«Я за пазітыў». Металіст і патэнцыйны кандыдат Алесь Таболіч з ініцыятыўнай групай пад нумарам 13 правёў пікет у Менску

Алесь Таболіч, 1 чэрвеня 2020. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Першы дзень лета і дванаццаты ў зборы подпісаў за кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах-2020. На вуліцы па-асенняму прахалодна і пахмурна, але гэта не замінае мінакам затрымацца ля сталоў ініцыятыўных групаў, каб пакінуць сваё прозвішча і імя ў падпісных лістах.

Раён метро Каменная горка заўжды напоўнены людскімі патокамі: хто спяшаецца дабрацца да свайго спальнага мікрараёну, у іншых інтарэс выклікаюць буйная будаўнічая крама ці гандлёвы цэнтр на супрацьлеглым баку, хтосьці ж імкнецца выехаць з гораду. Выгоднае месца, каб разгарнуць пункты для збору подпісаў.

На невялікім пляцы ля цэнтральнага ўваходу ў гандлёвы цэнтр «Green City» мірна суседнічаюць прадстаўнікі розных кандыдатаў – Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкала і Святланы Ціханоўскай. Усё досыць спакойна і зусім не падобна на тое, што адбывалася напярэдадні, у суботу і ў нядзелю, у розных беларускіх гарадах, калі да сталоў цягнуліся людскія чэргі ў некалькі соцень метраў.

Збор подпісаў каля «Green City» у Менску, 1 чэрвеня 2020. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ажыўленне пачынаецца з прыходам атлетычнага выгляду мужчыны, што літаральна ўвесь пакрыты татуіроўкамі. Ён хутка абягае позіркам ініцыятыўныя групы, затым пачынае азірацца па баках. На запрашэнне падпісацца за Цапкала ці Бабарыка, адказвае коратка: «Я гэтых людзей не ведаю. А вось дзе Алесь Таболіч?».

«Якая розніца, хто будзе прэзідэнтам?» Вострая гутарка з Алесем Таболічам пра Плошчу, грошы і Ціханоўскіх

Справа ў тым, што ў альтэрнатыўнага музыкі і кандыдата Алеся Таболіча на 1 чэрвеня ў гэтым самым месцы быў анансаваны пікет а 18 гадзіне вечара. Бліжэй да прызначанага часу да «Green City» адмыслова пачалі падцягвацца людзі.

На пікеце Алеся Таболіча, 1 чэрвеня 2020. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пакуль разам з імі чакаем музыку цікавімся ў татуіраванага мужчыны, чаму ён вырашыў падтрымаць менавіта Алеся Таболіча:

«У сёмым класе я слухаў «Znich», цяпер мая старэйшая дачка слухае гэты гурт. Але шчыра кажучы, я не лічу Таболіча супер ваўком палітыкі. Але з усіх кандыдатаў выбіраю яго – гэта ж лагічна».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Наконт таго, як у цэлым ён расцэньвае крок рок-музыкі вылучыць сваю кандыдатуру на выбары, хлопец з іранічнай усмешкай адзначае, што хутчэй варта разглядаць гэты жэст, як медыйны і жартаўлівы:

«Чалавек з рок-метал-байк тусоўкі заўжды нясе нейкую альтэрнатыву. І для нашага народу, відавочна, ужо прыеліся тыя, хто выходзяць з эканамічнай і палітычнай галін, хочацца новага подыху. Алесь адпавядае яму! Толькі варта каманду набраць».

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

З невялікім спазненнем, а 18.05, да ўваходу ў гандлёвы цэнтр нарэшце набліжаецца Алесь Таболіч, несучы складны столік, крэсла і падпісныя лісты. Яго тут жа акружаюць маладзёны і людзі больш сталага веку, з выгляду сапраўдныя аматары цяжкога металу. Яшчэ колькі хвілін замінкі для пошуку сваёй ініцыятыўнай групы і найбольш зручнага месца для збору. І вось да стала выцягваецца чарга на два дзясяткі чалавек. Хтосьці не губляючы часу фатаграфуецца і перакідваецца некалькімі словаў з музыкам.

Пікет Алеся Таболіча, 1 чэрвеня 2020. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Тут жа адбываецца невялікі канфлікт. Сярод шэрагу зʼяўляецца чалавек сталага ўзросту, ён прапануе людзям цэдулкі з адрасамі сайтаў, на якіх, маўляў, можна знайсці праўдзівую, не цэнзураваную інфармацыю. З указаных рэсурсаў асаблівую ўвагу ён звяртае на сайт Зянона Пазняка, а таксама заклікае людзей байкатаваць прэзідэнцкія выбары.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Мы ж вяртаемся да Алеся Таболіча, каб задаць яму колькі пытанняў пра яго вылучэнне ў кандыдаты.

«Ведаеце, проста надакучыла, хочацца, каб у грамадстве штосьці змянялася, каб людзі не сядзелі на канапах, а нешта прадпрымалі. Але я выключна за пазітыў у гэтым пытанні. У першую чаргу людзі павінны зразумець, што мусяць адбывацца перамены», – тлумачыць ён.

У адрозненні ад Бабарыкі, Таболіч пакуль не кажа колькі сабраў подпісаў. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Напярэдадні Алесь разам са сваёй невялікай камандай падтрымкі пабывалі ў Салігорску і Горадні. Па яго словах, складваюцца неверагодныя ўражанні ад таго руху, што цяпер адбываецца, калі выбудоўваецца чарга больш за дзвесце чалавек рознага пакалення, нефармалы і інтэлігенцыя. І ўсе яны пазітыўныя і ўсмешлівыя, адзначае ён.

Тым часам чарга ўсё павялічваецца – за паўгадзіны ў ёй ужо ля сарака чалавек. Сярод людзей шмат, хто асабіста ведае Алеся і таму лічыць сваім абавязкам патрымаць яго ў гэтай справе.

«Гэта мой даўні знаёмы, выдатны музыка і добры чалавек. Хочацца даць яму шанец. Ці атрымаецца ў яго што, невядома, але калі не спрабаваць, то нічога не будзе», – каментуе сваю прысутнасць у чарзе дзяўчына.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Удаецца знайсці і тых, для каго падтрымка Алеся Таболіча ў першую чаргу спроба дабіцца палітычных пераменаў.

«Калі шчыра, то пакуль я іншых кандыдатаў не бачу. І ўсе тыя, што знаходзяцца на кіруючых пасадах пры цяперашняй уладзе, шмат абяцаюць, а па выніку да людзей ставяцца, як да рабоў. Пакуль не будзе грунтоўных змяненняў, нічога добрага тут не выйдзе. А Алесь дастаткова малады і яшчэ не прагніў», – адзначае малады чалавек.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Мы накіроўваліся ў гандлёвы цэнтр, але пабачылі пікет і вырашылі падпісацца. Падрабязнасцяў я пра гэтага чалавека не ведаю, але калі ён не прапрэзідэнцкі, то яго можна падтрымаць. Нам трэба паказаць уладзе тую масу, якая супраць, не сядзець на канапах і баяцца», – мяркуе хлопец.

«Таболіч – гэта альтэрнатываў усім астатнім, бо розніцы паміж Лукашэнка ці кімсьці з вылучаных няма, – яны палітыканы, а ён чалавек ад народа», – зазначае малады чалавек.

Аляксандр Памідораў. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Бліжэй да 19 гадзіны да пікету далучыўся музыка Аляксандр Памідораў. Ён заспяваў некалькі песень у акустыцы, у тым ліку напісаную спецыяльна ў падтрымку Алеся Таболіча.

«Я адгаворваў Таболіча ад удзелу. Але, калі яго ініцыятыўную групу зарэгістравалі, ну што ж трэба рабіць, нават у форме прыколу, але прымаць удзел», – кажа Памідораў.

Пікет Алеся Таболіча, 1 чэрвеня 2020. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Разам з камандай Алеся Памідораў наведваў Салігорск і Горадню. Па яго назіраннях, у людзей прысутнічае інтарэс да кандыдата-музыкі. Што ж тычацца масавасці пікетаў, дык відавочна гэта сітуацыя падагрэтая санітарна-эпідэміялагічным становішчам, а таксама тым, што ўлада і народ ужо даўно існуюць кожны сам па сабе, людзям усё абрыдла, падкрэслівае Аляксандр.

«Можа ўзнікнуць натуральны варыянт крытычнай масы. І калі мы стаім у гэтых чэргах, калі мы падпісваемся за Таболіча, то натуральна набліжаем момант узнікнення гэтай крытычнай масы. Гэта не значыць, што мы робім нейкі майдан. Мы выступаем за прынцып, што ўлада мусіць змяняцца. Але прыгадаю вам 1991 год, тады крытычная маса выбухнула, ніхто яе не ладзіў і не арганізоўваў, людзі выйшлі самі, ніхто не здолеў нічога зрабіць: ні міліцыя, ні аўтаматчыкі, ні танкі. Да такога даводзіць не трэба, але яно можа здарыцца само».

Алесь Таболіч на пікеце. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Агулам за гадзіну да стала, дзе збіраліся подпісы за Алеся Таболіча выстраілася болей за шэсцьдзесят чалавек. Людзі розных узростаў, музычных густаў і культур не пашкадавалі свайго часу, не спужаліся дажджу, каб падтрымаць альтэрнатыўнага кандыдата.

Святлана Ціханоўская: «Я не высыпаюся». Патэнцыйная кандыдатка на прэзідэнцтва пра падзеі апошніх дзён

Хрысціна Чарняўская, фота Ірына Арахоўская Belsat.eu

Hавiны