Вяскоўцы дамагліся бясплатнага доступу да возера Выганашчанскае


Выганашчанскае возера – трэцяе па памеры на Палессі. Але вялізны вадаём, які знаходзіцца непадалёку ад Целяханаў, што ў Івацэвіцкім раёне, з 2010 году стаў недасяжным для наведнікаў. Кіраўніцтва лесапаляўнічай гаспадаркі (ЛПГ) «Выганаўскае» паставіла на пад’ездзе да возера шлагбаум і стала патрабаваць грошы за наведаванне возера пад нагодай «за экскурсію».

У 2010 годзе лесапаляўнічая гаспадарка была перададзена ў арэнду Нацыянальнаму парку «Белавежская пушча». З гэтага моманту кіраўніцтва гаспадаркі вырашыла абмежаваць доступ грамадзянаў краіны да возера. На дарозе, адразу ж за вёскай Выганашчы быў усталяваны шлагбаум. Тут ахоўнікі з усіх, без выключэння, пачалі збіраць грошы нібыта за экскурсію ў памеры 20 капеек за гадзіну з асобы і 50 капеек за паркоўку аўтамабіля.

Возера Выгашачанскае.
Фота: «Белсат»

Дырэктар ЛПГ Уладзімір Загароўскі тлумачыў гэты крок таксама і тым, што на мэце стаіць зберажэнне возера. Паводле яго словаў, рэкрэацыйны цяжар на ўнікальны прыродны вадаём вельмі вялікі і прыродная зона можа быць знішчаная.

Гатэль для паляўнічых на беразе возера.
Фота: «Белсат»

Але з гэтым не пагадзіліся як мясцовыя жыхары, гэтак і кіраўніцтва «Белавежскай пушчы». Паводле існага заканадаўства грамадзяне нашай краіны маюць права на карыстанне прыроднымі рэсурсамі. Абмежаванні кшталту на Выганашчанскім возеры не могуць быць. Але, нягледзячы на гэта, кіраўніцтва ЛПГ працягвала збіраць грошы за праезд да возера. Мясцовыя жыхары нават выклікалі міліцыянтаў на ахоўнікаў каля шлагбауму. Але праваахоўнікі толькі разводзілі рукамі.

Эколаг Аляксандр Іваноў.
Фота: «Белсат»

Мясцовы эколаг Аляксандр Іваноў сабраў подпісы грамадзянаў, якія не згодныя з ініцыятывай кіраўніцтва лесагаспадаркі, і звярнуліся з лістом у адміністрацыю кіраўніка краіны.

«Пасля разгляду нашага звароту прыйшоў адказ, што падчас разгляду звароту ў адпаведнасці з загадам генеральнага дырэктара «НП «Белавежская пушча»«экскурсійны збор» быў адменены. Праўда, я пакуль яшчэ не ездзіў да возера. Ды і ведаю, што шлагбаум застаўся на месцы. Але мне падаецца, што мы дабіліся праўды», – распавёў «Белсату» эколаг Аляксандр Іваноў.

Адказ на зварот жыхароў з адміністрацыі

Пры гэтым, адзначае Аляксандр Іваноў, застаюцца яшчэ шэраг спрэчных момантаў, якія датычацца палявання, рыбалоўства на тэрыторыі ЛПГ «Выганаўскае». Мясцовыя жыхары маюць намер далей дабівацца сваіх правоў.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў