Вярхоўны Суд пакінуў без зменаў два смяротныя выракі

Вярхоўны Cуд пакінуў без зменаў смяротны прысуд Аляксандру Жыльнікаву і Вячаславу Сухарко, якіх прызналі вінаватымі ў трох забойствах.

Учора Аляксандр Жыльнікаў хадайнічаў аб прызначэнні новай медыка-крыміналістычнай экспертызы, якая змагла б усталяваць дакладнае паходжанне плямаў крыві на яго вопратцы, што, на яго думку, магло б пацвердзіць яго недатычнасць да двух забойстваў. Аднак судовая калегія, у якой старшынёй быў суддзя Сяргей Гураў, не пабачыла падстаў для задавальнення хадайніцтва.

А пракурор Алег Буйленкоў выказаўся, што скаргі Жыльнікава і адвакатаў беспадстаўныя і не падлягаючыя задавальненню, паведамляе spring96.org.

Вячаслаў Сухарко свой прысуд абскарджваць не збіраўся, аднак яго адвакатка ўсё роўна павінна была звярнуцца ў апеляцыйную інстанцыю.

Нагадаем, у снежні 2015 г. у Менску ў сваёй кватэры на вуліцы Алібегава былі забітыя малады хлопец і яго дзяўчына. Як высветлілася, 27-гадовая Аліна Шульганава не змірылася з тым, што яе мужчына сышоў да іншай. Жанчына наняла чалавека для выкрадання суперніцы, аднак ажыццявіць гэты план не атрымалася. Тады яна звярнулася за дапамогай да Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухарко. Абмяркоўваліся розныя варыянты нанясення пашкоджанняў, у выніку чаго саперніца павінна была праходзіць лячэнне ў шпіталі. У гэты час сама Аліна Шульганава магла б наладзіць адносіны з былым хлопцам. Жанчына абяцала за гэта грашовую ўзнагароду. Але выканаўцы перастараліся – замест таго, каб збіць суперніцу, забілі і яе, і самога хлопца.

Адразу пасля затрымання стала вядома, што зламыснікі – Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарко – датычныя яшчэ і да забойства 59-гадовага жыхара Калодзішчаў, які здаваў пакой у сваёй хаце аднаму са злачынцаў.

У студзені 2018 года Аліну Шульганаву прысудзілі да 12 гадоў калоніі.

У перыяд з 2012-га да 2017-га года на расстрэл у Беларусі асудзілі 14 чалавек. Толькі летась было вынесена 5 смяротных прысудаў і яшчэ 3 чалавекі асуджаныя да пажыццёвага зняволення.

ІІ, belsat.eu

Hавiны