Выступ кандыдата ў дэпутаты знялі з эфіру за заклік да імпічменту Лукашэнкі


Зварот гомельскага актывіста Уладзіміра Няпомняшчых, якога раней зарэгістравалі кандыдатам на парламенцкіх выбарах, знялі з тэлеэфіру, паведамляе АГП.

Выступ павінен быў прагучаць а 19-й гадзіне 22 кастрычніка, аднак гэтага не адбылося.

«Значыць, я ўсё правільна сказаў і наступіў гэтай уладзе на мазоль. Чым вельмі ганаруся. Галоўная мая «віна» у тым, што першым пунктам маёй праграмы ў парламенце будзе імпічмент Лукашэнкі», – пракаментаваў Няпомняшчых.

У сваім звароце кандыдат прапаноўваў абмежаваць ахову кіраўніка дзяржавы двума супрацоўнікамі. Таксама ён заявіў, што будзе дамагацца мінімальнай па краіне заработнай платы для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

«Для ўсіх гэтых дзеячаў, якія праседжвалі штаны, а не абаранялі народ, я буду патрабаваць не залічваць у стаж знаходжанне ў парламенце, а грошы, якія яны атрымлівалі ў выглядзе пенсіяў, заробкаў, дапамог, спагнаць у даход дзяржавы», – сказаў актывіст.

Няпомняшчых дадаў, што ў бліжэйшы час збіраецца накіраваць скаргу на тое, што выступ не пусцілі ў эфір. Сам выступ ён неўзабаве плануе выкласці ў інтэрнэт.

КА belsat.eu

Стужка навінаў