Віцебскіх настаўнікаў змушаюць скідвацца на «Славянскі базар»?


Belsat.eu атрымаў інфармацыю ад чытачоў, што ў адміністрацыі навучальных установаў гораду з аддзелу адукацыі паступіў загад выкупляць квіткі на імпрэзы фестывалю.

«Паступіў званок у адміністрацыі ўсіх школаў Віцебску з патрабаваннямі выкупіць квіткі на канцэрт маладых выканаўцаў «Славянскага базару – 2019». Прымушаюць калектыў выкупіць па 20 рублёў за штуку. Здаць грошы трэба абавязкова», – напісалі нам.

У прэс-службе «Славянскага базару» belsat.eu паведамілі, што не маюць паўнамоцтваў вымушаць кагосьці набываць квіткі.

«Лепш звяртайцеся ў гарвыканкам. Мы займаемся толькі інфармацыйнаю рассылкай і па ўстановах, рэкламаю».

Звязацца з начальнікам аддзелу адукацыі Віцебскага гарвыканкаму не ўдалося. Ігар Кіруценка не падняў слухаўкі.

Таксама ўдалося паразмаўляць з кіраўніцтвам некалькіх школаў.

«У нас для гэтага ёсць прафкамітэт ды іншыя крыніцы. Безнаяўны разлік праводзім толькі. Ну, адкуль у прафкамітэце грошы? Адлічэнні. Мы даём квіткі найлепшым, сярод педагогаў, навучэнцаў, нават бацькам. Ніхто ні з кога грошай не страсае», – паведаміў дырэктар школы № 11.

У школе № 4 былі больш лаканічныя і таксама зняпраўдзілі прымус у набыцці квіткоў.

У школе № 2 выкупілі 22 квіткі. Аднак гвалтам ці не, дырэктарка не ведае.

«Я толькі з адпачынку вярнулася. Ведаю, што куплялі квіткі, але гвалтоўна ці не, трэба спытаць. Раней іх з прафкамітэту неяк часткова аплочвалі».

Пра квіткі на «Славянскі базар» нам распавялі і ў школе № 22.

«Усё робім праз прафсаюзы. Хто заслужыў, таму і даём. Усё для людзей. Заахвочваем найлепшых, і каб парамі маглі ісці, побач сядзець».

«Славянскі базар» сёлета пройдзе з 9 да 17 ліпеня.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў