Віктар Лукашэнка разам з сынам генпракурора Расеі адкрыў мотасезон у Менску 


У Менску адбылося адкрыццё байкерскага сезону H.O.G. Spring Challenge 2018, у якім прыняў удзел Віктар Лукашэнка з сям’ёй, міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч і начальнік рэспубліканскай ДАІ Дзмітрый Карзюк.

У 12.00. ля «Кургана славы» матацыклісты пашыхтаваліся калонаю і ў суправаджэнні машынаў ДАІ па праспектах Незалежнасці і Пераможцаў паехалі да Дому футболу на праспекце Пераможцаў.

Ігар Шуневіч распавёў журналістам, што сам на матацыклах ездзіць рэдка. «Па-першае, байка свайго не маю, а па-другое – часу на гэта асабліва няма. Усе надзеі на пенсію», – цытуе міністра БелТА.

Ігар Шуневіч. Фота – TUT.by

Сярод спонсараў байкерскага фестывалю фігуруюць расейская «Першая нярудныя кампанія», Pomegranate Wellness Spa Hotel і Potidea Palace Hotel – усе гэтыя актывы належыць сыну генпракурора Расеі Арцёму Чайку. Ён і яго брат Ігар сталі шырока вядомыя пасля фільма Фонду барацьбы з карупцыяй (заснаванага Аляксеем Навальным) «Чайка», у якім сцвярджалася, у прыватнасці, што ён можа мець дачыненне да рэйдарскага захопу бізнесу і карупцыйных схемаў. У снежні 2017 года супраць Арцёма Чайкі ЗША ўвялі санкцыі.

Таксама Арцём Чайка ўзначальвае байкерскі клуб H.O.G. Iron Birds, які штогод удзельнічае ў з 2014 году ў байкерскіх фестывалях у Менску.

Вядома, што Арцём Чайка падтрымлівае сяброўскія адносіны з Віктарам Лукашэнкам, які таксама захапляецца матацыкламі – сёлета Лукашэнка і Чайка ў чарговы раз разам трапілі ў абʼектывы фота- і відэакамераў.

Віктар Лукашэнка, Арцём Чайка і Ігар Шуневіч. Скрыншот з відэа БелТА

ІІ, belsat.eu. Фота – TUT.by

Стужка навінаў