Выправілі ў ссылку, а ён адкрыў арыентальны свет. Лёс і прыгоды Восіпа Кавалеўскага, філамата з-пад Бераставіцы


Забайкалле, Бурація, Калмыкія, Манголія, Кітай і Тыбет. Сёння цяжка ўявіць сабе маштабы даследчых працаў у першай палове ХІХ ст., якія правёў падчас сваёй высылкі нарадзінец Беларусі, філамат і філарэт, сябра Адама Міцкевіча, вандроўнік і асветнік Восіп Кавалеўскі. У дзень нараджэння выбітнага мовазнаўцы, узгадваем пакручастыя сцежкі ягонага лёсу.

«З прычыны мнагажонства царская фамілія надзвычай павялічылася, так што многія прынцы крыві паступова ўжо зраўняліся з чэрню і нярэдка знаходзяцца ў ліку злачынцаў. Амаль кожны дзень у газетах згадваюцца розныя самыя жорсткія і нізкія злачынствы, якія здзяйсняюць прынцы крыві, якіх колькасць у самым Пекіне сягае да 20 і болей тысяч. (…) Атрымоўваючы значныя сумы на вяселле і пахаванні, яны квапяцца на жыццё сваіх жонак, каб атрымаць незаслужаныя шчодрасці. Па сіле закона муж мае права забіць злоўленага блудадзея ў сваім гарэме. Кітаец, зненавідзеўшы з якой-небудзь прычыны сваю жонку, стварае выпадак пранікнуць чужому чалавеку ў свой гарэм, а потым беспакарана забівае абодвух, каб звольніцца ад жонкі і атрымаць грашовае ўзнагароджанне ад скарбніцы і імя сваё праславіць у газетах. (…) Жаночы пол у Кітаі цалкам аддалены ад грамадства мужчын, асабліва чужых. Раўнівы кітаец скалечыў ногі жанчын. (маецца на ўвазе звычай бінтавання стоп кітаянак, якія на ўсё жыццё гублялі магчымасць нармальна хадзіць)», – такія радкі можна прачытаць у адным з запісаў дзённіка Восіпа Кавалеўскага ў 1830-м годзе, у часе яго працяглага падарожжа ў імперыю Цын цераз Манголію і пустэльню Гобі.

Партрэт Восіпа Кавалеўскага ў будынку бібліятэкі ў Вялікай Бераставіцы

Восіп Кавалеўскі з зайздроснай для даследчыкаў дасціпнасцю штодзень натаваў кожную дэталь, якую заўважаў у часе свайго чатырохгадовага далёкага шляху. За сваю крытыку маньчжурскіх чыноўнікаў, цынскіх уладаў, хабарніцтва, трымання народаў у страшнай бядоце і недобразычлівасць да ўсяго іншаземнага, апублікаваную ў «Расейскіх акадэмічных ведамасцях», цэлае выданне было канфіскаванае і забяспечанае перад распаўсюдам, каб, не дай Бог, яно не трапіла за мяжу суседняй імперыі.

У неабыякавага чытача адразу народзіцца пытанне: якім гэта чынам нарадзінец глухога беларускага мястэчка ў пачатку ХІХ ст, з уніяцкай сям’і, які па звычаі павінен быў таксама стаць святаром, трапляе за дзясяткі тысяч кіламетраў ад радзімы ў самае сэрца Маньчжурскай імперыі дый яшчэ мае не апошні ўплыў на палітыку паміж дзяржавамі? А здарылася гэта так.

9 студзеня 1801 г. у мястэчку Вялікая Бераставіца Гарадзенскай губерні ў сям’і беларускага ўніяцкага святара з’явіўся на свет хлопчык, якога хрысцілі імем Восіп. Род Кавалеўскіх быў дынастычным родам уніяцкіх святароў. Яшчэ прапрадзед Восіпа Геранім вёў службу ва ўніяцкай царкве ў в. Ляўкова. Бацька Міхаіл спачатку служыў у Алекшыцах, пасля чаго з сям’ёй перабраўся ў Вялікую Бераставіцу. Калі Восіпу споўнілася восем гадоў, бацька накіроўвае яго вучыцца ў Свіслацкую гімназію, дзе хлопчык праяўляе асаблівую руплівасць у вывучэнні грэцкай, лацінскай і польскай моваў. Зацікаўленне да антычнай гісторыі і класічнай літаратуры ўплываюць на далейшае паступленне юнака ў Віленскі ўніверсітэт на факультэт літаратуры і свабодных (вытанчаных) моваў.

Вольнадумная кампанія маладога Восіпа – Міцкевіч, Зан, Чачот, Дамейка

Пратакол публічнага паседжання гісторыка-філалагічнага факультэта пад старшынствам дэкана В.М. Кавалеўскага ад 24 верасня 1878 г.

Дух вольнадумства сярод віленскіх студэнтаў спрыяе заснаванню ўвосень 1817 г. таемнага патрыятычнага студэнцкага таварыства Філаматаў. Сярод свайго кола студэнты-рамантыкі цікавяцца арыентальнымі мовамі і культурай. Менавіта там Кавалеўскі пачынае ўпершыню вывучаць арабскую.

Аматары навук («філаматы» у перакладзе з грэцкай мовы), далі свету шэраг знакамітых постацяў у навуцы і мастацтве. Сярод іх: Ян Чачот – адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, Адам Міцкевіч – класік польскамоўнай літаратуры, Ігнат Дамейка – сусветна вядомы вучоны-геолаг, даследчык і нацыянальны герой Чылі, Тамаш Зан – літаратар, геолаг і даследнік прыродных багаццяў Уралу. Менавіта сярод гэтых таленавітых юнакоў, якія рабілі першыя крокі ў змаганні з імперскім цемрашальствам і чынапакланеннем, сталеў малады Восіп Кавалеўскі. Ці маглі тады ўявіць сабе вальнадумныя студэнты, што так далёка па розных кутках свету раскідае іх Расейская імперыя, наклаўшы таўро палітарыштантаў, ссыльных і эмігрантаў?

У ліпені 1820-га г. Кавалеўскі заканчвае курс ва ўніверсітэце, атрымаўшы ступень кандыдата філасофіі і накіроўваецца працаваць у Віленскую гімназію. Тут малады мовазнаўца вядзе заняткі з польскай, грэцкай і лацінскай мовы, адначасова займаючыся перакладамі «Гісторыі» Герадота, «Жуццяпісу» Плутарха, «Рымскай археалогіі» Дыянісія Гелікарнаскага і шасці кніг «Метамарфоз» Авідыя. Малады выпускнік і патрыёт наведвае таемныя сустрэчы новай арганізацыі «філарэтаў». У 1823-м годзе ўлады Расейскай імперыі распачалі найбуйнейшы ў тагачасным свеце студэнцкі палітычны працэс. Пад суд аддалі 108 удзельнікаў розных арганізацыяў, у тым ліку і філаматаў. Многія з іх увосень 1824-га году былі або прысуджаныя да турэмных тэрмінаў з наступнай высылкай, або сасланыя ў глыб Расеі.

Высылка ў Сібір

Нельга не прызнаць, што ўлады Расейскай імперыі вельмі практычна выкарыстоўвалі бурлівыя, але таленавітыя мазгі маладых патрыётаў былой Рэчы Паспалітай. Высылка для іх не азначала цяжкіх катаржных работ і турмы, а інтэлектуальную працу, якой так не хапала на далёкаўсходніх тэрыторыях імперыі.

Восіпа Кавалеўскага арыштавалі 23 кастрычніка 1823-га года за былую філамацкую дзейнасць, звольнілі з турмы і адправілі на высылку ў Казань. Яго далучылі да педагагічнага інстытуту з мэтай вывучэння ўсходніх моў. Ён пакінуў Вільню 25 снежня 1824 года, маючы права на падарожжа без суправаджэння канвою.

«Насалоджваўся відам Кітаю і Манголіі, якія знаходзяцца паміж сабой у абсалютнай супрацьлегласці. Там – вяршыні гор кранаюць аблокі, тут – неверагодная раўніна пад нагамі вандроўніка рассцілаецца. Там – мнагалюдства і цесната душаць сілу ўяўлення, тут – пустата неймаверная не мае межаў, там рух прамысловасці і гандаль здзіўляюць розум, тут – толькі месцамі статкі авечак, табуны коней, там – і рады быў бы схавацца ад натоўпу, тут – беспаспяхова шукаеш чалавека, з якім можна пагаварыць. Пасля смярдзючага і запыленага Пекіну паветра чыстае мангольскае надзвычай прыемнае. У першай мангольскай юрце, мангол, які ведае кітайскую і маньчжурскую, напаіў нас малаком», – урывак з дзённіка Восіпа Кавалеўскага (1830 г.)

 

Жыццё на мяжы вялікіх імперыяў

Фігурка ламы разам з фігуркай жанчыны ў нацыянальным уборы, перададзеныя ў музей Амбасадаю Манголіі

У 1825-1828 гг. Восіп Кавалеўскі распачынае вывучэнне татарскай, арабскай і персідскай моваў. Ён спрабуе скласці татарскі слоўнік і збірае матэрыялы пра гісторыю Казанскага ханства.

Халха Манголія, або Вялікі стэп даўно прыцягвала самую пільную ўвагу і расейскага Міністэрства замежных справаў, і Генеральнага штабу, і Святога Сінода Грэка-расейскай праваслаўнай царквы, і дзясяткаў тысячаў расейскіх гандляроў, золаташукальнікаў дый проста аматараў прыгодаў.

Манголія была своеасаблівым ключом да Цэнтральнай Азіі, адсюль адкрываўся шлях на Тыбет, адкуль высвятлася магчымасць уплываць на палітыку пекінскага імператарскага двара. У сувязі з падрыхтоўкай кафедры мангольскай славеснасці Кавалеўскага накіроўваюць у навуковую экспедыцыю ў Іркуцк тэрмінам на 4 гады дзеля вывучэння мангольскай мовы.

Кавалеўскі строга выконвае інструкцыі, складзеныя прафесарамі Казанскага ўніверсітэту. Ён павінен быў запісваць усё, што было заўважана цягам дня. Дакладна натаваць шлях і месца знаходжання. Быць ветлівым з мясцовымі жыхарамі. Уважліва паглыбляцца ў сутнасць мясцовай рэлігіі. Знаходзіць новыя веды пра нацыянальны характар, народныя паданні, перакананні пра пабудову свету. У дзённіку ёсць запісы пра палітычную і адміністратыўную пабудову Манголіі, якая ўваходзіла ў той час у Цынскую імперыю.

Публікацыя В. Кавалеўскага, прысвечаная кітайскаму календару

Дзённік Кавалеўскага напісаны вельмі даступнай і цікавай нават сучаснаму чытачу мовай. Многія апісаныя сітуацыі могуць стаць падмуркам выдатнай экранізацыі.

«Гора невінаватаму, які трапіў у які-небудзь суд у Кітаі. Жудасныя катаванні і галеча на яго чакаюць. Вялізныя калодкі насоўваюць на шыю, рукі і ногі падсуднага, падразаюць яму падэшвы ног, распаленым жалезам або гарачаю вадой выпрабоўваюць цярплівасць няшчаснага, пазбаўляюць яго сну і ежы, прыціскаюць палкаю, усунутай пад калені да ланцугоў жалезных, кінутых на падлогу, расцягваюць рукі і ўсё цела. Адсячэнне галавы лічыцца дабрадзействам для злачынцы», – з дзённіка В. Кавалеўскага.

На першых старонках дзённіка апісваецца незвычайная форма манаскага пустэльніцтва. Чальцы Місіі сустракаюцца з Ладонам Цэдэнам, адным з чатырох пустэльнікаў падобнага тыпу ў Манголіі. Ён чатыры гады жыве ў пячоры ўдалечыні ад людзей, корміцца з миласціны, займаецца чытаннем малітваў, не мае асабістай уласнасці, развівае дар прадказальніка, моліцца ночы напралёт, і шануе вышэй за ўсе цноты, служэнне Будду. Ён вядзе аскетычны лад жыцця і загартаваў сваё цела настолькі, што пры недахопе вады і ежы харчуецца пяском, травой і ўласнымі выпаражнямі.

У 1828-1833 гг. у часе вандроўкі па Іркуцку, Забайкаллю, Бураціі, Манголіі і Кітаі, Кавалеўскі вывучаў мангольскую мову і літаратуру, гісторыю і культуру манголамоўных народаў, перапісваў і перакладаў мангольскія тэксты, складаў граматыку і слоўнік мангольскай мовы, набываў мангольскія, кітайскія, тыбецкія рукапісы і ксілографы для бібліятэкі ўніверсітэту. Збіраў мангольскі і бурацкі фальклор, вандраваў па Забайкаллю, сустракаўся і знаёміўся з жыццём і побытам народаў Усходняй Азіі. У гэты перыяд ён таксама займаўся вывучэннем асноў кітайскай, тыбецкай, санскрыту і манчжурскай мовы. Ён адзін з першых даследчыкаў у Расейскай імперыі, які пачынае глыбока вывучаць буддызм і ламаізм.

Пасля вяртання ў Забайкалле пачынае асветніцкую дзейнасць сярод бурацкіх качэўнікаў. Кавалеўскі ініцыяваў стварэнне расейска-мангольскай вайсковай школы ў Троіцкасаўску. У 1836-м г. навуковец адыграў важную ролю ў з’яўленні ў класах Першай Казанскай гімназіі першых бурацкіх хлопчыкаў.

25 ліпеня заснаваная першая ў Расеі і Еўропе кафедра мангольскай мовы на чале з Кавалеўскім. Тры разы Кавалеўскі быў дэканам Казанскага ўніверсітэту, а ў 1854-1860 гг. выконваў функцыі рэктара. У 1846-м годзе ён атрымаў узнагароду Дзямідава – галоўную навуковую ўзнагароду Расеі.

Вяртанне на радзіму і канец жыцця

Ганаровы мужчынскі галаўны ўбор

У 1862-м годзе ён выпраўляецца ў Польшчу выкладаць сусветную гісторыю ў Царскім Варшаўскім універсітэце. Кавалеўскі не падтрымаў паўстанне 1863 г. Гэта прывяло да добрых стасункаў з расейскімі ўладамі, але і да непрыязных адносінаў з часткаю польскай інтэлігенцыі.

Ажаніўся Восіп Кавалеўскі ў Казані. Жонка яго была расейскага паходжання, праваслаўнага веравызнання. Меў двух сыноў. Вядомы трагічны лёс большасці навуковых збораў Восіпа Кавалеўскага, якія царскія жаўнеры спалілі ў часе студзеньскага паўстання ў 1863 г. З 14 дзённікаў яго падарожжа засталося толькі некалькі. Назаўсёды страчаныя такія фундаментальныя працы як «Гісторыя буддызма», «Гісторыя мангольскай літаратуры», «Падарожжа ў Манголію і Кітай».

Сёння яго іменем названы горны пік (3903 м над у.м.) у гарах Таван Богд у Манголіі, а таксама бібліятэка ў мястэчку яго нараджэння – Вялікай Бераставіцы. Пахаваны на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве.

Паўліна Валіш, фота – Васіль Малчанаў, belsat.eu

Стужка навінаў