«Яе затрымлівалі дзесяць міліцыянтаў». Наталля Гарачка – пра студэнтку, якая замахнулася нагой на гарадавога

Аляксандра Самасюк. Фота з сацыяльных сетак

У суботу 23 сакавіка 18-гадовая студэнтка БДУ Аляксандра Самасюк шпацыравала па вуліцы Гарадскі вал разам з бацькам і братам. Калі яны праходзілі побач з помнікам, дзяўчына замахнулася на яго нагой. У выніку дзяўчына двое сутак правяла ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Разам з ёй у камеры сядзела грамадская актывістка Наталля Гарачка, якая і распавяла «Белсату» падрабязнасці гісторыі.

Паводле актывісткі, пасля спробы Аляксандры даць выспятка скульптуры гарадавому, з будынку МУС выбеглі 10 міліцыянтаў. Дзяўчыну затрымалі, яна двое сутак правяла на Акрэсціна. Сваякоў Аляксандры не чапалі.

У панядзелак дзяўчыну прывезлі ў суд Маскоўскага раёну, аднак суддзя загадаў дапрацаваць справу. Аляксандру вызвалілі ў зале суду.

Цяпер яна ў шоку ад таго, што адбылося, і адмаўляецца даваць каментары.

«Яна не хоча размаўляць з журналістамі, бо ў яе сям’і яшчэ трое непаўналетніх дзяцей. Апроч таго, яна вучыцца ўва ўніверсітэце і моцна перажывае, чым скончыцца гэтая гісторыя», – кажа Наталля Гарачка.

Паводле Наталлі Гарачкі, яны размаўлялі пра матывы ўчынку Сашы.

«Аляксандра лічыць, што скульптура гарадавога не мае гістарычнага і культурнага значэння, і не павінная там стаяць. Яна не разумее, чаму столькі грошай марнуюць на ахову скульптуры. – кажа Наталля Гарачка. – Гэта не беларускі помнік: гарадавы – не беларуская з’ява».

У прэсавай службе сталічнай міліцыі «Нашай ніве» распавялі, што справу Аляксандры Самасюк разгледзяць на наступным тыдні.

Помнік гарадаваму ў Менску. Фота – Максім Тарналіцкі / Onliner

Скульптуру гарадавому – праваахоўніка часоў Расейскай імперыі – паставілі ў Менску пазалетась да 100-годдзя беларускай міліцыі. З тых часоў яна рэгулярна трапляе ў навіны: актывісты ладзяць каля гарадавога акцыі, а міліцыя помсціць ім за гэта.

Найвялікшы рэзананс атрымала гісторыя, калі міліцыянты змусілі 16-гадовага падлетка прасіць у скульптуры прабачэння за тое, што ён пляснуў ёй па твары.

ДД belsat.eu

Hавiны