Віцябляне выступаюць супраць канцэртаў Віктара Каліны


Віцебскія грамадскія актывісты Таццяна Севярынец, Алена Шабуня і Ірына Захарава аднеслі заяву ў Віцебскую абласную пракуратуру з просьбай забараніць канцэрт Віктара Каліны ў абласной філармоніі.

У заяве гаворыцца, што Каліна (сапраўднае прозвішча – Мілько) вядомы сваімі адыёзнымі выступамі, каментарамі ў сацыяльных сетках у бок Беларусі, яе жыхароў. Спявак прапагандуе «рускі свет» і абразліва выказваецца пра магчымых гледачоў сваіх «канцэртаў», якія ў сваю чаргу ўтрымліваюць ненарматыўную лексіку і распальваюць нацыянальную варожасць.

«Такія канцэрты небяспечныя для псіхікі»

Актывісты выказваюць занепакоенасць, што такія гастралёры могуць прычыніць шкоду псіхічнаму здароўю наведвальнікам яго канцэртаў.

Каардынатар БХД па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец распавяла:

«У пракуратуры мы размаўлялі з дзяжурным пракурорам Ігарам Марозавым і перадалі яму разам з заявай скрыншоты выказванняў Каліны ў сацыяльных сетках, дзе ён распавядае пра свае візіты на Данбас як пра «дабрачыннасць«, зневажае прадстаўнікоў іншых нацый – чачэнцаў, цыганоў, беларусаў. Таксама звярнулі ўвагу пракурора на тое, што спявак дазваляе сабе нецэнзурныя выказванні, і гэта таксама аніяк не стасуецца з мэтай кожнага артыста несці культуру ў масы. Спадзяёмся, што канцэрты будуць забароненыя».

Ці будуць віцябляне галасаваць сваім рублём?

«Мы былі на прыёме ў дырэктара Віцебскай абласной філармоніі Алены Падаляк. Філармонія заключыла дамову з выступоўцам. Каб адмовіць – трэба важкія прычыны. Але дырэктар запэўніла, што яна будзе прысутнічаць на канцэрце і калі будуць якія выпады з боку Каліны, то ў той жа момант будзе спынены канцэрт. Напярэдадні філармонія запатрабавала ў яго дакладную праграму і ў ёй не было нічога кепскага». – распавяла аб сустрэчы з дырэктарам Алена Шабуня.

Актывістка адзначае:

«Ёсць спадзяванне, што віцябляне проста не пойдуць на яго канцэрт. Ніхто з маіх знаёмых ніколі не хадзіў на такога кшталту «культурныя» мерапрыемствы і не пойдзе. На сённяшні дзень квіткі набылі на канцэрт усяго некалькі чалавек».

Віктар Каліна абразіў у сацыяльных сетках асабіста Таццяну Севярынец пасля таго, як яна напісала, каб ён не ехаў у Віцебск, бо яго тут ніхто не чакае. У пракуратуры ёй параілі падаць заяву на абразніка ў міліцыю і прыцягнуць яго да адказнасці. Пакуль што яна не вырашыла будзе падаваць ці не.

Крысціна Авакумава, belsat.eu

Стужка навінаў