Вытворца «Менскай-4» папрасіў «Белсат» змяніць загаловак у навіне пра жарт з МУС

19 лістапада Belsat.eu апублікаваў нявінную навіну з загалоўкам «Менскі завод безалкагольных напояў пажартаваў над МУС» пра чарговы эпізод «прыгодаў» помніка гарадавому ў Менску, а дакладней, пра жарт Менскага заводу безалкагольных напояў (МЗБН) на гэтую тэму.

Што адбылося?

У афіцыйным пабліку мінеральнай вады «Менская-4» з’явілася фотажаба, на якой гіганцкая бутэлька мінералкі стаіць на тым самым месцы, дзе знаходзіцца помнік гарадавому. «А на Минскую-4 вешать шарфики можно и нужно», падпісаная фотажаба.

Скрыншот з vk.com/minskaya4_official

Адмін акаўнту таксама апублікаваў спасылку на навіну пра мужчыну, якога затрымалі міліцыянты за тое, што ён павязаў шалік на шыі помніка гарадавому.

Неўзабаве допіс выдалілі. Пасля чаго прадстаўнік МЗБН патэлефанаваў у рэдакцыю інфармацыі «Белсату» з просьбаю замяніць загаловак «Менскі завод безалкагольных напояў пажартаваў над МУС» на «Менскі завод безалкагольных напояў прапаноўвае ўцяпляцца да зімы» або «Менскі завод безалкагольных напояў прапаноўвае ўцяпляцца да зімы, а не жартаваць з МУС».

17 лістапада жыхар Менску накінуў на помнік гарадавому шалік, каб зрабіць фотаздымак. Да яго падышлі міліцыянты і запатрабавалі прайсці ў аддзяленне міліцыі.

МЗБН у каментары Belsat.eu падкрэсліў, што допіс быў выдалены праз «няправільную інтэрпрэтацыю». А адзіным мэсіджам, які хацелі данесці аўтары допісу, было тое, што «ідзе зіма і трэба ўцяпляцца».

Уся рэдакцыя Belsat.eu у разгубленасці. Мы не ведаем, які з гэтых загалоўкаў лепшы. Паважаныя чытачы, дапамажыце нам абраць лепшы або прапануйце свой у каментарах.

А вось і карцінкі пад будучую навіну.

Замест помніка Дзяржынскаму
Замест помніка Скарыну

 

Замест помніка Калініну
Замест помніка Леніну

Пра «прыгоды» гарадавога

Пасля публікацыі на афіцыйным youtube-канале МУС відэа, на якім маладзён просіць прабачэння ў помніка, у байнэце распачаўся флэшмоб #памятникпрости. Людзі ў жартоўнай форме просяць прабачэння ў помнікаў у сацсетках, а таксама ладзяць флэшмобы каля помніка гарадавому.

ЮВ, belsat.eu

Hавiны