«Я ім дарую». Арганізатар акцыі ў Аўшвіцы адказаў беларусам


Сёння суд вынесе прысуд удзельнікам прадстаўлення «Love Macht Frei» на тэрыторыі былога канцэнтрацыйнага лагеру ў Польшчы. Напярэдадні мы пагаварылі з Мікітам В., адным з яго арганізатараў, аб пакаянні за забітую авечку, галодным Лукашэнцы і хэйце ў інтэрнэце.

24 сакавіка 2017 гады пяцёра беларусаў, шэсць палякаў і немец распрануліся на тэрыторыі музейнага комплексу «Аўшвіц», на надпісы на варотах «Праца робіць свабодным» закрылі слова «Arbeit» расцяжкай са словам «Love», запусцілі некалькі петардаў і вусна прызналіся ў любові да розных краінаў свету.

Акцыю на працягу паўгода рыхтавалі два беларуса, якія пражываюць у Польшчы: студэнт Лодзскай кінашколы Адам Б. і студэнт Акадэміі мастацтваў у Кракаве Мікіта В. Першы падчас акцыі закалоў авечку.

«Па выдатках сілаў і сродкаў гэта як падрыхтаваць спектакль з удзелам ста асобаў», – прызнаецца Мікіта В.

Пра «Love Macht Frei» паведамілі ўсе сусветныя медыя, у Беларусі ж падзея засталася практычна незаўважанай – мабыць, з-за таго, што супала па часе з пратэстамі дармаедаў і жорсткім разгонам маршу ў Дзень Волі.

У нашай краіне пра гэты гэпэнінг загаварылі толькі пасля апошняга слова яго ўдзельнікаў у судзе – яно прагучала 8 студзеня.

Пад матэрыяламі ў беларускіх медыя пра акцыю з’явіліся сотні каментароў, аўтары якіх ацэньваюць учынак беларусаў вельмі негатыўна.

Напрыклад, даволі стрыманы на фоне іншых каментар карыстальніка имхо_ на пляцоўцы Talks.by «Пакінуць гэтых дэгенератаў у Асвенціме з адпаведнымі харчамі і абыходжаннем. Можа хоць на ўзроўні рэфлексаў засвояць, што мемарыяльныя комплексы не для дэбільных перформансаў» сабраў 162 лайка.

Малады чалавек кажа, што на каментатараў не злуецца.

«Людзі не разумеюць акцыю таму, што з гэтым дэ-факта трэба пагадзіцца. Усё роўна, што сказаць: «Я разумею Гэгеля», хоць там нічога не зразумела. У перформансе ж няма нічога незразумелага. Каб зразумець – трэба прыняць, а прыняць пакуль грамадства не хоча. Маё перакананне ў тым, што яго зразумеюць. Можа яго зразумеюць праз год ці зразумеюць тады, калі ўбачаць не труп авечкі, а калі вайна пачнецца, і яны спытаюць: чаму ніхто не пратэставаў? А вось яны пратэставалі, іх у турму саджалі».

«Беларусы хэйцяць, але да Беларусі гэта наагул не мае дачынення – можа толькі настолькі, наколькі закранае гістарычны кантэкст: за межы Беларусі пасылалі людзей у Афганістан і вярталі без галоў. Прымушалі паверыць, што адстойваем свае інтарэсы, а насамрэч зжыраюць жыўцом людзей. Гэта і да Польшчы не мае дачынення. Аўшвіц – не польскі лагер, палякі да яго маюць дачыненне таму, што ён на іх тэрыторыі», – кажа аўтар.

Дымавая заслона ад запаленых петардаў падчас перформансу Love Macht Frei. Кадр з відэадакументацыі групы

Мікіта прызнаецца, што выбралі для правядзення перформансу менавіта гэтае месца таму, што такім чынам можна было гарантаваць увагу сусветных СМІ.

«Калі мы перажываем, што гінуць нявінныя людзі, дзе мы павінны былі выказаць свой пратэст? Не ў кавярні ж. У Польшчы такімі перабежкамі мы прыходзім да Асвенціма – месца, дзе таксама загінула шмат нявінных, – кажа Мікіта. – Нас заклікаюць не паўтараць трагедыю, але ў гэты час салдаты едуць у Сірыю».

«Я дэмакрат, праваслаўны чалавек, і бачу, што мы кепска ставімся да мусульманаў. Праблемы з міграцыяй, чужыя войскі ва Украіне, Іраку, Афганістане, Сірыі. Мне не падабаецца, што мы, амерыканцы, еўрапейцы, расейцы – хрысціянскі свет – стала туды лезем, крыўдзім іншыя народы. Яны ж не прыехалі на Майдан на джыпах дапамагаць вырашаць канфлікт. Заўважце таксама, што мы робім з мусульманаў пагрозу: калі тэрарызм, то заўсёды вінаваты мусульманін, а не Руская праваслаўная царква», – дадае ён.

За апаганьванне месца памяці ўдзельнікам акцыі пагражаюць штрафы альбо грамадскія працы. Адама Б. і Мікіту В. абвінавачваюць таксама ў забойстве жывёліны, ім пагражае адпаведна 2 гады і 6 месяцаў і 2 гады і 2 месяцы турэмнага зняволення. Хлопцаў таксама можа чакаць 5-гадовая забарона на прафесію і дэпартацыя.

Паводле Мікіты, яны не апаганьвалі мемарыял. Гэта было мастацкае выказванне і заклік да міру ва ўсім свеце, а забойства авечкі – сімвал бязвіннай ахвяры вайны.

«Мы працуем з сімваламі. Калісьці людзі зразумеюць тое, што мы гэта зрабілі не таму, што не паважаем, а паважаем нават больш чым тыя, хто гэтага не ведае і не разумее. Я паважаю ахвяраў Галакосту ў тысячу разоў больш, чым тыя, хто пішуць абразлівыя каментары. Яны нічога не перажылі, а я з гэтай авечкай, сутычкай з уладай, перформансам перажыў у тысячу разоў больш. Мы нікога не крыўдзім і нічога дрэннага не зрабілі. Нам не паступалі скаргі ад ахвяраў Галакосту».

Падчас размовы становіцца зразумела, што аўтары гэпэнінгу зусім не задумваліся аб прававых наступствах іх ўчынку. Фота – Дзяніс Дзюба

«Справа не ў тым, што я не адчуваю пакаянне за жывёліну, а ў тым, што я не хачу яго паказваць: каб выйсці на раўнапраўны дыялог з судом, – кажа мастак. – Я чытаў рэакцыю ў сеціве, і гэта выклікала ў мяне шмат эмоцыяў. Не такіх, што мне стала крыўдна, я разумею, што людзі, якім гэта не падабаецца, спрабуюць абараніцца. Я ім выбачаю гэта, але я ні ў каго не хачу прасіць прабачэння, я хацеў каб яны ганарыліся намі. У Беларусі нам усё жыццё паўтараюць, што мы не хочам вайны – вось мы гэтую традыцыю і падтрымліваем».

Ахова музейнага комплексу ў Асвенціме падчас затрымання ўдзельнікаў акцыі. Кадр з відэадакументацыі групы Love Macht Frei

Мікіта адмовіўся ад паслугаў адваката і не звяртаўся па дапамогу да амбасады. Хоць падтрыманне МЗС было б для яго прыемным, дала б яму адчуць сябе «часткай чагосьці»:

«Гэта ж у інтарэсах дзяржавы – абараняць свайго грамадзяніна. Бо яно ж існуе для мяне, а я для яго. Я не вайсковец, але я абараняю сваю дзяржаву за мяжой, не спрабую яго чмырыць без нагоды. Беларусь павінна гнаць сюды хвалю. Навошта нам дыпламаты, калі яны нічога не робяць? Я быў і застаюся ў апазіцыі, але гэта не азначае, што я не люблю краіну. Я толькі супраць улады. Мы – сям’я ў канфлікце. Таму як сваякі мы павінны адзін другому дапамагаць. Калі б Лукашэнка ляжаў галодны пад маім домам, я б прытуліў яго на некалькі месяцаў, не пакінуў бы ў бядзе».

«Беларусы павінны паступаць як цывілізаваныя грамадзяне іншых краінаў – незалежна ад поглядаў. Французы, амерыканцы, немцы ці расейцы ў сітуацыі, калі іх грамадзянін за мяжой падвяргаецца небяспецы, у першую чаргу выцягваюць яго з д…ы, а потым ужо разбіраюцца», – дадае хлопец.

Прэс-сакратар амбасады Беларусі ў Польшчы Яўген Рабцаў паведаміў «Белсату», што супрацоўнікі дыпкорпуса на суд у Асвенціме ехаць не збіраюцца, бо «ў амбасады ёсць іншыя справы».

Мікіта В. у цэнтры Варшавы. Фота – Дзяніс Дзюба

Прысуд абвесцяць сёння а 15:00 па менскім часе.

Дзяніс Дзюба, Дар’я Румянцава

Стужка навінаў