Выбары 2019. Еўропа за тое, каб захаваць статус-кво ў Беларусі


Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі паводле закону маюць адбыцца не пазней за восень 2020 года. Але тады ж мінае і апошні тэрмін для правядзення выбараў парламенцкіх. А таму з Цэнтрвыбаркаму прагучала парада: адную з кампаніяў правесці раней, увосень 2019-га. Значыцца, наступныя выбары могуць адбыцца ўжо праз год. Ці рыхтуецца да іх галоўны кандыдат?

«Аляксандр Лукашэнка заўжды думае пра наступныя выбары. Ён працуе ў перманентным рэжыме. Мы гэта бачым па дзеяннях папулісцкага кшталту: вось узяў скасаваў забарону на начны продаж алкаголю. Гэта ўсё з думкай пра электарат», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Спрыяе ранейшаму правядзенню выбараў як факт стабілізацыі беларускае эканомікі, гэтак і даволі значны рост заробкаў апошнім часам. Лепш карыстацца сітуацыяй сёння, чымся чакаць, што там прынясе 2020-ты. Спрыяльная і сітуацыя ў адносінах з Захадам, які пасля падзеяў 2014-га года ва Украіне паставіў на Лукашэнку як гаранта стабільнасці ў Беларусі.

«Еўропа будзе за тое, каб захаваць статус-кво ў Беларусі, і перадусім будзе зацікаўленая ў тым, каб Лукашэнка застаўся прэзідэнтам на наступны тэрмін. Еўразвяз быў заангажаваны ў палітычную сітуацыю ў Беларусі толькі маргінальна і толькі падчас кампаніі 2006 года, калі было выразнае падтрыманне Аляксандра Мілінкевіча. У любыя іншыя перыяды гэтага заангажавання не было асабліва бачна», – заяўляе Павэл Казанэцкі з Усходнееўрапейскага дэмакратычнага цэнтру ў Варшаве.

Не праглядаецца і праблемаў у адносінах з Крамлём. У жніўні ды верасні Лукашэнка двойчы сустракаўся з Пуціным, пасля чаго ў назіральнікаў знікла ўражанне, што Маскву і Менск падзяляюць неразвязальныя гандлёвыя ці палітычныя канфлікты. Тым больш што наступная сустрэча палітыкаў адбудзецца ўжо праз тыдзень.

Аляксандр Лукашэнка сказаў 21 верасня 2018 г. у г. Сочы: «Я ўпэўнены, што да канца года ну практычна ўсе пытанні мы развяжам. Яны не такія цяжкія, хоць з фінансавага боку яны цяжкія, бо завязаныя буйныя фінансавыя плыні, тым не менш іх трэба вырашаць. Праблемаў асаблівых з рашэннем я не бачу».

Вонкавыя пагрозы для Лукашэнкі на сёння мінімальныя. А што адбываецца на ўнутрыпалітычным фронце? Пра жаданне вылучыць сваіх кандыдатаў на наступных выбарах выказаўся ўжо шэраг палітычных структураў. Ліберальна-дэмакратычная партыя і адзін з яе лідараў, Алег Гайдукевіч. Арганізацыя «Гавары праўду», ад якой могуць вылучыцца Андрэй Дзмітрыеў або Таццяна Караткевіч. Не застанецца звонку кампаніі і Партыя БНФ з імаверным кандыдатам Аляксеем Янукевічам. Магчыма, сваю кампанію захоча правесці дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад АГП Ганна Канапацкая. А вось самая Аб’яднаная грамадзянская партыя пойдзе на выбары разам з калегамі з правацэнтрысцкай кааліцыі – партыяй БХД і рухам «За Свабоду». Тут магчымыя некалькі кандыдатураў: Севярынец, Рымашэўскі, Губарэвіч. Як дагэтуль, ніхто з гэтага спісу пачатку перадвыбарчай кампаніі яшчэ не абвяшчаў. Прадстаўнікі апазіцыі, ужо традыцыйна, аддаюць ініцыятыву ў гэтым пытанні ўладам.

«На сёння правацэнтрысцкая кааліцыя знаходзіцца ў працэсе перамоваў, у працэсе падрыхтоўкі да кампаніі адзінага кандыдата. Мы вядзем працу над праграмай гэтага кандыдата. А таксама вядзем перамовы адносна вылучэння адзінае кандыдатуры. Рана называць канкрэтныя прозвішчы, але мы дакладна дамовімся пра механізм такога вылучэння», – распавядае старшыня руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Вядома, як і ў 2015 годзе, могуць быць і іншыя кандыдаты, пра якіх мы сёння нават і не чулі. Ёсць і тыя, хто ўдзельнічаць не зможа. Мікалай Статкевіч, адзін з лідараў «Маршаў недармаедаў», мае судзімасць, якая забараняе яму браць удзел у гонцы. Але і ў яго ёсць свой план.

«Ва ўмовах адсутнасці выбараў і рэальнага падліку галасоў, перамога дэмакратыі магчымая толькі праз Плошчу. Сабраць Плошчу, ціснуць на ўладу, можа, нават сядзець на гэтай плошчы месяц, дамагчыся вяртання закону і нармальнага падліку галасоў. Гэта задача максімум. І я гатовы падтрымаць кандыдата, які падпішацца пад гэтай задачай», – запэўнівае кандыдат на прэзідэнцтва на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.

Ва ўмовах, калі ўлады робяць высновы са сваіх памылак і хутка адкручваюць непапулярныя рашэнні, разлічваць на шырокае падтрыманне Плошчы не выпадае. Адчувальна, беларусы больш не адорваюць Лукашэнку тым даверам, што раней, але і не збіраюцца выносіць гэтага незадавальнення на вуліцы. Пры адной умове.

«Што будзе рэальным ворагам Лукашэнкі? Гэта адназначна эканоміка. Ён і сам прагаворвае гэтую фобію ў размовах з падначаленымі і кажа, што калі нам і варта нечага баяцца і трымцець, то гэта эканоміка. Сапраўды, бо ўсё астатняе – пад каўпаком», – лічыць Аляксандр Класкоўскі.

А таму вынік наступных выбараў лёгка прадказальны. Лукашэнка пераможа на іх, як і ўсе папярэднія 5 разоў. А вынік будзе залежаць не толькі ад здольнасці Лідзіі Ярмошынай намаляваць Лукашэнку «элегантную перамогу», але і ад крывой беларускае эканомікі.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Глядзіце таксама:

Hавiны
Лукашэнку ў Рызе некамфортна. Пра Беларусь і Расею – у каментарах Мацерэвіча, Кара-Мурзы і Караткевіч
2018.10.06 11:00
Стужка навінаў