Як італьянскі валейбаліст заснаваў індустрыю беларускай касметыкі


Напрыканцы 1980-ых гадоў у Мілане з адной касметычнай кампаніі звольніўся прэсавы сакратар, былы валейбаліст Лючыё Фузара, прыхапіўшы з сабой – законна ці не, ходзяць розныя чуткі, – некалькі формулаў: шампуню і фарбы для валасоў. Фузара вырашыў вырабляць гэтыя шампуні перадусім для рынкаў, якія яшчэ развіваюцца: у Мексіцы, Бразіліі, Кітаі ды Савецкім Саюзе.

Базай для экспансіі на савецкі рынак Фузара абраў сабе БССР. У міністэрстве бытавога забеспячэння савецкай Беларусі яго сустрэлі гасцінна. У выніку бакі дамовіліся на стварэнне супольнага касметычнага вытворчага прадпрыемства Беларусі ды Італіі «Беліта».

«Супольна з італьянцамі быў прыдуманы гэты брэнд – «Беліта», і з 1989-га году бурным ростам пачала развівацца касметычная вытворчасць у Беларусі», – распавядае Віктар Лабковіч, саўладальнік СААТ «Модум».

Лючыё Фузара, заснавальнік беларускай «Беліты» у цэнтры. Фота з Facebook Lucio Fusaro

Лючыё Фузара ўклаў у супольнае прадпрыемства свае формулы і ўжыванае абсталяванне. Яго, як распавядаюць тагачасныя працаўнікі, ён прывёз з нейкай звалкі ў Італіі ці Аўстрыі, дзе яно ляжала спісаным з іншай вытворчасці.

Беларускі бок, у сваю чаргу, даў працоўную сілу і памяшканне складу Белбытзабеспячэння. Пачалі з вытворчасці шампуню пад брэндам «Крапіва». Аднайменны балгарскі сродак карыстаўся тады ў Савецкім Саюзе шалёнай папулярнасцю.

Пачаткі вытворчасці айчыннай касметыкі. Фота з рэкламных матэрыялаў «Беліты»

Пазней прадпрыемства ператварылася ў закрытае акцыянернае таварыства. Беларускія хімікі ўдасканальвалі формулы і пашыралі лінейку прадукцыі. Потым узяліся самі за вытворчасць тары. Але, нягледзячы на бурную экспансію, адная «Беліта» не магла запоўніць не толькі савецкі рынак, але і беларускі.

Пачаткі вытворчасці айчыннай касметыкі. Фота з рэкламных матэрыялаў «Беліты»

Прыклад «Беліты», як гэта часта бывае, натхніў і іншых беларускіх бізнесоўцаў кінуцца ў мутныя воды новай вытворчасці.

На сённяшні дзень вытворчасцю касметыкі ў Беларусі займаюцца 47 кампаніяў. Толькі «Беліта» мае больш за паўсотні ўласных крамаў у Расеі ды Украіне. Апрача гэтага прадукцыя найстарэйшага айчыннага касметычнага вытворцы пастаўляецца ва ўсе рэспублікі былога Савецкага Саюзу, уключна з краінамі Балтыі, плюс – у ЗША, Канаду, Нямеччыну, Чэхію, Ізраіль, Іран ды іншыя.

Ці можна замяніць французскі крэм беларускім аналагам? Чаму сусветна вядомыя касметычныя маркі не наладжваюць прадукцыю сваёй вытворчасці ў Беларусі? Якія беларускія прыродныя рэсурсы найбольш каштоўныя – глядзіце ў чарговым выданні праграмы «Давайце разбірацца» (відэа вышэй).

 

Стужка навінаў