Віктар Бабарыка заявіў, што ў Беларусі няма перадумоў для Майдану


Экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку», патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка распавёў у інтэрвʼю расейскаму выданню «Коммерсантъ» пра сваю стаўленне да інтэграцыі і вайсковых блокаў.

Каментуючы словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён «майданаў у Беларусі не будзе», Віктар Бабарыка адзначыў:

«Мы таксама перакананыя ў тым, што Майдану не будзе. Чаму? Таму што разлічваем атрымаць электаральную большасць, а электаральнай большасці практычна немагчыма супраціўляцца. Калі пратэстнае галасаванне супраць улады больш за 50% відавочна, што нават Майдану не трэба. Іншая справа, калі будзе 30-40% у аднаго боку, і ў другога – вось гэта ўжо блізка да нейкага Майдану. Пакуль мы бачым тое, што няма перадумоў для вялікага Майдана. Улада сама правакуе нейкія дзеянні. Можа, ёй самой хочацца, каб прадвесце Майдана было вось ужо прама цяпер», – заявіў ён.

Кажучы аб інтэграцыі з Расеяй, Бабарыка адзначыў, што «любая інтэграцыя не павінна закранаць суверэнітэт краінаў, а калі ён будзе закрануты, то ў роўнай ступені для ўсіх удзельнікаў». Акрамя таго, інтэграцыя павінна быць эканамічна мэтазгодная.

«Відавочна, што Расея – шматвяковы партнёр, а эканоміка не аўтамабіль, які можна разгарнуць на хаду міліцэйскім разваротам і паехаць у адваротны бок. Так не бывае. Безумоўна, трэба выбудоўваць, напэўна карэктаваць стасункі, калі яны эканамічна для Беларусі нявыгадныя і ставяць Беларусь у залежнасць. У партнёрстве не павінна быць залежнасці. Вось асноўны пасыл любой інтэграцыі», – адзначыў ён.

Бабарыка выказаўся наконт уваходжання Беларусі ў вайсковыя блокі: «Беларусь уваходзіць у АДКБ, і зразумела, што існуе куча міжнародных пагадненняў, з якіх у адзін дзень не выйдзеш. Мая пазіцыя ў дачыненні да Беларусі: можа, не ўдасца гэта зрабіць пасля перамогі на працягу аднаго або двух тэрмінаў, але я б вельмі хацеў бачыць Беларусь нейтральнай краінай».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў