Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне былога міністра прамысловасці Вітала Воўка генеральным дырэктарам Менскага трактарнага заводу. «Не сумняваюся, ты ведаеш, што там трэба рабіць», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
«МТЗ, МАЗ, БелАЗ мы загубіць не можам. Гэта нашы стратэгічныя прадпрыемствы. Там дзясяткі тысяч людзей працуюць. Гэта наш гонар. Як без машынабудавання? Не можа эканоміка развівацца без трактара і аўтамабіля. Мы ўсё гэта ўмеем рабіць, гэта трэба захаваць», – падкрэсліў Лукашэнка Воўку.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, каб новы кіраўнік не разлічваў на бязмежнае дзяржаўнае падтрыманне.
«Трэба забыцца пра тое, што льготы нейкія, можна імі карыстацца. Ёсць куды ў дзяржаве марнаваць грошы. МТЗ грошы павінен зарабляць, – канстатаваў ён. – Задача толькі адна – эфектыўная, рэнтабельная праца. Усе. А далей рабі тое, што лічыш патрэбным. Ведаю, ты не горш за мяне разбіраешся і разумееш, як і што рабіць».
КА belsat.eu