Расея захапіла тры ўкраінскія караблі


ВМС Украіны заяўляюць, што Расея абстраляла і захапіла два катэры і буксір. Ёсць параненыя.

Паводле аператыўнай інфармацыі камандавання ВМС Украіны, караблі расейскага флоту адкрылі агонь па малых браніраваных артылерыйскіх катэрах «Бердзянск» і «Нікапаль». Пасля гэтага катэры страцілі ход, а іх захапіў расейскі спецназ.

Паводле прэсавай службы ўкраінскага флоту, расейцы змусілі да прыпынку таксама рэйдавы буксір «Яны Капу».

Таксама ёсць інфармацыя аб двух параненых украінскіх ваенных мараках.

«Зброя ўжываецца на паражэнне», – гаворыцца ў паведамленні ВМС Украіны.

Да ўдару па ўкраінскіх караблям камандаванне ВМС Украіны паведаміла, што расейскія катэры пачалі пераслед украінскіх судоў і запатрабавалі спыніцца пад пагрозай прымянення зброі.

Сёння раніцай Федэральная служба бяспекі Расеі падала, што тры ўкраінскія караблі, якія ішлі з Адэсы ў Марыупаль, незаконна ўвайшлі ў тэрытарыяльныя воды Расеі.

Расея сцвярджае, што караблі не падавалі заяўкі на праход у праліве. Украіна кажа, што папярэджвала аб праходзе судоў, але не атрымала адказу.

Цяпер Керчанcкі праліў перакрыты расейскім сухагрузам.

«Разарваўшы Украіну на часткі, Парашэнка і ўся Майдан-гопкампанія, як цяпер гэта робіць Саакашвілі, потым будуць гастраляваць па свеце з лекцыямі пра карысць дэмакратыі. У Данбасе мір ужо ўсталявалі. Цяпер за Керчанскі праліў узяліся. Бандыты з вялікай дарогі. І метады бандыцкія: спачатку правакацыя, затым сілавы ціск, а потым абвінавачанне ў агрэсіі», – пракаментавала сітуацыю прэсавая сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава ў «Фэйсбуку».

ДД

Стужка навінаў