Выратаванне тапельцаў: дзяржаўная інфармацыйная палітыка паказала сваё бяссілле перад каронавірусам

Казахстан і Узбекістан абвясцілі пра закрыццё сваіх межаў: замежнікам забаронены ўезд, грамадзянам – выезд. Гэта дазваляе абмежаваць рызыку завозу інфекцыі звонку.

Сінгапурскія ўлады адсочваюць ланцужкі зносін кожнага хто заразіўся, прычым поўная інфармацыя аб кожным выпадку публікуецца практычна неадкладна. Так, не называюцца імёны, але выразна гаворыцца, хто трапіў у тую ці іншую групу рызыкі – аж да вернікаў канкрэтнай царквы і наведвальнікаў канкрэтнага рэстарана.

Большасць краін Еўрапейскага Звяза ўвялі каранцін на ўсёй тэрыторыі, аж да ўстанаўлення ўнутраных межаў у «шэнгенскай зоне», часова адмовіўшыся ад свабоды перамяшчэння. У многіх краінах часова зачыненыя месцы публічнага карыстання – музеі, тэатры, кінатэатры, рэстараны і кавярні, клубы і дыскатэкі.

Жанчына праходзіць тэмпературны кантроль на польска-нямецкай мяжы пасля таго, як польскі ўрад прыняў рашэнне закрыць свае межы для замежнікаў у якасці прафілактычнай меры супраць каронавірусу.
Фота: ANNEGRET HILSE / Reuters / Forum

Нарвегія і Венгрыя забаранілі лекарам пакідаць тэрыторыю сваіх краін. Можна сказаць, што такім чынам адбылася неабвешчаная мабілізацыя медыцынскага персаналу.

Кітай, дзе эпідэмія пачалася, максімальна лакалізаваў агмені заражэння, абвясціўшы строгае пакаранне за самавольнае пакіданне каранціну інфіцыраванымі і смяротнае пакаранне за непаведамленне аб заражэнні.

Міністэрства адукацыі Расейскай Федэрацыі рэкамендавала усім вышэйшым навучальным установам часова перайсці на дыстанцыйную форму навучання студэнтаў. Дзе-нідзе навуковыя канферэнцыі пераносяцца. У Літве бацькам школьнікаў, у сувязі з закрыццём школ да заканчэння эпідэміі, выплачваюцца бальнічныя.

Новости
Популярные телеграм-каналы призывают ввести в Беларуси карантин
2020.03.15 13:08

У ЗША аб’яўлена надзвычайнае становішча.

Праўда, муніцыпальныя выбары ў Францыі ня адмянілі. Як і перадвыбарчыя кокусы ў ЗША, і прэзідэнцкія выбары ў Польшчы. Але ў Ізраілі перанеслі суд па абвінавачванні прэм’ер-міністра ў карупцыі.

Вялікі футбаліст Раналду ў Партугаліі аддаў свае гатэлі пад бальніцы для заражаных і асоб, якія знаходзяцца ў каранціне.

Новости
В Беларуси карантина не будет. И вот почему
2020.03.15 11:49

Б…дзь, прэс-служба беларускага Міністэрства аховы здароўя тлумачыць, чаму не трэба паддавацца паніцы і што журналісты – панікёры, што бадзяюцца пры гэтым па дыпламатычных прыёмах! А колькі нашых суграмадзян у гэты час прыбылі з дзяржаў, што падвергліся эпідэміі і самаізаляваліся, мы даведаемся з інтэрнэту. І адтуль жа, дарэчы, даведаемся, што праверка на каронавірус ажыццяўляецца ў аэрапорце выбарачна – ну, як праверка на наяўнасць выбухоўкі ў заплечніках маладых людзей, якія ўваходзяць на станцыі менскага метрапалітэну.

Каля інтэрната №3 Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Фота: Mikhail Semyonov / TASS / Forum

На самым пачатку эпідэміі і журналісты, і блогеры – так, і я ў іх ліку таксама! – не шкадавалі кампліментаў гэтай самай прэс-службе, якая, як нам усім тады здавалася, пісьменна і спакойна даводзіць да насельніцтва інфармацыю пра эпідэмію. Так, каб як раз гэтай самай панікі пазбегнуць. Але вось зараз, параўноўваючы інфармацыйную ведамасную палітыку навакольных з нашай сінявокай радзімай дзяржаў з палітыкай у такой жа сферы ў нашай краіне, разумееш: хоць гвалт крычы! Не тое, каб тыгру ў заапарку мяса не дакладвалі, але нас тут за лохаў трымаюць. Казку пра міністра ўнутраных спраў, які пайшоў пасля нарады на двухтыднёвы каранцін, выдаюць за чыстую манету. Пры гэтым Юры Хаджымуратавіч Караеў – яшчэ адзін пацярпелы ад палітыкі інфармацыйнай бяспекі – ўмудрыўся выказаць надзею (!) на тое, што астатнія ўдзельнікі той злашчаснай нарады (!!) па добрай волі самі сышлі на каранцін (!!!). Міністр наогул-то зразумеў, што ён сказаў?

Я тут у мінулым годзе выдаў кнігу пра філамата Францішка Малеўскага, сябра Міцкевіча. Пакуль сядзеў у архівах – знайшоў выдатную справу. Малеўскі, які служыў у Другім Аддзяленні імператарскай канцылярыі (гэта нешта накшталт заканатворчага органа пры цары), пражываў на службовай кватэры ў флігелі таго ж будынка, дзе размяшчалася яго ведамства. Быў ён шматдзетным бацькам, і аднойчы яго сын Ян захварэў на шкарлятыну. Рэч, мацнейшая за каронавірус, як на тыя часы. Усё сямейства неадкладна было ізалявана, пра што паведамілі нават імператару. І толькі пасля таго, як лекар Маргуліс (не той, што з песні Высоцкага, але таксама вялікі спецыяліст: фактычна кіраўнік ведамаснай паліклінікі) даў заключэнне, што небяспека адступіла, каранцін знялі – папярэдне далажыўшы зноў-такі Мікалаю I.

Працаўніца швейнай фабрыкі «Славянка» у Бабруйску.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Спачатку я смяяўся. А потым прадставіў сабе, як лёгка і проста адно хворае дзіця магло падвергнуць небяспецы ўвесь апарат дзяржаўнага кіравання. Не вымыў яго тата рукі з мылам – прыйшоў на службу – падаў разам з паперкай галоўнаму кіраўніку аддзялення Дзмітрыю Блудаву адпаведную заразу – а той ўласнымі рукамі перавёз яе проста ў палац. Так што ўлада паводзіла сябе ў Пецярбургу тады зусім па-кітайску: сядзець стацкаму саветніку (генералу!) Малеўскаму з усім сямействам у каранціне аж да паступлення асобнага распараджэння.

Але там усе валодалі поўнай інфармацыяй. Якая і захавалася да нашых дзён – праўда, без слядоў заразы малога Малеўскага. А ў нас?

Няма слоў. Выратаванне тапельцаў у нас заўсёды было справай рук саміх тапельцаў і герояў адзіночак. Але не да такой жа ступені ?! «Масак хапае»… Ага. А апаратаў для вентылявання лёгкіх? З імі як? Ці нас пакладуць ў лядовыя палацы і прапануюць ўдыхаць водар штучнага лёду? Бо ўлада да гэтага рыхтавалася ўсе мінулыя гады, праўда?

Я не нервуюся. Але неяк крыўдна бачыць, як за некалькі дзён здзмулася рэпутацыя тых, каму ты, дзівак-чалавек, паверыў.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў