Wall Street Journal: Беларусь – Крамянёвая даліна Усходняй Еўропы


Амерыканскае выданне наведала Менск, каб зразумець феномен Парку высокіх тэхналогіяў, леташні экспарт якога ацэньваецца ў $ 705, 6 млн.

Паводле газеты, нашая «заціснутая паміж Польшчай і Расеяй 9,5-мільённая краіна» мае добра адукаванае насельніцтва і адносна танную працоўную сілу, і на сёння гэта – найбуйнейшая і найбольш стабільная крыніца аутсорсавых IT-працаўнікоў у Еўропе.

«Беларусь, якой кіруе былы старшыня калгасу, вядомая з вытворчасці трактароў. Аднак цяпер былая савецкая рэспубліка хоча стаць Крамянёвай далінай Усходняй Еўропы», – піша аўтарка матэрыялу Вольга Разумоўская.

Парк высокіх тэхналогіяў, што займае паўмільёна квадратных метраў на ўсходзе Менску, прапануе сваім рэзідэнтам падаткавыя ільготы і стварае асяроддзе, якое стымулюе інавацыйнасць, нягледзячы на тое, што беларускі ўрад мае рэпутацыю мала памяркоўнага ў дачыненні да іншадумцаў.

«Гэта адносна таннае месца для развіцця і ідэальнае месца для распрацоўкі гульняў», – кажа Пётр Іваніцкі (Piotr Iwanicki), дырэктар польскай кампаніі «Superhot Team».[/vc_column_text][vc_single_image image=”405532″ img_size=”large” add_caption=”yes” alignment=”center”][vc_column_text]«У Беларусі, якую часта называюць апошняй дыктатурай Еўропы, дагэтуль дамінуе дзяржаўнае кіраванне гаспадаркай, а прэзідэнт Лукашэнка кантралюе палітычнае жыццё. Але краіна паволі адкрываецца: летась Еўразвяз скасаваў большасць санкцыяў супраць Беларусі нягледзячы на няспыннае перасцярогі з нагоды парушэння правоў чалавека», – піша аўтарка.

Адзін з самых вялікіх поспехаў беларускага ПВТ – «Game Streem», распрацоўнік відэагульні «World of Tanks». Запушчаная ў 2010-м годзе гульня мела сёлета ў кастрычніку 12 млн актыўных карыстальнікаў.

Сярод іншых паспяховых арандатараў Парку – «EPAM Systems Inc»., сусветны пастаўшчык праграмнага забеспячэння і ІТ-спецыялістаў, стваральнік паспяховага камунікатару «Viber» і калектыў «Masquerade Technologies Inc»., які нядаўна прадаў сваю праграму «MSQRD» «Фэйсбуку».

Ідэя парку з’явілася ў ягонага сённяшняга дырэктара Валерыя Цапкалы пасля візіту ў Крамянёвую даліну напрыканцы 90-х, калі Цапкала быў амбасадарам Беларусі ў ЗША. Тады дзяржслужбовец зразумеў неабходнасць падтрымліваць таленты на радзіме.

«Мне падабаецца працаваць у Беларусі больш [чым у іншых краінах], таму што культура працы і працоўная этыка і адукацыя і якасць людзей былі на вельмі высокім узроўні», – цытуе выданне Ігара Магазініка, заснавальніка праграмаў «Viber» і «Juno Inc.». З дапамогай апошняй Магазінік збіраецца кінуць выклік «Uber».

Сярод пераваг беларускіх распрацоўнікаў суразмоўцы Вольгі Разумоўскай адзначаюць таксама высокую культуру працы, арыентацыю на сусветныя рынкі і свабоднае, у параўнанні з расейцамі, валоданне ангельскай мовай.

«Хоць Беларусь можа мець палітычны імідж, які адпужвае некаторых інвестараў, яе прававая сістэма прапануе надзейную абарону», – распавёў выданню Зміцер Матвееў, партнёр юрыдычнай фірмы «Алейнікаў і партнёры».

ДД паводле WSJ

Стужка навінаў