«Я разумею, што, у прынцыпе, гэты зборнік на**й нікому не патрэбны»

Стась Карпаў – публіцыст, дызайнер і блогер амаль без лаянкі распавядае «Белсату» пра сваю першую кнігу.

Ягоныя допісы і рэфлексіі на розныя падзеі выклікаюць шмат дыскусіяў у фэйсбучнай прасторы. Цяпер Стась рыхтуецца да прэзентацыі свайго першага зборніка вершаў «Канцылярыі розных спраў».

– Стась, як прыйшла ідэя выдаць зборнік?

– Яна не прыйшла, ты ведаеш. Я пішу вершы з дзяцінства. І ў адзін момант мяне проста пачалі дзяўбсці людзі: «Давай, давай». Дзмітрыеў усё казаў: «Давай мы тваю кніжку выдадзім». Калі «Гавары праўду» былі багатыя. А я не хацеў нікому нічым быць абавязаным.

Пасля грошы на кніжку мне падарылі бацькі. А я іх проста прапіў, таму што тады выдаваць абсалютна нічога не збіраўся. Прайшло яшчэ гады два. І я вырашыў: «Ладна». Сёлета мне споўнілася 35, зрабіў сабе такі падарунак.

Вокладка зборніка. Фота Валерыі Уласік

– Чаму кніга называецца «Канцылярыі розных спраў»?

– Калісьці слухаў нейкую перадачу, там распавядалі, што ў старажытным Кітаі была пры імператары такая арганізацыя, якая яму ш*юх цягала. Называлася яна «Канцылярыя асабліва важных спраў» і займалася выключна бля*камі найвышэйшай асобы краіны. І тады я напісаў верш пра канцылярыю. Пра КДБшніка, які пасля выбуху ў менскім метро выходзіць з будынку КДБ, ідзе па Раманаўскай Слабадзе да станцыі метро Фрунзенская. Таму што ён не хоча ісці на Купалаўскую. Карацей, «Канцылярыя важных спраў» у галаве засела і менавіта так хацеў назваць зборнік. Але я ж такі чалавек мніцельны, прыслухоўваюся да таго, што мне кажуць. А мне сказалі: «Ху*ня».

Тады я вырашыў, што наогул не буду рабіць вокладку ў зборніку і назаву кнігу «Вокладкунах».

Умбэрта Эка, па-мойму, распавядаў пра назву кнігі «Імя ружы»: ружа на працягу свайго існавання як сімвала, напластавалася такой вялікай колькасцю сэнсаў, што па-сутнасці страціла любы сэнс. І таму, ён казаў, самая крутая назва – тыпу «Тры мушкецёры». Бо яна ні да чаго не падштурхоўвае. Вось я і хацеў ні да чаго чытачоў не падштурхоўваць. Аднак жонка не ацаніла: «Ты выдаў зборнік, а цяпер пахабіш такой назвай дурацкай». Ну, думаю, ладна, няхай будзе тады «Канцылярыя розных спраў». Хаця па выніку палітычная тэма ў зборніку атрымалася зусім другасная.

– А якая першасная?

– Надвор’е, настрой ху*вы, антрапацэнтрычныя рэфлексіі такія.

Вокладка зборніка. Фота Валерыі Уласік

– Хто маляваў ілюстрацыі да кнігі?

– У таты былі малюнкі, якія ён рабіў па маладосці. Я ў яго некалі стырыў усе гэтыя ілюстрацыі, цяпер яны вісяць у мяне ўдома. Калі пачаў рабіць кніжку, я на іх зрокам упёрся і зразумеў, што вось тое, што трэба. Гэта цыкл пра чалавека: ён там то стаіць, то сядзіць, то па горадзе шляецца і напрыканцы сыходзіць. Я, натуральна, не змог зрабіць так, каб бацькаў сюжэт супаў са зместам кнігі, таму малюнкі проста раскіданыя па атмасферы. Папрасіў тату толькі дамаляваць для вокладкі будынак КДБ і Цанаву ў вежы. А на зваротным баку ён ужо намаляваў Курапацкую тэму, там дрэўцы ў крыжы пераходзяць, калі прыглядзецца. Гэта для ўважлівых. Ну і Цанава таксама для ўважлівых.

– Распавядзі пра працэс падрыхтоўкі. Колькі часу прайшло ад ідэі да рэалізацыі?

– Хацеў выдаць зборнік да дня нараджэння. Гэтак яно і атрымалася.

Пачаў займацца ўлетку. Рэдактарам быў мой школьны настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Мы з ім так смешна сустракаліся. Два разы з чатырох нават не размаўлялі пра кніжку, проста напіваліся. Яшчэ два разы прысвячалі ёй гадзіны паўтары, а потым ламаліся зноўку. Ну і налягалі на півас. А пасля Воля Гардзейчык дапамагала вельмі моцна. Яна знайшла 86 памылак пасля нашых праверак. Як там было: «Я і два філолага ў скверыку гудзелі». Ну вось.

– Чакаеш чагосьці ад выдання зборніка? Ці рабіў гэта выключна для сябе?

– Для сябе. Я зрабіў усё так, як хацеў: з людзьмі, якімі хацеў, з татавымі ілюстрацыямі, з маёй назвай. Адзіны камертончык – каб на душы было спакойна. Калі спакойна, значыць, усё робіцца правільна.

Мне як бы прыемна, што кніжка ёсць. Можа быць людзі, якія мяне любяць, радуюцца. Аднак я разумею, што ў прынцыпе, гэты зборнік на*уй нікому не патрэбны. Магчыма, два з паловай чалавекі, сапраўды аматары паэзіі, купяць. Я стараюся не дурыць нікому галавы з гэтай кнігай, наколькі гэта магчыма. Прэзентацыю ўсё ж раблю.

Наагул, некалькі гадоў таму нейкі чалавек, не памятаю, хто, сказаў файную фразу: «У Беларусі кошт любога дзеяння надзвычай высокі». Гэта афігіцельна трапна. У нашай краіне стаць больш-менш медыйным, вядомым, ці стаць героям барыкадаў можна не будучы героем і не зрабіўшы нічога, каб быць медыйным.

– Чаму тады вырашыў выдаць «Канцылярыі розных спраў»?

– У мяне ёсць сябра заакіянскі, Рабіновіч. Дык ён сказаў: «Творца – гэта тутавы шаўкапрад. Ён жа не можа не выдзяляць. Ён кожны дзень выдзяляе». Вось і я таксама выдзяляю (усміхаецца).

– А на будучыню ёсць думкі працягваць «выдзяляць»?

– Не ўпэўнены, што праз 15 гадоў мне будзе, што сказаць. У мяне і так зараз дзве з паловай тэмы. Ці гэта наступае нейкая душэўная чэрствасць з пражытымі гадамі, ці інтэлектуальнае выгаранне, ці проста стомленасць. Мяне і так усё ўжо зая*ала, па шчырасці. І з кожным годам усё за*бацее і за*бацее становіцца. Думаю, што ў 50, лепшае, што змагу рабіць – пісаць ху*выя рэцэнзіі на вершы маладых паэтаў. У людзей сталага ўзросту гэта атрымліваецца вельмі арганічна, па-мойму.

– Якія тры аўтары на цябе найбольш паўплывалі?

– Гэта ў Бабеля, здаецца, была фраза: «Чалавек за сваё жыццё павінен прачытаць тры кнігі. Але каб зразумець, якія, трэба прачытаць тысячу». Для мяне гэта адназначна Альбер Камю. Яшчэ Айн Рэнд. І, напэўна, Сэлінджэр.

– А калі казаць пра беларускую літаратуру?

– Мая беларуская літаратура пачалася з «Аблавы» Быкава. Гэты твор пакінуў проста вельмі моцнае ўражанне, калі мы праходзілі яго ў школе. Натуральна, Караткевіч, Брыль, Маўр у адпаведным узросце чапляюць.

А паэзія для мяне пачалася з Анемпадыстава. Проста адкрыццём была, новы свет. Калі чалавек заглыблены ў паэзію, то моцна ўразіць Янка Купала. Але для гэтага трэба крыху падумаць. Узяць хаця б верш «О так! Я – пралетар!» Там жа напрыканцы: «Адно… не збыў яшчэ ўсіх бед: мне сняцца сны аб Беларусі!» Гэта перформанс у чыстым выглядзе, разумееш. Мастацтва, якое выкарыстоўвае кантэкст. Дык вось прыкалаціць яйкі да бруку – гэта гаўно, а не мастацтва. А калі ты ў паслярэвалюцыйныя гады пішаш нібыта камуністычны маніфест гэтай мудацкай ідэалогіі, а заканчваеш усё радкамі «Мне сняцця сны аб Беларусі», – гэта выбух бомбы. Гэта вельмі крута. Гэта мяне чапляе. Іхнія Pussy Riot побач не стаялі.

– А сярод сучасных беларускіх творцаў ёсць тыя, хто пакінуў добрае ўражанне?

– Таня Светашова мне падабаецца, паэтка. Наведваў прэзентацыю ейнай кнігі. І гэта быў той суперскі выпадак, калі не прыходзілася хлусіць, што атрымалася добра.

– А часта такое здараецца?

– З блізкімі людзьмі можна быць адкрытым. Так акуратненька і далікатна сказаць, што табе падабаецца, а што не. Калі ты сустракаешся з публічным чалавекам, то гэта не таму, што вас звязвае нейкая агульная гісторыя – з дзяцінства, а таму, што вы адзін адному сітуацыйна цікавыя. Табе можа быць цікавы чалавек, але не цікава тое, што ён робіць. Ці наадварот. Такіх я ведаю дзясяткі, сотні. І атрымліваецца, што 90% маіх кантактаў – гэта змаганне з нелюбоўю крывадушнічаць. Ёсць шчаслівыя выключэнні, але ў асноўным я стараюся дыстанцыявацца ад тусовак. Не люблю хлусіць.

– Даволі часта цябе параўноваюць з Горватам. Ці трапна?

Фота з Фэйсбуку Стася Карпава

– Людзі параўноўваюць, таму што падабаецца ім вельмі Горват. І падабаюся я, дапусцім. Андрусік свой поспех здзейсніў. Ну і цяпер я кніжку выдаю. Таму і параўноваўваюць. Але мы вельмі розныя. Ён піша прозу, я – паэзію, у асноўным. Ён не лаецца матам, я – лаюся. Ён харошы, я не вельмі.

Андрусік цудоўны, я яго люблю. Горват стаў з’явай можа не дзесяццігодзяў, але дзесяцігоддзя – бясспрэчна. Хаця, я думаю, што і дзесяццігоддзяў. Гэта вяртанне нам беларускай літаратуры. Хаця, ён, пэўна, сам ніхера не зразумеў, як ён гэта зрабіў.

Кніга «Радзіва Прудок» магла б быць не беларускім, а сусветным бэстсэлерам. Гэта, як калі б Кулінковіч нарадзіўся ў Амерыцы. Ён быў бы вельмі, вельмі, і вельмі багатым і на ўвесь свет папулярным. Калі б Вольскі з ягоным талентам нарадзіўся хаця б у Польшчы, ён быў бы вельмі заможны і знакаміты чалавек. І NRM бы не распаўся наогул. Кася Камоцкая калі б нарадзілася хаця б у Расеі, была бы вельмі знанай на агромністай прасторы. Мы падтрымліваем сваіх, але ёсць некаторыя «свае», якія недастаткова падтрыманыя. Якім не пашчасціла нарадзіцца ў гэты час, у гэтай краіне. Гэтыя людзі – як паліва для нашай радзімы. Праблема ў тым, што як і любое паліва, яны спальваюцца бясследна. Але дзякуючы гэтаму твая тачка едзе, канешне.

– Нейкая сумная ў нас канцовачка атрымалася.

– Затое едзем.

Прэзентацыя зборніка вершаў «Канцылярыі розных спраў» адбудзецца 9 кастрычніка ў гульнявой прасторы «Кувалда» у 19.00.

Гутарыла Валерыя Уласік, belsat.eu

Hавiны