Войска ЗША прыме на службу саранчу


Першыя казюлькі пачнуць дапамагаць вайскоўцам цягам двух гадоў.

Кіраўніцтва навукова-даследчых працаў ваенна-марскіх сілаў ЗША прызначыла Універсітэту Вашынгтона ў штаце Місуры грант на распрацоўку працэдуры мадыфікацыі саранчы. Мяркуецца, што навукоўцы змогуць навучыць казюлек папярэджваць пра пагрозу выбуху – у саранчы выключна моцна развітае пачуццё паху, што дазваляе ёй імгненна рэагаваць на з’яўленне ў атмасферы хімічных элементаў.

Саранча, як і чалавек, здольная вылучаць адзін канкрэтны пах з мноства – да прыкладу, пах падгарэлага хлеба ў пакоі з кветкамі.

Памер гранта, які навукоўцы атрымалі ад войска, складае $ 750 тысячаў. Мяркуецца, што за тры гады працаўнікі Універсітэту Вашынгтона змогуць распрацаваць хірургічную працэдуру: саранчы будуць ужыўляюць мініяцюрныя электроды, з дапамогай якіх казюлькі змогуць перадаваць інфармацыю, зафіксаваную іх органамі пачуццяў. Інфармацыя будзе запісвацца на электронны носьбіт або перадавацца аператару па бяздротавай сувязі.

Навукоўцы абяцаюць прадставіць чынны прататып прылады да канца 2016-га года. Першыя казюлькі, здольныя апавяшчаць пра пагрозу выбуху, павінныя з’явіцца ў войску цягам двух гадоў.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў