Віктар Бабарыка пра словы Лукашэнкі: «Нельга расстрэльваць уласны народ»


Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка сустрэўся з чальцамі сваёй ініцыятыўнай групы ў Берасці і пракаментаваў нядаўнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра расстрэлы.

Нагадаем, 4 чэрвеня, каментуючы выбарчую кампанію ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «краіну яны (альтэрнатыўныя кандыдаты – заўв. belsat.eu) не атрымаюць». «Ніхто не ведае, як мой сябар Рахмон з кулямётам наперавес хадзіў у сталіцу Таджыкістана Душанбэ, каб навесці парадак, колькі загінула там людзей, як з барадачамі змагаліся. Забыліся, як былы прэзідэнт Карымаў у Андыжане здушыў путч, расстраляўшы тысячы чалавек. Усе асуджалі яго, а калі памёр – на каленях стаялі, галасілі-плакалі. Мы гэтага не перажылі, таму мы гэтага разумець не хочам – некаторыя. Ну дык мы нагадаем», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Віктар Бабарыка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Віктар Бабарыка падчас сустрэчы з чальцамі сваёй ініцыятыўнай групы ў Берасці пракаментаваў гэтыя выказванні, хаця прозвішча кіраўніка дзяржавы пры гэтым не назваў.

«Мала таго, што беларусам звычайна адмаўлялі ва ўласнай думцы, і палітолагі пастаянна казалі, што беларусы выбар ніколі не рабілі, а Крэмль ці Захад. Але апошнім часам мы, чуем ад людзей, якія па ідэі нанятыя беларускім народам на пасады кіраваць краінай, выказваюцца пра гэтую краіну неверагодна негатыўна. «Мы зрабілі гэту краіну», кажуць яны. «Мы нікому яе не аддамо». «Мы, калі трэба, будзем знішчаць беларускі народ». Гэта насамрэч страшна», – падкрэсліў Бабарыка.

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты адзначыў, што раней ніколі б не паверыў, што нехта такое можа сказаць.

«Гэта верх непрыстойнасці, калі гэта кажуць людзі і будуць аддаваць загады другім. Паняцце злачыннага загаду… Нельга страляць у бяззбройных людзей, нельга расстрэльваць уласны народ. Калі чалавек кажа, што «мы аддамо загад», то, калі ты такі смелы, то зрабі сам. І не рабі з людзей злачынцаў. Я абсалютна ўпэўнены, ніхто з разумных людзей – ні ў арміі, ні ў нейкіх сілавых структурах – не возьме на сябе кроў свайго народа», – падкрэсліў Бабарыка.

Hавiны
Лукашэнка апанентам: краіну яны не атрымаюць
2020.06.04 16:38

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў