядамі. Гэтак, аб сваім намеры балатавацца ў прэзідэнты заявіў былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала.

Гаворыць Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі, Менск:

«Уладзе быў патрэбны такі як бы кандыдат знутры эліты сістэмы Беларусі, знутры рэжыму. Каб прадэманстраваць тое, што ён не маналітны, што ён расколаты, і такім чынам сімуляваць нейкую канкурэнтнасць унутры гэтага рэжыму, прадаўшы гэтыя выбары як канкурэнтныя і беларускаму электарату, і Захаду. Таму тут Цапкала – прагназаваны кандыдат, які б вылучаўся. Гэта мог бы быць хтосьці іншы, але такога ж тыпу чалавек».

Яшчэ адна выбарчая цікавінка – паход у прэзідэнты Віктара Бабарыкі, які пасля 20 гадоў кіравання «Белгазпрамбанкам» раптоўна адмовіўся ад гэтай пасады і заявіў пра свае амбіцыі кіраваць краінай. Пытанні да былога банкіра выклікае як нечаканая змена прыярытэтаў, так і дзіўныя выказванні ў падтрыманне інтэграцыі з Расеяй. У любым выпадку, вялікай пляцоўкі для разгону кампаніі такіх кандыдатаў не відаць – як па часе, гэтак і па магчымасцях.

«Такім людзям не дадуць перайсці за мяжу папулярнасці. Яны могуць вельмі хутка набраць папулярнасць і раптам змяніць свае ўстаноўкі. То бок калі гэта фігура, якая гуляецца з рэжымам, ён можа раптам адчуць моц і пачаць дзейнічаць самастойна. Ёсць рызыка ва ўжыванні такога кшталту тэхналогіяў. Таму кантроль папулярнасці і пэўныя кручкі, на якія ўлады могуць садзіць такіх кандыдатаў, вельмі важныя, калі гэта сапраўды разгуляная фігура. І тут могуць быць розныя кручкі: кампрамат, маёмасць, агульная бяспека, бяспека сям’і – што заўгодна», – мяркуе Андрэй Ягораў.

І ўжо бачна, што з любой пратэставай актыўнасцю размова будзе кароткая. Дастаткова ўзгадаць больш за сотню арыштаваных удзельнікаў акцый у падтрыманне блогера Сяргея Ціханоўскага, які таксама захацеў скласці канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку.

Выходзіць, што з аднаго боку рэжым сутыкаецца з шэрагам сур’ёзных праблемаў, як унутраных, так і вонкавых. З другога – фактычна гэтыя ж праблемы ўскосна аблягчаюць правядзенне выбараў у максімальна спрыяльных для Лукашэнкі ўмовах. Уладам жа застаецца толькі крыху падправіць пад сітуацыю сцэнар ужо добра зрэжысіраванага спектаклю.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 15.05.2020

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў