Віталь Портнікаў: Як Масква спрабуе «беларусізаваць» Украіну

На нядаўняй сустрэчы прэм’ер-міністра Расеі Дзмітрыя Мядзведзева з кандыдатам на пасаду прэзідэнта Украіны, прадстаўніком «Апазіцыйнай платформы» Юрыем Бойкам і былым кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Віктарам Мядведчуком старшыня праўлення «Газпрома» Аляксей Мілер высунуў план, які можна з вядомай доляй умоўнасці назваць планам «беларусізацыі» Украіны. Мілер прапанаваў падоўжыць транзітны кантракт з Украінай, знізіць цану на газ у рамках прамых паставак мінімум на 25% і ўвайсці ў кансорцыум па кіраванні газатранспартнай сістэмай.

Што гэта значыць для Украіны і як звязана з Беларуссю – чытайце меркаванне ўкраінскага журналіста Віталя Портнікава.

Паміж «халявай» і незалежнасцю

Нешта падобнае ў свой час рабілася і з Беларуссю. Пасля серыі скандалаў, канфліктаў і нават прыпынення паставак расейскага газу ў Беларусь «Газпром» дамогся поўнага кантролю над газатранспартнай сістэмай гэтай краіны. І хоць значнасць беларускай і ўкраінскай ГТС цяжка параўноўваць, для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі свая труба – сапраўдная «дарога жыцця». Беларускі прэзідэнт спрабаваў адстаяць кантроль над газатранспартнай сістэмай столькі, колькі яму дазваляла сітуацыя. Але ў рэшце рэшт Лукашэнку далі зразумець, што захаванне гэтага кантролю несумяшчальна з працягам постсавецкай патэрналісцкай палітыкі, на якой, уласна, і грунтуецца ўстойлівасць яго рэжыму.

Выбар паміж «халявай» і незалежнасцю Аляксандр Лукашэнка звыкла зрабіў на карысць «халявы».

Тлумачэнне абставінаў, пры якіх Лукашэнка зрабіў свой выбар, дазваляе адказаць на пытанне, чаму Мілер зрабіў свае прапановы Кіеву менавіта цяпер. На першы погляд, сітуацыю ва Украіне і Беларусі наогул нельга параўноўваць. Беларусь на момант здачы «Газпрому» ўжо была прывілеяваным саюзнікам Расеі і гаворка ішла, хутчэй, аб узроўнях інтэграцыі.

Украіна – краіна, якая знаходзіцца з Расеяй у стане неаб’яўленай вайны, заканадаўча яна вызначыла Расею ў якасці дзяржавы-агрэсара. Аб якім «Газпроме» наогул можа ісці гаворка?

Але, з іншага боку, у выніку скарачэння транзіту па ўкраінскай ГТС – а гэта цалкам магчыма ў выпадку запуску «Паўночнага патоку-2» і «Турэцкай плыні» – Украіна панясе значныя фінансавыя страты.

Прэс-сакратар Пуціна пракаментаваў заяву польскага прэм’ера пра «Паўночную плынь – 2» і «паход» на Украіну

Ад цаны на газ залежыць, ці можна будзе знізіць кошт сыравіны для насельніцтва, большая частка якога незадаволеная павышэннем тарыфаў. А паніжэнне тарыфаў – верны шлях да сэрца выбаршчыка і пасля заканчэння прэзідэнцкіх выбараў, і падчас парламенцкай перадвыбарнай кампаніі. Між тым, заходнія крэдыторы патрабуюць ад украінскіх уладаў зусім іншых крокаў – рэформааў у энергетыцы, ураўноўвання тарыфаў для насельніцтва і прамысловасці (гэты працэс яшчэ не скончаны) і, між іншым, вяртання крэдытаў. Грошай на выкананне шматлікіх сацыяльных абяцанняў, якія даюць сваім суайчыннікам ўкраінскія палітыкі-папулісты, на Захадзе ніхто не дасць.

«Ашчадны» варыянт Мілера для папулістаў ва ўладзе

І тут на дапамогу прыходзіць дзяржава-агрэсар – які паварот! Вядома, і Крэмль не збіраецца проста так даваць грошы любому украінскаму ўраду – горкі вопыт датацый рэжыму Віктара Януковіча ўсё яшчэ не забыты. Аднак зніжэнне цаны на газ у абмен на кантроль над трубой – вельмі нядрэнны варыянт для любога, хто захоча кіраваць Украінай з дапамогай папулісцкіх інструментаў. Тым больш, што Мілер прапануе ўкраінцам «ашчадны» варыянт. Не поўную перадачу ГТС «Газпрому», а імітацыю кансорцыума. Гэта значыць спачатку можна будзе правесці якія-небудзь трохбаковыя перамовы, уключыць у склад сузаснавальнікаў кансорцыума еўрапейцаў, гатовых гуляць дэкаратыўную ролю дзеля ўласнай энергетычнай бяспекі і даць магчымасць ўкраінскаму прэзідэнту або прэм’еру, якія пагадзіліся з прапановай «Газпрома», магчымасць захаваць твар нават перад патрыятычнай часткай грамадства. Таму што ну нельга ж наогул не ўключаць у склад кансорцыума расейцаў, якія пастаўляюць нам газ! Танны, між іншым, газ!

Суверэнітэт ці газ?

Пра палітычныя саступкі ў гэты момант ўкраінскае кіраўніцтва можна нават і не прасіць. Крэмль прывык мець зносіны са спажыўцамі свайго газу, як з наркаманамі – спачатку падсадзіць на трубу, а ўжо потым, калі залежнасць становіцца крытычнай, патрабаваць саступак за кожную новую дозу. Калі ад заніжанай цаны на газ будзе залежаць само выжыванне папулісцкага рэжыму ў Кіеве, яго прымусяць цалкам інакш паглядзець і на Крым, і на Данбас, і на санкцыі супраць Расеі. Дзявацца такой уладзе папросту ўжо не будзе куды.

Іншае пытанне, што выбар заўсёды ёсць у грамадства. Людзей, якія ўпэўненыя, што незалежнасць ад Расеі важнейшая за газавыя цэны, ва Украіне па-ранейшаму шмат. Крытычна шмат. І менавіта таму ператварыць Украіну ў Беларусь не ўдавалася дагэтуль – і, хутчэй за ўсё, не атрымаецца ў будучыні. Справа можа зноў скончыцца крахам рэжыму, які паспрабуе прамяняць суверэнітэт на газ.

Але ў Маскве будуць вельмі старацца.

Віталь Портнікаў/АА, для Belsat.eu

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі

Hавiны