Вікторыя Пальчыс: «Па лістах адчуваецца, што Эдуард стаў больш цвёрдым»


Жонка аўтара сайта 1863x.com распавядае belsat.eu пра перапіску з мужам.

Эдуард цяпер знаходзіцца ў СІЗА №1, што па вуліцы Валадарскага ў Менску. Апошні ліст ад яго Вікторыя атрымала за пару дзён да пачатку суда. «Бываюць больш доўгія лісты – тады ён піша пра асабістае. Пра ўмовы ўтрымання, пра іншыя «тэхнічныя» рэчы яму пісаць забаронена», – гаворыць жонка палітвязня.

Па сціслых нататках Эдуарда з турмы Вікторыя зразумела, што ў камеры вельмі шамт людзей. Эдуард не паліць, аднак калі перадаваў сям’і непатрэбныя рэчы, то вопратка, нават напранутая, наскрозь пахла тытунем.

«Ён піша, што канфліктаў з сукамернікамі ў яго няма і што побач сядзяць «інтэлігентныя людзі», – распавядае Вікторыя Пальчыс.

У суботу, 15 кастрычніка, бацькі адправілі яму перадачу. У СІЗА раз на месяц дазволена 30 кілаграмаў, а ў калоніі, дзе ўжо ўтрымліваюцца асуджаныя, такая ж вага прымаецца раз у тры месяцы. Эдуард папярэдзіў сям’ю, каб у выпадку абвінаваўчага прысуду яны паспелі перадаць перадачу яшчэ на «Валадарку». Вікторыя з бацькамі сабрала ўсё, што можна мець вязню: нарды, шашкі, гістарычныя энцыклапедыі і мастацкую літаратуру. Вялікая торба пакуль што знаходзіцца ўдома ў Пальчысаў.

«Па агульным тоне лістоў я адчуваю: муж стаў больш цвёрдым. Ён піша, што «ўсё рабіў правільна» і радуецца, што сайт зрабіў у самы патрэбны момант, калі над Беларуссю з’явілася небяспека», – дзеліцца Вікторыя.

17 кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе аднавіўся закрыты працэс над стваральнікам сайта 1863x.com. Падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў крымінальнай справы ўзялі з жонкі Пальчыса і з адвакаткі Ганны Бахціной.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў