Як былы «каліновец» адкрыў у Польшчы краму з вінілавымі пласцінкамі


Мянчук Цімур Шыхсефіеў патрапіў на праграму Каліноўскага пасля Плошчы 2010 года. У Польшчы ён вучыўся на журналіста, аднак заўсёды меў хобі – ствараў музыку. Зараз разам з сябрам беларус адкрыў адзіную ў Познані краму вінілавых пласцінак. «Белсат» даведаўся пра попыт на вініл ў часы YouTube і Apple Music.

«Быць дыджэем можна, калі сядзіш на мяшку з грашыма»

Музыка была даўнім хобі Цімура Шыхсефіева. Яшчэ ў Беларусі разам з сябрамі ў яго быў свой уласны праект, з якім ён нават выступаў на буйных беларускіх фестывалях электроннай музыкі.

Цімур Шыхсефіеў.
Фота: Ксенія Тарасевіч / «Белсат»

Ужо жывучы ў Польшчы ён прыехаў на вакацыі ў Менск. Тады сябра, зараз вядомы беларускі дыджэй Павел Церашкоў, паказаў Цімуру, як можна ствараць музыку не выкарыстоўваючы музычных інструментаў.

«Раней на бас-гітары мой свет самкнуўся. А тут мне паказалі, што можна граць з пласцінак і камп’ютара», – смяецца Цімур.

Гэтак ён пачаў ствараць электронную фанк-музыку. Крыху пазней нават выступаў з уласнымі праграмамі на вечарынах. Але зрабіць гэта сваёю асноўнай прафесіяй пакуль што не атрымалася.

«Быць дыджэем можна, калі ты сядзіш на мяшку з грашыма. У гэтай галіне шмат рызыкаў. Напачатку трэба шмат укладацца: купляць апаратуру і пласцінкі, рабіць прома ў сацсетках. І невядома, ці спадабаешся ты ўвогуле публіцы», – разважае хлопец.

У вінілавай краме беларуса.
Фота: Ксенія Тарасевіч / «Белсат»

Як стварыць краму вінілу

Любоў да пласцінак пераўтварылася не ў музычную кар’еру, але ў бізнес-праект. Дзякуючы дыджэінгу Цімур пазнаёміўся са сваім напарнікам Лукашам, які таксама захапляецца вінілам. Разам хлопцы вырашылі споўніць даўнішнюю мару і ўлетку 2019 года адкрылі краму «k-wax».

«К» значыць «кава», а «wax» – слэнгавае абазначэнне вінілу.
Фота: Ксенія Тарасевіч / «Белсат»

Назва была абраная невыпадкова: «k» значыць «кава», а «wax» – слэнгавае абазначэнне вінілу. Гэта добра адлюстроўвае канцэпцыю крамы: апроч пласцінак там можна выпіць смачнай кавы і з’есць пірагі. Цімур тлумачыць, што гэта дадатковае падтрыманне для праекту.

«У сучаснай гарадской культуры зайсці на каву стала сапраўдным рытуалам. А ў нас можна яшчэ і выбраць музыку ці файную кружэлку. Гэта было нашым ратавальным колам, каб зусім не патануць».

Пласцінкі ў краме «k-wax».
Фота: Ксенія Тарасевіч / «Белсат»

«K-wax» разлічаны перадусім на дыджэяў. Аднак часам туды заходзяць па пласцінку і простыя аматары добрай музыкі. Апроч пласцінак яны набываюць і іншыя прыстасаванні для дыджэінгу – іголкі, дыванкі для грамафонаў. Да пандэміі ў «k-wax» часта адбываліся імпрэзы.

Чаму пласцінкі – не атавізм

У сучасным лічбавым свеце, калі ўсё намагаецца быць перанесенае ў смартфон, грувасткія і дарагія пласцінкі могуць падавацца атавізмам. Але Цімур з гэтым нязгодны.

«Калі ты слухаеш вініл, ды яшчэ на добрай апаратуры – гэта вяршыня якасці, якая толькі можа адбыцца з гэтай кампазіцыяй», – тлумачыць ён.

У краме прадаецца музыка розных жанраў.
Фота: Ксенія Тарасевіч / «Белсат»

Асабліва гэта актуальна для дыджэяў. Калі творца сцягвае трэкі з інтэрнэту, іхнае гучанне і якасць часта могуць аказацца непрыемным сюрпрызам.

«Ты можаш спампаваць з «торэнтаў» процьму бясплатных кампазіцыяў, але яны будуць жудасна гучаць. Пласцінка – гарантыя якасці гуку», – тлумачыць хлопец.

Ці можна на гэтым зарабіць?

Зараз уладальнікі нічога не зарабляюць на краме – заробкаў хапае на выдаткі, але не на прыбытак. Таму ўладальнікі паралельна зарабляюць на жыццё ў камерцыйных кампаніях.

Кава і пласцінкі прыносяць прыкладна аднолькавы даход. Часам хтосьці купіць пласцінак на вялікую суму, а часам зойдуць людзі, якія зусім не цікавяцца музыкай, але любяць піць каву.

Цімур Шыхсефіеў у краме.
Фота: Ксенія Тарасевіч / «Белсат»

Не дапамог справам і строгі каранцін у Польшчы. Больш за два месяцы «k-wax» працаваў выключна як інтэрнэт-крама вінілу. Гэта знізіла даход. Але зараз эпідэмічныя абмежаванні паступова здымаюць, таму грашовая сітуацыя паляпшаецца.

«У першыя выходныя пасля адкрыцця кавярні [рэстарацыі і бары ў Польшчы запрацавалі ад 18 траўня – belsat.eu], людзей было нават болей, чым у выходныя перад каронавірусам», – распавядае Цімур.

Ён лічыць, што ў іх ўжо атрымалася стварыць значнае для гораду месца. А далей у планах – працаваць над пазнавальнасцю.

«У нас ёсць свая сталая аўдыторыя, але я хачу прыцягнуць яшчэ і іншыя групы патэнцыйных кліентаў. Каб яшчэ больш людзей ведала, што тут можна ня толькі паслухаць вініл, але пасядзець у кавярні ў добрай кампаніі».

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў