У Лідзе прайшоў найбуйнейшы беларускі open-air.
«Зробім гучна!» – такім быў лозунг сёлетняга фестывалю. Гэтак ён і прагучаў – гучна па-беларуску. Чакалася, што фестываль наведае больш за 100 тысяч чалавек. На самой справе падалося, што ўдзельнікаў было яшчэ болей.
Летась «Лідскае» правяло рэбрэндынг: цяпер кампанія камунікуе са спажыўцамі па-беларуску. Ініцыятыву працягнуў і фестываль. Са сцэны няспынна гучала беларуская, для гасцей выпусцілі адмысловыя капелюшы з гумарыстычнымі беларускамоўнымі надпісамі.
Крамбамбуля на чале Лявонам Вольскім распачала канцэрт на галоўнай сцэне кампазіцыяй «Хочаш піва». Пасля яе гурт зайграў песню «То ня дудка».
Мы прысвячаем песню гуртам «з асабліва нізкім мастацкім узроўнем» – асабліва «Дзецюкам», – анансаваў яе Вольскі.
«Для чужых мы ўсе вар’яты, для сваіх усе браты» – паплыло са сцэны ў падтрыманне гарадзенцаў.
Згодна з вынікамі адборачнага інтэрнэт-галасавання, фолк-панк-гурт «Dzieciuki» прабіўся ў шэраг лідараў і мусіў тут выступаць, аднак пасля ўзгаднення песень арганізатары заявілі, што музыкі «несумленна накручвалі галасы».
Пасля выступіў расейскі гурт з Уфы «Lumen», які заклікаў да міру ва ўсім свеце.
А завяршаў фестываль «Океан Ельзи». Праз тэхнічныя праблемы слухачам давялося чакаць іхнага выхаду на сцэне каля 40 хвілінаў.
LIDBEER – самы маштабны беларускі фестываль еўрапейскага ўзроўню. Цяжка сказаць, людзей з усёй Беларусі і суседніх краін звабілі спісам удзельнікаў ці півам.
З сёлетніх плюсаў: большай частцы фуд-кортаў, у параўнанні з папярэднімі фестывалямі, удалося зменшыць чэргі.
І апошняе: «Дзецюкоў» варта было б перапрасіць і паклікаць выступаць налета.
Паўліна Валіш