«Я буду монстрам для тых, хто паспрабуе пасварыць нашыя народы», – кіраўніца «Белсату»


10 гадоў таму беларусы ўпершыню пабачылі перадачы тэлеканалу «Белсат». 10 снежня 2007 году, у Дзень правоў чалавека, канал першы раз выйшаў у тэлеэфір.

З нагоды юбілею дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўска-Гузы распавяла радыё Свабода, як «Белсат» хоча выжыць у эру «смерці тэлевізіі», што яна лічыць галоўным дасягненнем «Белсату» за 10 гадоў, навошта адзінай незалежнай беларускай тэлевізіі кулінарнае шоў і калі яна сама збіраецца пакінуць пасаду.

– Пані Агнешка, першае пытанне ня вельмі святочнае. Ці 2018 год – гэта апошні год «Белсату»?

– Не. Наш канал запісаны ў дзяржаўны бюджэт. Установы без палітычнай падтрымкі туды не трапляюць. «Белсат» быў запісаны ў польскі бюджэт двойчы, у першыя два гады працы. Потым міністр замежных справаў Радослаў Сікорскі ініцыяваў пераход каналу пад кантроль МЗС. Бюджэт працягваецца, як правіла, паводле прынцыпу copy-paste. Я перакананая, што гэта доўгатэрміновая дэкларацыя. Калі б Белсат павінен быў скончыцца сёлета, то так бы і было.

Студыя «Белсату» у Варшаве

– У першы год працы каналу Gazeta Wyborcza апублікавала артыкул Максіма Жбанкова, дзе ён вельмі крытычна ацаніў працу «Белсат». Адным з галоўных закідаў была «адсутнасць рэчаіснасці Белсату», то бок атмасферы і стылю. Што сёння вы лічыце стрыжнем каналу, яго сутнасцю?

– Гэта паказваюць даследаванні. «Белсат» моцна звязаны са сваім гледачом. Важны складнік сутнасці нашага каналу – яго беларускамоўнасць. Некаторыя, як чуюць у нас пару сказаў па-расейску, то пачынаюць панікаваць, што канал стане расейскамоўным. Ня стане. Канал сёння мае сур’ёзную пазіцыю. І яна ёсць дзякуючы таму, што «Белсат» беларускамоўны. Паводле вынікаў даследавання аўдыторыі, нават для расейскамоўных гледачоў беларуская мова важная. Яны зусім інакш успрымаюць змест, калі ён па-беларуску. Гэта цікавая дэталь на ўзроўні псіхалогіі.

Калі гледачы ацэньвалі нашых вядоўцаў, то расейскамоўныя ім нагадвалі вядоўцаў расейскай тэлевізіі. Беларуская мова аказалася фундаментам, на якім мы збудавалі з гледачом давер.

– А што вы лічыце галоўным дасягненнем каналу за гэтыя гады? Чым асабліва ганарыцеся?

– Наш галоўны поспех – пабудова сапраўднай культурніцкай інстытуцыі, якая трывала стаіць на нагах. Гэта ня проста тэлевізія, гэта ўстанова. Калі ў людзей праблемы, то яны звяртаюцца да нас. Гэта, вядома, не азначае, што маем нейкі вырашальны ўплыў на рэчаіснасць. У Беларусі такі ўплыў мае ўлада. Але нас людзі ўспрымаюць як установу, дзе можна знайсці падтрымку.

Журналісты «Белсату» на дэманстрацыі 25 сакавіка, 2017 год

– Маладыя людзі сёння мала глядзяць тэлевізар. Як «Белсат» плануе прыцягваць іх да сябе? Менавіта яны праз некалькі гадоў будуць асноўнымі спажыўцамі інфармацыі і вырашаць лёс краіны.

– Зарана казаць, што тэлевізія памрэ. Нават калі яна памірае ў традыцыйнай формуле, то адкрываецца другое дыханне ў нетрадыцыйнай форме. Відэаматэрыял не перастае быць цікавы. Галоўнае, як яго прапанаваць спажыўцу інфармацыі. Тэхналагічная рэвалюцыя змяняе фармат, а ня змест. Нашыя гледачы глядзяць канал праз спадарожнікавую антэну, праз інтэрнэт, а трэцяя катэгорыя – выпадковыя гледачы. Гэта людзі, якія выпадкова адкрываюць для сябе Белсат праз сацыяльныя сеткі.

Выклік сучаснай тэлевізіі – гэта павелічэнне шляхоў да гледача. Культурніцкія праграмы і навіны глядзяць розныя людзі. Мы плануем падаваць нашую інфармацыю праз Ютуб для розных катэгорыяў гледачоў. Ствараем аплікацыю Smart TV. Ужо маем мабільную аплікацыю для Android, а неўзабаве будзе і для Apple. Я вельмі хачу, каб «Белсат» быў трансляваны праз другі спадарожнік. Гэта дорага, але дазволіць пакрыць вялікую колькасць краіны. Мы будзем пашырацца, шукаць розныя шляхі сустрэчы з гледачом. Тэлевізія не памірае, яна проста інакш уплывае на чалавека.

Журналіст «Белсату» Юрась Высоцкі на Данбасе

– Адносіны паміж Беларуссю і Захадам цяпер наладжваюцца. Ці стала журналістам прасцей працаваць у Беларусі?

– Сітуацыя папраўдзе парадаксальная. Калі зважаць на колькасць затрыманняў і штрафаў, то стала горш. Асабліва моцна ад гэтага цярпяць нашыя супрацоўнікі ў рэгіёнах. Але з іншага боку, працаваць стала прасцей, бо нашая каманда загартавалася. Калі раней нешта здавалася немагчымым, то цяпер людзі навучыліся і прызвычаіліся. Мая бабуля казала, што адважны ня той, хто не баіцца, а той, хто ўмее страх перамагаць. Мы шмат чаму навучыліся. Людзі сталі адважнымі і вераць, што іхная праца мае сэнс.

– Польшча ідзе ў еўрапейскім авангардзе паляпшэння кантактаў з афіцыйным Менскам. Ці адаб’ецца гэта на паляпшэнні ўмоваў працы журналістаў? Ці дапаможа атрымаць акрэдытацыю?

– Я на гэта спадзяюся. Наш лёс у пэўным сэнсе залежыць ад адносінаў паміж Беларуссю і Захадам, асабліва ад беларуска-польскіх дачыненняў. Палітыка «перазагрузкі» працягваецца, але, як відаць, палітыка «празмернай перазагрузкі», калі зашмат жэстаў і мала сутнасці – вынікаў пакуль не прыносіць. І калі эфектаў вялікіх няма, дык, магчыма, варта ўзгадаць і пра нашыя праблемы. Але нам дапамагае ўжо тое, што ўлада ў Польшчы ставіцца да нас сур’ёзна і лічыць часткай палітычнага мэйнстрыму. Мяркую, гэта возьмуць пад увагу і ўлады ў Беларусі.

– Улада – гэта адно, але ёсць адносіны паміж народамі на ўзроўні людзей. Шмат хто ў Беларусі насцярожана глядзіць на шэраг навінаў з Польшчы, якія беларусаў засмучаюць і абураюць. Помнік Касцюшку ў Швейцарыі, вуліца Тарашкевіча ў Бельску, выстава з партрэтам Райса «Бурага» у Гданьску, мапа міжваеннай Польшчы з беларускімі землямі на варшаўскім лётнішчы. Ці ня стане «Белсат» і яго рэпутацыя закладнікам такой палітыкі?

– Мы ў нейкім сэнсе выконваем ролю сапёраў. Давайце будзем шчырымі: у нашым рэгіёне Еўропы вельмі важным элементам існавання краінаў з’яляюцца нармальныя стасункі з суседзямі. Гэта нацыянальны інтарэс і Польшчы, і Беларусі. Калі гэта адмаўляць, то ўсё будзе вельмі кепска. Пад беларуска-польскія дачыненні падкладаецца маса выбухоўкі, і мы яе стараемся раззбройваць. Менавіта таму пачынаем рабіць новую гістарычную перадачу, якая ўчыніла б «кантраляваны выбух». У гэтых пытаннях у нас супольны апанент – Расея. Яе вельмі цешылі б канфлікты паміж палякамі і беларусамі. Складаныя тэмы знойдуцца заўсёды, таму і ствараць канфлікты нескладана. І такія спробы, бясспрэчна, будуць. Наша задача гэтага не дапусціць.

Ня буду хаваць, я стану сапраўдным тыранам і монстрам для тых, хто будзе псаваць польска-беларускія дачыненні.

Журналісты каналу на здымках святочнай праграмы

– А ці супрацоўнікам «Белсату» можна крытыкаваць Польшчу? Бо такія пытанні часам гучаць.

– Белсат робіцца за польскія грошы, але гэта не азначае, што яго супрацоўнікі ня могуць нічога сказаць супраць Польшчы. Гэта не ўплывае на свабоду слова. Але я таксама лічу, што калі для кагосьці робіцца нешта добрае, то не дзеля таго, каб атрымаць потым ад такога чалавека па галаве. Калі нехта дапамагае іншаму, то не чакае, што той другі аплюе яго за гэта.

– Вы цяпер часта бываеце ў Беларусі. Ці замяняецца краіна?

– Яна трохі замянілася, але ня так моцна, як можна было б уявіць. Павольней, чым мне хацелася б. Нешта ідзе наперад, гэта бясспрэчна. Калі пры каралю Міндоўгу ездзілі на вазах, то цяпер ездзяць машынамі. Час робіць сваё. Стала больш прыватнага бізнесу, цікавых месцаў для турыстаў. У Беларусі добрыя дарогі й някепскія туалеты на трасах. У Менску стала больш бараў і кавярняў. Праўда, цэны ў іх варшаўскія і нават вышэйшыя, а заробак у Менску беларускі. Зʼявілася больш ідэяў, як паказваць сваю гісторыю, бо раней вельмі цяжка было наведваць такія месцы, не было інфраструктуры. Замак у Нясвіжы, музей Агінскага, выстава Рушчыца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Мне там вельмі спадабалася. Але ўсё ж за 10 гадоў, на маё вока падарожніка, Беларусь змянілася мала. У палітычным сэнсе стала больш апатыі. Палітыка ў Беларусі проста затрымалася.

– Вы самі сказалі, што за 10 гадоў «Белсат» стаў на ногі. Што ў каналу наперадзе? На што вы хочаце рабіць асаблівы акцэнт і як бачыце місію каналу наступныя 10 гадоў?

– Усё будзе залежаць ад нашай фінансавай сітуацыі і палітыкі. Мы будзем развівацца тэхналагічна. Будзем эксперыментаваць, калі казаць пра змест. Шмат што залежыць ад палітыкі – і ў Беларусі, і звонку. Будзем змагацца з расейскай прапагандай. Будзем шукаць новыя формы, каб быць арыгінальнымі і не падобнымі да тых каналаў, якія беларусы прызвычаіліся глядзець. Паглядзім, як людзі ўспрымуць нашыя шоў. Пачынаем кулінарную праграму. Будзем спрабаваць, каб пабачыць, што трэба гледачу.

Сядзіба Польскай тэлевізіі ў Варшаве

– Але ці гэтага глядач чакае ад незалежнай тэлевізіі – шоў пра кухню або спорт?

– А чаму б і не, калі гэта дазволіць знайсці новых гледачоў, якія нас за гэта палюбяць? Тэлевізія не павінна толькі стамляць людзей. Наадварот, яна павінна ў тым ліку і забаўляць. Прынамсі, мы гэта паспрабуем рабіць. Мы закрываем перадачы, дзе разумныя людзі толькі гавораць і гавораць. Гледача гэта стамляе.

– Пані Агнешка, ці хочацца вам пасля 10 гадоў працы на «Белсаце» пакінуць пасаду і заняцца нечым іншым?

– Ня думаю. Мы працуем як вайсковы аддзел, і я, натуральна, трошкі стамілася. Але як камандзір я павінна даваць упэўненасць сваім жаўнерам, што ім ёсць за што змагацца і што яны маюць шанец перамагчы. Гэта цяжка. Часам гэта барацьба на два франты. Але, з іншага боку, ад поўнага спакою робіцца сумна. На бліжэйшыя год-два ў мяне ёсць планы ў «Белсаце».

– Вы параўналі вашу працу з вайною. Што вы будзеце лічыць перамогаю ў ёй?

– Мы змагаемся за інфармацыю, за тое, каб да людзей ставіліся годна. Змагаемся ня супраць кагосьці, а за каштоўнасці. Гэтых мэтаў дасягнуць няпроста. Таму мы будзем існаваць заўсёды. Калі Беларусь стане дэмакратычнай, то мы пераедзем у Менск, але, напэўна, гэта адбудзецца ўжо без мяне.

Дзмітры Гурневіч, svaboda.org

Стужка навінаў