Віктар Бабарыка шакаваны адмовай бібліятэк ад бясплатных зборнікаў Алексіевіч


Кіраўнік «Белгазпрамбанку» быў шакаваны, калі даведаўся, што бібліятэкі трох абласцей краіны адмовіліся прыняць у падарунак кнігі Святланы Алексіевіч.

Выданне «Галасы ўтопіі» на беларускай мове – самы паспяховы праект у гісторыі краўдфандынгу ў Беларусі, піша выданне gazetabay.org. Падчас кампаніі было сабрана 110 тысяч долараў у эквіваленце. «Белгазпрамбанк» замовіў 15 000 асобнікаў кніг Святланы Алексіевіч для бясплатнай перадачы ў абласныя і раённыя бібліятэкі па ўсёй краіне.

Першымі атрымалі падарункі бібліятэкі Віцебску і Віцебскай вобласці, а таксама Менску і Менскай вобласці. У Берасці паведамілі, што ў кнігах Алексіевіч не маюць патрэбы. «Салідарнасць» датэлефанавалася да кіраўніцтвам бібліятэкаў і задала простае пытанне: чаму яны адмаўляюцца ад кніг нобэлеўскага лаўрэата.

Адказы здзівілі. Некаторыя кіраўнікі спасылаліся на тое, што не прымаюць такія рашэнні самастойна, і ўказвалі на вышэйшае начальства – ідэолагаў. Тыя, у сваю чаргу, не змаглі даць выразны адказ, паколькі «не даюць каментары па тэлефоне» або не валодаюць сітуацыяй.

Кіраўнік «Белгазпрамбанку» да гэтага часу не каментаваў вынікі кампаніі #NobelNaMove. 20-га снежня падчас прэс-канферэнцыі на пляцоўцы ulej.by Віктар Бабарыка прызнаўся, што быў шакаваны, калі даведаўся, што бібліятэкам трох абласцей краіны (Гарадзенскай, Берасцейскай і Магілёўскай), кнігі Святланы Алексіевіч не патрэбныя, таму што ў іх іх дастаткова.

«Мы даведаліся, што нуль для беларускіх чыноўнікаў – гэта дастаткова. Я ніколі не думаў, што падарунак можа быць не патрэбны. Хоць бы з ветлівасці людзі звычайна бяруць і недзе хаваюць надоўга», – распавёў Віктар Бабарыка.

Старшыня праўлення «Белгазпрамбанку» падкрэсліў, што гэта было першае падобнае выданне нобэлеўскага лаўрэата – пяць тамоў на беларускай мове.

«Мы былі рэальна ў шоку. Я і мае калегі ў банку моцна разгубіліся, атрымаўшы адмову. – Чаму не трэба – задаваць пытанні няма каму і няправільна», – лічыць Віктар Бабарыка.

Паводле яго, «Белгазпрамбанк» успрыняў гэтую сітуацыю як выклік. У выніку было прынята рашэнне праверыць, можа быць, у Беларусі ёсць людзі, якім нічога не трэба. У адказ банк запусціў краўдкампанію па распаўсюду кніг сярод бібліятэк трох абласцей, «кіраўніцтва якіх лічыць, што нуль – гэта дастаткова».

«На сайце lib.artbelarus.by любы прадстаўнік бібліятэкі гэтых абласцей можа замовіць тую колькасць асобнікаў, якую ён лічыць неабходнай для сваёй бібліятэкі. Чытачы гэтых бібліятэк таксама могуць прапанаваць зрабіць замову іх супрацоўнікам», – распавёў Віктар Бабарыка.

На думку банкіра, гэтая кампанія пакажа, ці патрэбныя людзям кнігі Алексіевіч. Магчыма, лічыць ён, мы ўбачым тое, што часта назіраем: разрыў паміж жаданнем людзей і разуменнем гэтых жаданняў уладай, якая чамусьці лічыць, што не патрэбныя бібліятэкам Беларусі кнігі нобэлеўскага лаўрэата, выдадзеныя на роднай мове.

«У нас засталося крыху больш за 600 камплектаў. Атрымаецца – добра. Не атрымаецца – у любым выпадку мы знойдзем ім прымяненне», – дадаў банкір, удакладняючы, што замовіць кнігі могуць толькі супрацоўнікі бібліятэк.

Hавiны
«Свабоду нельга завесці як швейцарскі шакалад». Святлана Алексіевіч выступіла ў Еўрапарламенце
2017.06.28 10:42

СК, belsat.eu

Стужка навінаў