Вяртанне Пазняка і парэшткаў Каліноўскага: а што зменіцца?

Нехта заўважыў, што як бы далёка ад нас у часе і прасторы не быў Зянон Станіслававіч, гэта апошні нацыянальны дзеяч, інтэрв’ю якога можна глядзець цэлых дзве гадзіны. Ну праўда, не будзеце ж Вы трываць дзве гадзіны Рымашэўскага, Караткевіч ці Дзмітрыева.

З іншага боку, гэтых двух гадзін цалкам дастаткова, каб на бліжэйшыя пару гадоў не чытаць і не глядзець Пазняка. Пакуль не забудзецца папярэдняе інтэрв’ю. Радыкальна новага Зянон не сказаў бадай анічога, бо гутарыў пра вечнае. Ці тое старое, што застыла ў часе і пераўтварылася для яго асабіста ў вечнасць, ледавік.

«Захад – гнілая цывілізацыя»

Калектыўны Захад для Пазняка – «гнілая цывілізацыя». Чаму? Дэвайсы, «гомасексуальная мафія ў Галівудзе», бокс і баі без правілаў, якія «трэба забараніць, бо спартовец атрымлівае сатрасенне мазгоў»… Разам з тым, гэта акурат тая цывілізацыя, у якой Зянон Станіслававіч жыве ўжо два дзясяткі гадоў. Жыве, бо там не Расея і не Беларусь. Жыве, бо там свабода.

Зразумець, што і дэвайсы, і Галівуд, і, даруй Божа, бокс – гэта таксама элементы свабоды, Пазняк не можа. Застаецца адно пераглядаць старыя добрыя фільмы з Галівуду 1950-х або перамотваць сваё ўласнае жыццё як той фільм, дзе на паўзу паставіць яшчэ можна, але перайграць усё наноў, перасняць з тымі ж акторамі – нерэальна.

«Нармальная краіна» – як гэта?

Калі ўвесь час глядзець у прорву, прорва будзе набліжацца. Калі ўвесь час казаць сабе і іншым пра «КДБ-ФСБ-Маскву-Лубянку», то гэтага ўсяго стае толькі болей. Як мінімум, у тваім асабістым жыцці. Адсюль і фобіі, датычна тых, хто застаўся ў Беларусі: «псеўдаапазіцыя», «агентура», «рука Масквы». Адсюль і прага нешта забараніць, выкрасліць, зрабіць «нармальную краіну».

А як гэта – «нармальна»? Ці не адэпты СССР казалі ў 1990-я фронтаўцам: «Гаварыце на нармальнам языке?» Нармальнасць жа ў кожнага свая. Калі ж яна стае агульнай для ўсіх, то занадта часта сканчаецца калючым дротам.

Зрэшты, чым скончылася б «нармальная дзяржава» Пазняка, ніхто з нас не даведаецца. І ўсе гэтыя канспіратыўныя онлайн-нарады раз на месяц з аднапартыйцамі, дзе лідару дакладаюць пра размовы ў тралейбусах, і планы рэформаў, і развагі наконт таго, якія помнікі ставіць у Менску – усяго толькі альтэрнатыўная рэальнасць. Фантастыка, вартая пяра Марціновіча.

Зянон Пазняк і Сяргей Навумчык. Фрагмент эфіру «Белсату»

Вяртанне Пазняка: канец казкі

Дыскусіі пра вяртанне Зянона не сціхаюць дзесяцігоддзямі. Сёння ўсё гэта нагадвае спрэчкі пра вяртанне парэшткаў Каліноўскага. І там, і тут схаваныя магічныя сэнсы. Вяртанне нейкага чалавека ці субстанцыі, маўляў, мае перавярнуць усё з ног на галаву, дапамагчы ў бітве з ворагам. Як мошчы святых, Грааль ці Кап’ё Лонгіна. Старадаўні міф, закладзены ў падсвядомасці кожнага з нас, які працуе незалежна ад таго, якім айфонам ці ноўтбукам мы карыстаемся.

Феномен Пазняка, адарванага ад жыцця немаладога чалавека, які наўрад ці калі вернецца ў Беларусь, але думка якога цікавіць немалую частку грамадства, гэта, насамрэч, пра ўсіх нас. Для адных – месія. Для іншых – начны кашмар. У кожным выпадку – гэта не абрэзаная пупавіна з рэаліямі 1990-х, сукупнасць старых сэнсаў, якія нікуды не зніклі, але наслаіліся на новыя.

Зянон Пазняк на мітынгу ў Беларусі

Мяркую, што Зянон Станіслававіч не вернецца ніколі. З ягоным вяртаннем скончылася б не «улада цемры і русіфікацыі», а казка пра ягоную вырашальную ў чым-кольвек ролю. Наўпрост нічога не адбылося б: транспарт надалей хадзіў бы па графіку, настаўнікі збіралі б подпісы за праўладных дэпутатаў пад выбары, айцішнікі з ноўтбукамі ў заплечніках зранку спускаліся б у метро.

Наўпрост, на адну чароўную казку ў Беларусі стала б меней. А мы ўсе, магчыма, крыху пасталелі б і паверылі, што адказ на кожнае пытанне ды адказнасць за краіну знаходзяцца тут, у кожным з нас, а не ў свеце міфаў і сімвалаў.

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў