Як адолець Караля Ночы, калі ты не Джон Сноў? Меркаванне ваеннага гісторыка – са спойлерамі


Вось і адбылася эпічная бітва войска Джона Сноў і Дэнэрыс Таргэр’ен з арміяй мерцвякоў пад камандаваннем Караля Ночы. Нашыя (увага, спойлер!) перамаглі іншасвет толькі дзякуючы цуду. Скажам шчыра: улічваючы, як яны рыхтаваліся да бою і вялі яго, без цуду яны і не маглі б перамагчы. Прапаноўваем нашым чытачам некаторыя развагі з пункту гледжання ваеннага гісторыка і былога рэканструктара Сярэднявечча Аляксандра Гелагаева па матывах трэцяй серыі апошняга сезону серыялу «Гульня тронаў».

Стратэгічная сітуацыя

«Нічога ты не ведаеш, Джон Сноў», – казала яму ягонае першае каханне, рудая прыгажуня Ігрыт. Словы амаль сталі часткай сучаснага фальклору. І справядліва. Скажам шчыра, усе вялікія бітвы, якімі ў серыяле камандаваў гэты герой, сапраўды сведчаць, што Джон Сноў праз літасць, ці хутчэй бязлітаснасць сцэнарыстаў, мякка кажучы, не ваенны геній.

Што мы маем на Паўночным тэатры ваенных дзеянняў непасрэдна перад бітвай?

Мур, які абараняў жывых ад нашэсця інфернальных Белых Хадакоў, якія тысячамі могуць падымаць і весці ў бой мёртвых, прарваны. Незлічонае войска мерцвякоў ідзе наперад. У ягоным складзе таксама «мозг арміі» – Кароль Ночы, які можа забіць цмока кап’ём у палёце, авіяцыя – падняты з мёртвых цмок, і пэўныя аналагі танкаў – паднятыя з мёртвых веліканы.

Войска абаронцаў Сямі Каралеўстваў ад літаральнай смерці канцэнтруецца ў замку Уінтэрфел – гэта лёгкая кавалерыя качэўнікаў-датракійцаў, лепшая ў свеце пяхота Бездакорных, апалчэнне паўночных земляў. Ёсць вундэрвафе – два цмокі, якія, праўда, як аказалася ў мінулым сезоне, усё ж такі могуць загінуць.

Фота: CAP/RFS/FORUM

Яшчэ прысутнічае рыцарская кавалерыя Даліны Арын – тысячы цяжкіх, закаваных у латы коннікаў, якія вырашылі справу ў бітве Бастардаў.

Вядома, што з аднаго ўдару і надзейна забівае мерцвяка альбо чароўная валірыйская сталь, сакрэт якой даўно страчаны (у арміі жывых такіх клінкоў толькі некалькі), альбо агонь. Таксама добра працуе супраць мерцвякоў, асабліва Белых Хадакоў – зброя з «цмокава шкла» (абсідыян), якую імкліва рыхтуюць абаронцы Уінтэрфела.

Ці было мудра ўвогуле збіраць усе сілы ў Уінтэрфеле і чакаць армію Караля Ночы тут для бітвы лоб у лоб? Да гэтага ёсць вялізарныя пытанні, улічваючы што мерцвякоў, якія банальна завальваюць любога ворага сваім мясам, лепей трымаць на дыстанцыі – магчыма, было б эфектыўней нарабіць з абсідыяну наканечнікаў для стрэлаў, нарабіць проста запальных стрэлаў і пусціць як мінімум лёгкую кавалерыю ўвесь час абстрэльваць здалёк расцягнутыя сілы ворага.

Фота: CAP/RFS/FORUM

Гэтак можна было б яшчэ на падыходзе нанесці ворагу істотныя страты, не губляючы свае сілы (што вельмі важна, бо кожны забіты жывы – гэта новы жаўнер Караля Ночы), мець увесь час інфармацыю пра рухі ворага, а то і выцягнуць на бой аднаго варожага цмока супраць двух нашых і знішчыць яго яшчэ да вялікай бітвы.

З гэтай жа самай прычыны варта было б не пакідаць у замку небаяздольных людзей, а адправіць іх любым спосабам на Поўдзень – бо яны ніяк не дапамагаюць у бітве, а ў выпадку няўдачы далучацца да сілаў ворага.

Аднак нічога з гэтага Джон Сноў не робіць. Плануецца бітва меч у меч, тварам да твару.

План бітвы

Войска жывых паставілі такім чынам – наперадзе ў цэнтры кавалерыю качэўнікаў, за імі – тры катапульты, потым пяхота-капейшчыкі.

Рыцарскай кавалерыі ўвогуле няма – рыцары чамусьці сышлі з коней, каб біцца пешшу. Такім чынам Джон Сноў страціў цяжкую конніцу – царыцу палёў бою Сярэднявечча – але не набыў паўнавартаснай пяхоты. Пры гэтым ён аддаў рыцараў Даліны пад кіраўніцтва шляхетнага і мужнага чалавека, але каторы ніколі не камандаваў войскамі, тым больш войскамі з гэтай мясцовасці – пад кіраўніцтва Брыены Тарт.

Фота: CAP/RFS/FORUM

Куды разумней было б пакінуць рыцарскую конніцу Даліны дасведчанаму і аўтарытэтнаму военачальніку лорду Ёну Ройсу, якога гэтыя рыцары цудоўна ведаюць, і які мае камандны досвед – ён адносна нядаўна забяспечыў перамогу Джону Сноў у Бітве бастардаў.

Апалчэнне земляў Старкаў і рыцараў Даліны паставілі па флангах. Гэтыя сілы ўзброеныя хто як, і хто чым – то бок не могуць сфармаваць нармальнага адзінага строю. То бок – на флангах стаяць літаральна смяротнікі, ежа для мерцвякоў.

У выніку бітва была падрыхтаваная Джонам Сноў і фактычна прайшла адпаведна – мерцвякі стабільна і без асаблівых праблем завалілі нашых мясам, а потым усе нашыя забітыя сталі новымі жаўнерамі Караля Ночы. Як і які цуд уратаваў нашых – глядзіце самі, калі яшчэ не бачылі.

Фота: CAP/RFS/FORUM

Што мог бы зрабіць Джон Сноў, каб не быў Джонам Сноў

Першае – як мага даўжэй ухіляцца ад бітвы лоб у лоб. Замест вырабу не асабліва карысных сякераў з абсідыяну зрабіць стаўку на масавую вытворчасць кідальнай зброі з яго. Рыхтаваць стрэлы з пакляй, каб запальваць яе і абстрэльваць ворага. Такім чынам кожны коннік арміі жывых можа забіць мерцвяка без асаблівай рызыкі самому стаць мерцвяком.

Другое. Адказаць па больш-менш пастаянных абстрэлах Кароль Ночы наўрад ці зможа – ягонае войска складаецца толькі з пяхоты, прычым пяхоты, якая здольная толькі на рукапашны бой. А кідаць адзінага цмока наўздагон нашай стралковай кавалерыі – значыць рызыкаваць яго страціць у баі з нашай парай цмокаў.

Гусарыя ў бітве пад Клушынам 1610 год. Карціна Сімона Багушэвіча, 1620 год.
Фота: Ze-dan

Трэцяе. Калі прыймаць бой пад Уінтэрфелам, то захаваць рыцараў на конях і ўзброіць іх доўгімі рыцарскімі копʼямі-лэнсамі. Рыцар зможа біць ворага на адлегласці метры ў два – тры, а то і чатыры ад сябе (лэнсы цяжкаўзброеных гусараў Рэчы Паспалітай даходзілі да 6 метраў). Потым яны, карыстаючыся перавагай у хуткасці, могуць разварочвацца, адступаць у тыл, браць новыя копʼі, калі папярэднія зламаліся, і зноў атакаваць.

Фота: CAP/RFS/FORUM

Чацвёртае. Поле вакол пяхоты можна заваліць усім, што можа гарэць – і падпаліць ужо пад нагамі мерцвякоў. Іхная сухая плоць загараецца лёгка і згарае вельмі хутка.

Пятае. Дый саму пяхоту варта было б усю ўзброіць доўгімі пікамі ў стылі еўрапейскай пяхоты XV-XVII стагоддзяў ці македонскай фалангі. Калі ў бок ворага на адзін метр фронту глядзяць па 10-12 пік – нават у мерцвякоў зʼявяцца праблемы.

У любым выпадку, варта скараціць да мінімуму бой на кароткай дыстанцыі, бо чалавек, тым больш у даспехах, не можа гадзінамі без перапынку біцца халоднай зброяй, а мерцвякі – могуць.

Далей грае чыстая матэматыка – забіваем больш, чым забіваюць нас.

Фота: CAP/RFS/FORUM

Разумныя вывучаюць тактыку, мудрыя – лагістыку

У цэлым жа Джону Сноў пашанцавала, што з ягоным спосабам ваяваць армію нашых у Уінтэрфеле проста не ўзялі ў аблогу – мерцвякі і Белыя Хадуны нікуды не спяшаюцца, не хварэюць, ад холаду не пакутуюць, і галоўнае – есці ім не трэба. А вось людзі, коні і цмокі арміі людзей так не могуць.

То бок Кароль Ночы, скажам шчыра, таксама па вайсковых талентах далёка не Канстанцін Астрожскі.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў