Вось што Лукашэнка хоча ад Еўразвязу


2018 год, які заканчваецца, цяжка назваць вызначальным у двухбаковых дачыненнях Беларусі і Захаду. Старыя праблемы і старыя крыўды ўсцяж стаяць на шляху да паляпшэння двухбаковай супрацы. Хоць на фоне млявай палітычнай супрацы эканамічныя паказнікі дэманструюць істотны рост. Больш эканомікі, менш палітыкі – ці не таго дамагаўся Аляксандр Лукашэнка ў дачыненнях з Еўразвязам?

Разгон і затрыманні на Дзень Волі ў сакавіку. Першыя месяцы гэтага года ўлады Беларусі прадэманстравалі паводзіны, якія на Захадзе традыцыйна выклікаюць абурэнне.

Але агулам, паводле экспертаў, гэты год у стасунках Беларусі ды Еўразвязу прайшоў без моцных узлётаў і падзенняў. Пасля істотнага пацяплення ў 2016 годзе бакі па-ранейшаму спрабуюць развязаць шэраг набалелых пытанняў.

«Гэта пытанне візавай лібералізацыі, якая была абяцаная як пункт парадку дня яшчэ ў 2013 годзе на саміце «Усходняга партнёрства», а другое пытанне – гэта падпісанне партнёрскіх прыярытэтаў. На жаль, да гэтага часу пытанні не развязаныя, і гэта моцна ўплывае на двухбаковыя стасункі», – адзначае дырэктар міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка.

Адной з прынцыповых праблемаў застаецца таксама смяротнае пакаранне. За гады незалежнасці ў Беларусі вынеслі больш за 300 смяротных прысудаў – два апошнія выканалі сёлета ў лістападзе. Нягледзячы на заклікі афіцыйнага Бруселю, улады ў Менску па-ранейшаму адмаўляюцца ўвесці мараторый.

«Хутчэй гэта разглядаецца як слабасць, як пэўнае паслабленне. І нават моцныя палітычныя, эканамічныя аргументы, якія стаяць за ідэяй замарожвання практыкі смяротнага пакарання ў Беларусі, не здольныя змяніць пазіцыю – я не ведаю каго, я думаю, найперш гэта пытанне да Адміністрацыі прэзідэнта», – кажа Вялічка.

Паводле заходніх экспертаў, гэта ледзь не адзінае прынцыповае пытанне, якое стаіць на шляху да паляпшэння стасункаў.

«Калі б Лукашэнка зрабіў гэткі крок у бок Еўразвязу, мяркую, гэта было прынята з вялікім задавальненнем, і можа б, спрычынілася да таго, што Еўразвяз пастанавіў бы шчыльней заняцца Беларуссю», – лічыць польская публіцыстка, аўтарка праграмы «Studio Wschód» Мар’я Пшэломец.

Калі казаць пра дачыненні з Варшавай – тут таксама без вялікіх зменаў. Адна з найбольш заўважных падзеяў – восеньскі візіт польскага міністра замежных справаў Яцэка Чапутовіча. Кіраўнік МЗС Польшчы між іншага казаў пра моцнае жаданне нармалізаваць дачыненні з Беларуссю.

«Яны былі менш інтэнсіўныя, чым у 2017 годзе, калі польскія ўлады меркавалі, што калі вельмі моцна наблізяцца да прэзідэнта Беларусі – а нагадаем, што былі візіты і польскага міністра замежных справаў, і польскага прэмʼера, – то гэта нейкім чынам дапаможа польска-беларускім дачыненням. Скончылася, як звычайна», – канстатуе Марʼя Пшэломец.

Скончылася тым, што ў жніўні палову першакласнікаў не прынялі ў польскую школу ў Ваўкавыску. Тым самым улады Беларусі зноў парушылі права польскай меншасці навучацца на роднай мове. Актуальным застаецца і пытанне Саюзу палякаў у Беларусі.

«Надалей гэты саюз у разуменні ўладаў Беларусі дзее нелегальна – і ўвесь час нейкім чынам пераследуецца. Я ўжо не кажу пра затрыманні, суды і штрафы для журналістаў «Белсату», – дадае Пшэломец.

Не найлепш цягам года выглядалі і адносіны на лініі Менск – Вільня. Асноўнай праблемай застаецца будаўніцтва Астравецкай АЭС, якую Літва афіцыйна называе пагрозай сваёй нацыянальнай бяспекі.

«Калі Лукашэнка спыніць Астравец – так, мы б зрабілі ўсё, каб Еўропа адчыніла дзверы для Беларусі», – запэўнівае дыпламат, дэпутат Сейму Літвы Жыгімантас Павілёніс.

Дэпутат называе атамную электрастанцыю, якая будуецца ля межаў з Літвою каменем спатыкнення, створаным Расеяй, бо АЭС будуецца расейскай кампаніяй і на расейскія крэдыты. Прычым Вільня не спыняецца на ўзроўні палітычных заяваў.

«У Літве гэта прынцыповае пытанне, з-за якога Літва таксама робіць такія крокі, як непадпісанне тых жа прынцыпаў партнёрства, якое б паглыбіла супрацу паміж Еўразвязам і Беларуссю», – тлумачыць Лаўрынас Ёнавічус з Інстытуту міжнародных дачыненняў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту.

Адносіны паміж Вільняй і Менскам эксперт характарызуе як крывадушныя, бо эканамічная супраца, у адрозненне ад палітычнай, вызначаецца пазітыўнай дынамікай.

«У нас самая вялікая мяжа. А з іншага боку, акрамя Расеі, у нас самыя кепскія палітычныя стасункі. Пры гэтым эканамічна мы вельмі звязаныя з Беларуссю – як і Беларусь вельмі моцна звязаная з Літвой», працягвае Ёнавічус.

Эканамічная супраца – пазітыўны момант не толькі ў дачыненнях з Літвою, але і абʼяднанай Еўропай увогуле. Паводле вынікаў першых васьмі месяцаў года, тавараабарачэнне Беларусі з краінамі Еўразвязу вырасла амаль на 30 %.

Ці не таго дамагаўся Аляксандр Лукашэнка, калі на Мюнхенскай канферэнцыі ў Менску ў лістападзе ён казаў пра эканоміку без палітыкі? Маючы на ўвазе, што такая схема ў дачыненнях з Захадам яго задавальняе найбольш.

«Сапраўды, такое ўражанне, што апошнім часам дынаміка еўрапейска-беларускіх стасункаў ідзе згодна з парадкам дня беларускага боку. Гэта значыць, тое, на што гатовы, чаго прагне беларускі бок – тое трапляе на парадак дня», – падкрэслівае дырэктар міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка.

Адна з галоўных прычынаў такой лагоднасці абʼяднанай Еўропы – нарастанне пагрозы з боку Расеі, якая працягвае правакаваць і ўмешвацца ў палітыку асобных краінаў Еўразвязу і НАТО. І гэты момант, бадай, найбольш вызначаў стасункі Беларусі і Захаду цягам гэтага года і кіраваў імі.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Стужка навінаў