Віктар Маргелаў: Прадпрымальнікі расчароўваюцца ў прававых метадах і ідуць на хабар, за што трапляюць за краты

Следчы камітэт у справе затрымання Аркадзя Ізраілевіча адмаўляецца ад каментароў. Бізнес супольнасць лічыць, што ў краіне сітуацыя з хабарніцтвам з боку прадпрымальнікаў, мусіць вырашацца праз змены заканадаўства.

Следчы камітэт надалей не пацвярджае інфармацыі пра затрыманне ці выстаўленне абвінавачвання ў дачыненні да Аркадзя Ізраілевіча

«Цяпер, менавіта ў гэты момант у СК няма дадатковых каментароў у гэтай справе. Калі ж нешта з’явіцца, то інфармацыя будзе размешчана на нашых афіцыйных рэсурсах», – паведамілі «Белсату» ў СК.

Чаму прадпрымальнікі апынаюцца за кратамі

Буйныя прадпрымальнікі досыць часта трапляюць за краты. Абвінавачванні, паводле якіх сілавікі затрымліваюць бізнесоўцаў – ухіленне ад падаткаў, але яшчэ часцей – менавіта хабарніцтва. Бізнес супольнасць мяркуе, што ў гэтым вінавата найперш дзяржава, паколькі заканадаўства недапрацаванае і абароны правоў прадпрымальнікаў проста не існуе, лічыць Віктар Маргелаў, першы віцэ-старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў.

«Нам не вядомыя дакладныя акалічнасці затрымання, а таксама і абвінавачванняў у дачыненні да Ізраілевіча. Нібы паведамляецца, што затрыманы, нібы за хабар, але што, як і пры якіх акалічнасцях – невядома. Калі казаць па агульную сітуацыю, то сапраўды, на хабарніцтва прадпрымальнікаў сёння штурхае невыкананне дамоўленасцяў многімі партнёрамі. Асабліва гэта тычыцца буйных кампаніяў, а яшчэ больш дзяржаўныя фірмы. Напрыклад, прыгадаю справу затрыманага Аляксандра Кныровіча, які свае ж грошы справаў атрымаць ад дзяржаўнай кампаніі. Я так разумею, што ён расчараваўся ў прававых метадах і пайшоў на хабар, за што і быў злоўлены», – лічыць Віктар Маргелаў.

Затрыманы раней прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч

Бізнес клімат паляпшаецца, але пытанняў застаецца шмат

Агулам праблема разумецца і дзяржавай. Але да вырашэння праблемы далёка, хоць шмат пазітыўных крокаў для вядзення бізнесу зроблена, лічыць аналітык businessforecast.by Аляксандр Муха.

«Літаральна напярэдадні з’явіўся рэйтынг Сусветнага банку Doing Business. Беларусь заняла ў ім 37 месца. Гэта вельмі добры паказнік. Заўважны прагрэс у рэйтынгу. Але ў любым выпадку ёсць што ўдасканальваць, есць куды расці. Месца для таго, каб быў зроблены крок наперад заўсёды есць. Варта дадаць, што мы маем і рэкордныя паказнікі замежных інвестыцыяў. І тут важна, не спыняцца на дасягнутым», – кажа Аляксандр Муха.

Калі ж прадпрымальнікам стане працаваць прасцей

Бізнес супольнасць каторы час вядзе перамовы з чыноўнікамі ў справе зменаў заканадаўства. Досыць часта, апошнім часам, урад ідзе насустрач прадпрымальнікам. У апошнія гады распрацоўваецца шмат заканадаўства, дарожных мапаў па развіцці прадпрымальніцтва. Але, паводле словаў Віктара Маргелава, першага віцэ-старшыні Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў, неабходна, каб у самы блізкі час была ліквідавана першапрычына хабарніцтва з боку прадпрымальнікаў.

«Неабходна наладжваць плацёжную дысцыпліну. Хто не можа плаціць – павінен праходзіць працэдуру банкруцтва. Трэба каб усе разумелі сітуацыю, пры якой юрыдычная асоба не мае сродкаў і не можа болей аплочваць па рахунках. Менавіта гэта і вырашыць праблему арыштаў прадпрымальнікаў. Наколькі я ведаю, кіраўніцтва краіны ведае пра праблему. Некаторыя меры прымаюцца, але збольшага гэта пакуль што планы на будучыню. На сённяшні дзень канкрэтных рашэнняў яшчэ не прынята», – кажа Віктар Маргелаў.

Чым займаецца Ізраілевіч

Выданне «Ежедневнік» уключыла Ізраілевіча на 98-е месца ў рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў краіны. Ізраілевіч займаецца інвестыцыямі ў нерухомасць – Вікторыя Плаза, Парк Плаза, жылыя дамы, Парк Авеню на беразе Свіслачы, праект бізнес-цэнтру на Заслаўскай. Займаецца ён таксама і арэндай нерухомасці, належыць яму МІГінвест. Акрамя таго, ён мае інтарэсы ў гандлі нафтапрадуктамі, а таксама датычны да асфальтабетоннага заводу ў сталіцы.

Аркадзь Ізраілевіч – у цэнтры. Фота з «Фэйсбуку»

Летась бізнесоўца трапіў у поле ўвагі СМІ і грамадскасці ў сувязі з невяртаннем грошай за пастаўлены мазут.

Прадпрымальнік захапляецца баявым мастацтвамі (каратэ, джыу-джытсу).

Сёлета стаў вядомы праз шэраг скандалаў, звязаных са збіццём актывістаў у Курапатах каля рэстарацыі «Паедзем паядзім». Трапіў у скандал, звязаны з вядоўцам Юрыем Таболіным, паколькі прыпаркаваў свой дарагі «Бэнтлі» на месцы для інвалідаў. У выніку Таболін, які меў права стаяць на гэтым месцы, падпёр машыну Ізраілевіча.

Пазней Таболін паведаміў, што яму пазванілі і патрабавалі прыбраць машыну, а то не будзе чаго прыбіраць, а потым яшчэ і аблаялі. Потым, каб залагодзіць канфлікт, Ізраілевіч прапаноўваў Таболіну прыехаць да яго на офіс і ўзяць грошы, але той адмовіў.

СК, belsat.eu

Hавiны