Як адсвяткавалі Уваскрасенне Хрыстова Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін і Пятро Парашэнка?
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў на Вялікдзень царкву Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў Воршы. Сам лідар Беларусі нарадзіўся ў гэтых мясцінах – у мястэчку Копысь Аршанскага раёну.
Разам з наймалодшым сынам Колем ён запаліў у царкве свечкі ды падараваў святарам ікону «Збаўца Усёдзяржыцель». Лукашэнка запэўніў: «Мы ваяваць не збіраемся, а калі камусьці захочацца, то годна яго сустрэнем». У сваю чаргу Лукашэнка атрымаў у падарунак ікону «Тайная Вячэра».
Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін святкаваў Вялікдзень разам з прэм’ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым і ягонай жонкай на ўсяночнай літургіі ў царкве Хрыста Збаўцы ў Маскве. На богаслужэнні былі каля 7 тыс. чалавек.
Ад патрыярха Маскоўскага Кірылы Пуцін атрымаў дэкаратыўныя велікодныя яйкі.
Злева ад Пуціна, дзе ў мінулыя гады стаяла ягоная былая жонка Людміла, сёлета быў мэр Масквы Сяргей Сабянін.
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка маліўся разам з жонкаю Марынай і дзецьмі ў трох святынях Кіева: царкве Кіеўскага патрыярхату, грэка-каталіцкай катэдры і Кіева-Пячэрскай лаўры Маскоўскага патрыярхату. На Вялікдзень Парашэнка заклікаў украінцаў да адзінства.
«Ва ўсіх нас ёсць сапраўдная надзея на перамогу жыцця над смерцю. Вайна абавязкова скончыцца, таму што мы імкнемся да міру, на нашым баку Справядлівасць і Госпад. Віншую ўсіх з Уваскрасеннем Хрыстовым – Хрыстос уваскрос!»
Максім Ярашэвіч, belsat.eu