«Я не ваюю. Я не іду на вайну». Віктар Бабарыка адказаў на пытанні ў жывым эфіры

Віктар Бабарыка. Фота – belgazprombank.by

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты, экс-банкір Віктар Бабарыка адказаў на пытанні ў жывым эфіры Instagram.

Збольшага ён казаў пра тэхнічныя дэталі выбарчай кампаніі: далучэнне да ініцыятыўнай групы, камунікацыю з прыхільнікамі і г.д Мы сабралі самыя цікавыя цытаты з 30-хвіліннага стрыму.

Ад самага пачатку Бабарыка папярэдзіў гледачоў, што на некаторыя пытанні адкажа толькі пасля рэгістрацыі ЦВК.

«На канфліктныя пытанні адказу даць я не магу, бо ёсць прававыя абмежаванні», – патлумачыў ён.

Бабарыка распавёў, што да яго ў ініцыятыўную групу запісалі ўжо больш за 8 тысяч чалавек. 15 траўня ён падаў дакументы ў ЦВК на рэгістрацыю сваёй групы – тады ў спісе было 5600 ідэнтыфікаваных асобаў. Ён адзначыў, што да панядзелка ягоная каманда звяжацца з астатнімі, каб пацвердзіць асобы, і падасць дапоўненыя дадзеныя ў выбаркам.

Пракмантаваў ён і свае рашэнне балатавацца на сёлетніх выбарах.

«Мае рашэнне не вымушанае, а цалкам базуецца на маіх разважаннях, на ацэнцы маіх магчымасцяў і на разуменні, што я магу зрабіць. 20 гадоў быць кіраўніком адной арганізацыі – гэта няправільна, павінна быць зменнасць», – сказаў ён, маючы на ўвазе сваю працу ў «Белгазпрамбанку».

View this post on Instagram

Доброе утро, дорогие друзья! ⠀ Нас уже больше 8000! Огромное вам всем за это спасибо! ⠀ Как вы, наверное, уже знаете, сегодня в 12:00 мой дебют в Инстаграм. ⠀ Я постараюсь ответить на самые актуальные вопросы членов инициативной группы без всякой агитации и программных заявлений. ⠀ Но не забывайте расширять нашу группу за счёт новых участников (ссылка в шапке профиля⬆️) ⠀ Вместе мы победим! Присоединяйтесь и приглашайте друзей! ⠀ #бабарико #бабарыка #babariko #babaryka

A post shared by Виктор Бабарико (@viktar_babaryka) on

«Я абсалютна ўпэўнены ў кампетэнтнасці ЦВК»

Калі гледачы запыталі ў патэнцыйнага кандыдата, ці размаўляе ён па-беларуску, Бабарыка сказаў:

«На жаль, у маім жыцці размаўляць па-беларуску не было асабліва патрэбна, таму я не так часта ўжываю беларускую мову. Але я не проста абяцаю, я буду валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі».

Людзі таксама пацікавіліся, што ён будзе рабіць у выпадку нерэгістрацыі ЦВК.

«Прабачце, не гатовы на гэтае пытанне адказваць. Я абсалютна ўпэўнены, што ні фармальных, ні нефармальных падставаў у ЦВК няма. Я абсалютна ўпэўнены ў іх кампетэнтнасці.

Слова «разумнасці», напэўна, няправільнае ў дачыненні да арганізацыі, але ўсё-ткі ў разуменні, што колькасць удзельнікаў – лепш, чым іх адсутнасць».

Бабарыка і Цапкала падалі дакументы ў Цэнтрвыбаркам

Называць прозвішчы чальцоў сваёй каманды Бабарыка не стаў. Паводле яго, гэта маладыя людзі, якія дапамагаюць яму на валанцёрскіх пачатках у складзе ініцыятыўнай групы. Цяпер у кампаніі Бабарыкі 51 рэгіянальны каардынатар. Ён паабяцаў, што да панядзелка яны будуць ва ўсіх гарадах Беларусі.

На пытанне, як ён успрыме паражэнне на выбарах, Бабарыка адказаў:

«Я не ваюю. Я не іду на вайну. Я спрабую патлумачыць, што я – менеджар. Я чалавек – які, як мне падаецца, разумее, чаму мы апынуліся ў такой сітуацыі».

У каментарах пад стрымам гледачы звярнулі ўвагі, што Бабарыка вымаўляе «падпісей» замест «подпісаў», а ён падзякаваў за выпраўленне, бо «не ведаў, як правільна».

КА belsat.eu

Hавiны