Як беларуская прапаганда робіць чорны піяр на тэме забойства Шарамета

Калаж з фота: Mudrats Alexandra, TASS / PACIFIC PRESS, Alamy / Forum

За гарачую тэму, звязаную з сенсацыйнымі навінамі па справе Шарамета, ухапілася і беларуская прапаганда. Але для яе галоўнае – не ісціна пра забойства вядомага журналіста беларускага паходжання ў 2016 годзе ў Кіеве, а магчымасць дыскрэдытаваць як ўкраінскі Майдан, тамтэйшую дэмакратыю, так і арганізатараў вулічных выступаў у Беларусі.

Па трагічнай тэме ўдосталь патапталіся на тэлеканале «Беларусь 1» удзельнікі свежага выпуску перадачы «Клуб рэдактараў», які вёў сам старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.

У агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька

Удзельнікі перадачы абмовіліся, што трэба дачакацца суда, ды тут жа забыліся пра прэзумпцыю невінаватасці і сталі будаваць прапагандысцкія высновы. Тыпу: «Шарамета забілі героі антытэрарыстычнай аперацыі», «пабрацімы баевікоў беларускага атраду «Пагоня» (маюцца на ўвазе добраахвотнікі – удзельнікі АТО) і беларускай апазіцыі, «ідалы, героі беларускіх незалежных медыяў на працягу апошніх чатырох-пяці гадоў».

«Рэвалюцыянеры, людзі, якія прыйшлі да ўлады крывёй, не могуць па-іншаму жыць і працаваць… Украіна – гэта прышчэпка для ўсіх нас», – глыбакадумна дадаў госць перадачы, наваспечаны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч.

Хоць пры чым тут украінская ўлада? Дай бог беларускім прэзідэнцкім выбарам быць такімі ж празрыстымі і канкурэнтнымі, як тыя, на якіх перамог Уладзімір Зяленскі.

«Тыя, каго яны [незалежныя медыі] выстаўлялі героямі, выносілі на плакаты і на транспаранты, яны аказваюцца такімі ж крывавымі агрэсарамі, забойцамі», – нагнаў жаху дырэктар прадстаўніцтва МДТРК «Мір» у Беларусі Уладзімір Пярцоў.

Змяшалі боб з гарохам

І ўсё гэтае таптанне па тэме трэба было, падобна, для таго, каб вуснамі Эйcманта прыйсці да высновы, што «адныя і тыя ж сілы за ўсім гэтым і ва Украіне, і ў Беларусі каштуюць – вельмі нацыяналістычныя».

У выніку ланцужок маніпуляцыйных высноваў дайшоў да мінулых у Менску 7 і 8 снежня вулічных пратэстаў супраць «паглыбленай інтэграцыі» з Расеяй. Але пра прычыну пратэстаў, пра тое, як Крэмль узяў за горла, не сказалі, затое правялі паралель: маўляў, з такіх жа антырасейскіх лозунгаў пачынаўся Майдан ва Украіне.

Меркаванні
Чаму Крэмль вырашыў узяць Лукашэнку за горла?
2019.12.13 17:09

Тут усё не вытрымлівае крытыкі. І Майдан пачынаўся з іншага – гэта быў выступ за еўраінтэграцыю, якую спыніў Віктар Януковіч. І самая версія забойства Шарамета, абвяшчаная днямі украінскім МУСам, шмат каму здаецца непераканаўчай. У любым выпадку асабісты бэкграўнд падазраваных – не падстава дыскрэдытаваць украінскую Рэвалюцыю годнасці і тым больш – удзельнікаў менскіх пратэстаў. Гэта ўсё згатавалі па прынцыпе «у агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька». Ці, як кажуць беларусы: змяшалі боб з гарохам.

Ад вулічных выступаў уладам адразу моташна

Навошта ж усёй гэтай блытанінай кормяць гледача? Беларуская ўлада і яе ідэалагічная абслуга, якую б тэму ні бралі, трымаюць у галаве адно – інтарэсы захавання рэжыму.

На выбарах 2015 года Аляксандру Лукашэнку выдатна дапамагла спекуляцыя на ўкраінскай тэме. Што, маўляў, хочаце паўтарэння ў нас крывавых падзеяў? Калі не – галасуйце за стабільнасць, якую забяспечвае самі ведаеце хто.

Але зараз спалох беларускага абывацеля пасля Майдана ў асноўным прайшоў, а вясновы ўзлёт Зяленскага, наадварот, выклікаў масавую цікавасць беларусаў, роздумы на тэму змены ўлады ў сваёй краіне. Так што самы час упырснуць новую дозу «антымайданнай прышчэпкі».

Меркаванні
Ага, так вам і разагнаўся Лукашэнка на пенсію!
2019.11.28 17:46

Прычым глядзіце: здавалася б, выступы беларусаў супраць аншлюсу на руку Лукашэнку. Бо ён сам патэтычна заяўляе, што суверэнітэт – гэта святое. Можна сказаць Пуціну: бачыш, народ не хоча злівацца ў экстазе з Расеяй, так што ахалані са сваёй «паглыбленай інтэграцыяй»!

Але закавыка ў тым, што вярхам адразу робіцца кепска ад любой вулічнай актыўнасці. Беларускі аналітык Валер Карбалевіч адзначае, што Лукашэнка «баіцца палітызацыі грамадства», асабліва перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года.

Так, лепш без Майдане, але…

Як вядома, акцыі 7 і 8 снежня ў Менску абышліся без разгону. Удзельнікі «Клубу рэдактараў» расхвальвалі мяккасць беларускай міліцыі, а для кантрасту паказваліся кадры дзеянняў французскай паліцыі супраць «жоўтых камізэлек».

Але параўнанне ў прынцыпе кульгае. У Францыі пратэстоўцы будавалі барыкады, спальвалі аўтамабілі, крышылі вітрыны, у ахоўнікаў парадку ляцелі камяні і кактэйлі Молатава – карацей, разгортваліся сапраўдныя вулічныя баі. У Менску маніфестанты пераходзілі вуліцы строга на зялёнае святло, спускаліся ў падземныя пераходы, не разбілі ніводнага шкла. Гэтая сверхдысцыплінаванасць нават стала прадметам лёгкага тролінга ў сацсетках.

Але і гэтая дысцыпліна не гарантуе адсутнасць разгонаў новых акцыяў. Мяркуючы з «Клуба рэдактараў», экзістэнцыяльны страх вярхоў перад вулічнай актыўнасцю ўзмацняецца. Рост нацыянальнай самасвядомасці – здавалася б, менавіта тое, што трэба для ўмацавання незалежнасці. Але беларускаму рэжыму лепш мець сонных абывацеляў, могілкавую цішыню. Бо свядомыя грамадзяне патрабавальныя і да сваёй дзяржавы.

А тут яшчэ прэзідэнцкія выбары на носе. Лукашэнка зусім ні да чаго новая Плошча. Пасля разгону Плошчы-2010 рэжым трапіў пад санкцыі, рэзка сапсаваў адносіны з Захадам. Зараз улады паспрабуюць гасіць выступы, пакуль яны не набралі размах (сёння выйшлі за незалежнасць, заўтра выйдуць пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў). І ўслед за прапагандысцкімі залпамі могуць рушыць услед паліцыянты, судовыя захады.

Самае смешнае, што ў прынцыпе я згодны з прапагандыстамі беларускага ТБ: лепш без рэвалюцый, без узрушэнняў і крыві. Але ці самыя ўлады, якія ладзяць выбары без выбару, якія душаць палітычную канкурэнцыю і свабоды, не ствараюць перадумовы для таго, каб калі-небудзь крышку катла сарвала?

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Меркаванні
Вайсковы саюз з Расеяй стаў для Беларусі пагрозай
2019.09.13 14:40

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў